Ёва 8

1

І адказваў Вілдад Саўхэянін і сказаў:

2

ці доўга ты будзеш гаварыць так? — словы вуснаў тваіх бурны вецер!

3

Няўжо Бог скажае суд, і Усеўладны ператварае праўду!

4

Калі сыны твае зграшылі прад Ім, дык Ён і аддаў іх у руку беззаконьня іхняга.

5

Калі ж ты знойдзеш Бога і памолішся Ўсеўладнаму,

6

і калі ты чысты і з праўдаю, дык Ён сёньня ж устане над табою і замірыць жытлішча праўды тваёй.

7

І калі спачатку ў цябе было мала, дык з часам будзе досыць многа.

8

Бо спытайся ў ранейшых родаў і паглыбіся ў назіраньні бацькоў іхніх;

9

а мы — учарашнія і нічога ня ведаем, бо нашыя дні на зямлі — цень.

10

Вось, яны цябе навучаць, скажуць табе і ад сэрца свайго вымавяць словы:

11

ці падымаецца трыснёг бязь вільгаці? ці расьце чарот без вады?

12

Яшчэ ён у сьвежасьці сваёй і ня зрэзаны, а раней за ўсякую траву засыхае.

13

Такія шляхі ўсіх, што забываюць Бога, і надзея крывадушніка загіне;

14

спадзяваньне ягонае падсечана, і ўпэўненасьць ягоная — дом павука.

15

Абапрэцца на дом свой і ня ўстоіць; ухопіцца за яго і ня ўтрымаецца.

16

Зелянее ён перад сонцам, а за сад прасьціраецца гольле ягонае;

17

у крушню ўплятаюцца карані ягоныя, паміж камянямі ўрэзваюцца.

18

Але калі вырвуць яго зь месца ягонага, яно адмовіцца ад яго: я ня бачыла цябе!

19

Вось радасьць шляху ягонага! а зь зямлі вырастуць іншыя.

20

Бачыш, Бог не адкідае беззаганнага і не падтрымлівае рук ліхадзеяў.

21

Ён яшчэ напоўніць сьмехам вусны твае і губы твае радасным клікам.

22

Ненавісьнікі твае апрануцца ў сорам, і намёту бязбожных ня стане.