Ёва 39

1

Ці ведаеш ты час, калі нараджаюць дзікія козы на скалах, і ці заўважаў роды казуль?

2

Ці можаш разьлічыць месяцы цяжарнасьці іхняй? і ці ведаеш час родаў іхніх?

3

Яны згінаюцца, нараджаючы дзяцей сваіх, выкідваючы свае ношы;

4

дзеці іхнія ўбіраюцца ў сілу, растуць на полі, сыходзяць і не вяртаюцца да іх.

5

Хто пусьціў дзікага асла на волю, і хто разьвязаў повязі кулану,

6

якому стэп Я прызначыў домам і саланчакі — жытлішчам?

7

Ён сьмяецца з гарадскога шматлюдства і ня чуе крыкаў паганятага,

8

па горах шукае ежы сабе і ганяецца за ўсякаю зелянінаю.

9

Ці захоча аднарог служыць табе і ці заначуе каля ясьляў тваіх?

10

Ці можаш вяроўкаю прывязаць аднарога да баразны, і ці будзе ён за табою баранаваць тваё поле?

11

Ці паспадзяваешся на яго, таму што ў яго вялікая сіла, і ці дасі яму працу тваю?

12

Ці паверыш яму, што ён насеньне тваё верне і складзе на гумно тваё?

13

Ці ты даў прыгожыя крылы паве і пер’е і пух страўсу?

14

Ён пакідае яйкі свае на зямлі і на пяску грэе іх,

15

і забывае, што нага можа раздушыць іх і польны зьвер можа растаптаць іх;

16

ён жорсткі да дзяцей сваіх, як бы не да сваіх, і не баіцца, што праца ягоная будзе марная,

17

таму што Бог ня даў яму мудрасьці і не ўдзяліў яму глузду;

18

а калі падымаецца на вышыню, сьмяецца з каня і вершніка ягонага.

19

Ці ты даў каню сілу і апрануў шыю ягоную ў грыву?

20

Ці можаш ты спалохаць яго, як саранчу? Храп ноздраў ягоных — жудасьць;

21

капае нагамі зямлю і захапляецца сілаю; ідзе насустрач зброі;

22

ён сьмяецца зь небясьпекі і не палохаецца і не адварочваецца ад меча;

23

калчан гучыць над ім, бліскае кап’ё і дзіда;

24

у парыве і лютасьці ён глытае зямлю і ня можа стаяць пры гуку трубы;

25

пры трубным гуку ён падае голас: гу! гу! і здалёк чуе бітву, зычныя галасы правадыроў і крык.

26

Ці тваёю мудрасьцю лётае каршук і кіруе крылы свае на поўдзень?

27

Ці па тваім слове ўзносіцца арол і кладзе на вышыні гняздо сваё?

28

Ён жыве на скале і начуе на зубцы ўцёсаў і на месцах недаступных;

29

адтуль выглядвае сабе ежу: вочы яго глядзяць далёка;

30

птушаняты ягоныя п’юць кроў, і дзе труп, там і ён.

31

І гаварыў Гасподзь далей і сказаў Ёву:

32

ці будзе спаборнік з Усеўладным яшчэ вучыць? Выкрывальнік Бога хай адказвае Яму.

33

І адказваў Ёў Госпаду, і сказаў:

34

вось, я нікчэмны; што буду я адказваць Табе? Руку маю кладу на вусны мае.

35

Аднойчы я казаў, — цяпер адказваць ня буду, нават двойчы, але болей ня буду.