Псалмы 101

1

Малітва спрагненага, калі ён смуткуе і вылівае прад Госпадам скруху сваю.

2

Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе.

3

Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у дзень смутку майго прыхілі да мяне вуха Тваё; у дзень, калі паклічу Цябе, адразу пачуй мяне.

4

Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае абпаленыя, як галавешка;

5

сэрца маё ўражанае, і высахла, як трава, аж я забываюся есьці мой хлеб;

6

ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй.

7

Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах;

8

ня сплю і сяджу, як адзінокая птушка на даху.

9

Кожны дзень клянуць мяне ворагі мае, і неабольнікі мае ганяць мяне.

10

Я попел ем замест хлеба, і пітво маё разбаўляю сьлязьмі,

11

ад гневу Твайго і абурэньня Твайго; бо Ты ўзвысіў мяне і скінуў мяне.

12

Дні мае быццам цень, які ўхіляецца; і я высах, быццам трава.

13

Ты ж, Госпадзе, вечна жывеш, і памяць пра Цябе з роду ў род.

14

Ты паўстанеш, умілажалішся з Сіёна? бо час літаваць яго, бо прысьпеў час;

15

бо рабы Твае палюбілі і каменьне ягонае, і попел ягоны шкадуюць.

16

І збаяцца народы імя Гасподняга, і ўсе цары зямныя — славы Тваёй.

17

Бо збудуе Гасподзь Сіён, і зьявіцца ў славе Сваёй;

18

паглядзіць на малітву бездапаможных, і не пагардзіць малітваю іхняй.

19

Пра гэта напісана будзе роду наступнаму, і пакаленьне наступнае ўславіць Госпада,

20

бо Ён прынік са святой гары Сваёй; зь нябёсаў глянуў Гасподзь на зямлю,

21

каб пачуць стогны вязьняў, раскаваць сыноў сьмерці,

22

каб абвяшчалі на Сіёне імя Гасподняе, і славу Яму — у Ерусаліме,

23

калі зьбяруцца народы разам і царствы служыць Госпаду.

24

Стаміў Ён на шляху сілу маю, скараціў дні мае.

25

Я сказаў: Божа мой! не забяры мяне на палавіне дзён маіх. Твае гады ў роды родаў.

26

На пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — дзея рук Тваіх;

27

яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як рыза, спарахнеюць, і, як адзеньне, Ты пераменіш іх, — і зьменяцца;

28

але Ты — той самы, і гады Твае ня скончацца.

29

Сыны рабоў Тваіх будуць жыць, і семя іхняе ўмацуецца прад абліччам Тваім.