Ёва 42

1

Адказваў Ёў Госпаду і сказаў:

2

ведаю, што Ты ўсё можаш, і што намер Твой ня можа быць спынены.

3

Хто гэты, што запамрочвае Наканаваньне, нічога не разумеючы? — Так, я казаў пра тое, чаго не разумеў, пра дзеі дзівосныя для мяне, якіх я ня ведаў.

4

Выслухай, усклікаў я, і я буду гаварыць, і пра што буду пытацца ў Цябе, растлумач мне.

5

Я чуў пра Цябе слыхам вуха; а цяпер мае вочы бачаць Цябе;

6

таму я выракаюся і каюся ў пыле і ў попеле.

7

І было пасьля таго, як Гасподзь сказаў словы тыя Ёву, сказаў Гасподзь Эліфазу Тэманіцяніну: гарыць гнеў Мой на цябе і на двух сяброў тваіх за тое, што вы гаварылі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў.

8

Дык вось, вазьмеце сабе сем цялят і сем бараноў і ідзеце да раба Майго Ёва і прынясеце за сябе ахвяру; і раб Мой Ёў памоліцца за вас, бо толькі аблічча ягонае Я прыму, каб не адкінуць вас за тое, што вы казалі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў.

9

І пайшлі Эліфаз Тэманіцянін і Вілдад Саўхэянін і Сатар Нааміцянін, і зрабілі так, як Гасподзь загадаў ім, — і Гасподзь прыняў аблічча Ёва.

10

І вярнуў Гасподзь страту Ёва, калі ён памаліўся за сяброў сваіх; і даў Гасподзь Ёву ўдвая больш за тое, што ён меў раней.

11

Тады прыйшлі да яго ўсе браты ягоныя і ўсе сёстры ягоныя і ўсе ранейшыя знаёмыя ягоныя, і елі зь ім хлеб у доме ягоным, і смуткавалі зь ім, і суцяшалі яго за ўсё ліха, якое Гасподзь навёў на яго і далі яму кожны па кесіце і па залатым пярсьцёнку.

12

І дабраславіў Бог апошнія дні Ёва болей, чым ранейшыя: у яго было чатырнаццаць тысяч дробнага быдла, шэсьць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асьліц.

13

І было ў яго сем сыноў і тры дачкі.

14

І даў ён першай імя Эміма, імя другой — Касія, а імя трэцяй — Керэнгапух.

15

І ня было на цэлай зямлі такіх прыгожых жанчын, як Ёвавы дочкі, і даў ім бацька іхні спадчыну паміж братамі іхнімі.

16

Пасьля таго Ёў жыў сто сорак гадоў, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыноўніх да чацвёртага роду.

17

І памёр Ёў у старасьці насычаны днямі.