Ёва 9

1

І адказваў Ёў і сказаў:

2

праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам?

3

Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы.

4

Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі?

5

Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім;

6

зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць:

7

скажа сонцу, — і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку.

8

Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора;

9

стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня;

10

робіць вялікае, непаддосьледнае і цудоўнае бясконца!

11

Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго.

12

Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш?

13

Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства.

14

Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім?

15

Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго.

16

Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той,

17

Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае,

18

не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі.

19

Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім?

20

Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым.

21

Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім.

22

Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага.

23

Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца.

24

Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж?

25

Дні мае хутчэйшыя за ганца, — бягуць, ня бачаць дабра,

26

імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу.

27

Калі сказаць мне: "забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся",

28

дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым.

29

Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую?

30

Хоць бы я абмыўся і снежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае,

31

дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая.

32

Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд!

33

Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас.

34

Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне,

35

і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе.