Псалмы 107

1

Песьня. Псальма Давідава.

2

Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё; буду пяяць і апяваць у славе маёй.

3

Паўстань, псалтыр і арфа! Я ўстану рана.

4

Славіць буду Цябе, Госпадзе, сярод народаў; славіць буду Цябе, сярод плямёнаў,

5

бо вышэй за нябёсы ласка Твая і ў пазахмар’і праўда Твая.

6

Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа; і над усёю зямлёю будзе слава Твая,

7

каб вызваліліся аблюбенцы Твае: уратуй правіцай Тваёю, і пачуй мяне.

8

Бог сказаў у сьвятыні Сваёй: няхай разьвесялюся — падзялю Я Сіхем, і даліну Сукот абмераю.

9

Мой Галаад, Мой Манасія, Яфрэм крэпасьць Маёй галавы, Юда скіпетр Мой,

10

Мааў умывальная шаля Мая, на Эдом абуткам кіну Маім, над зямлёю Філістымскаю клікаць буду.

11

Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто давядзе мяне да Эдома?

12

Ці ня Ты, Божа, Які нас адкінуў, і ня выходзіш, Божа, з войскам нашым?

13

Падай дапамогу нам ва ўціску, бо абарона людзкая — марнота.

14

З Богам мы выявім сілу; Ён скіне ворагаў нашых.