Ёва 37

1

І ад гэтага дрыжыць сэрца маё і зрушылася зь месца свайго.

2

Слухайце, слухайце голас Яго і гром з вуснаў Ягоных.

3

Пад усім небам раскаты Ягоныя, і бляск Ягоны — да краёў.

4

За ім грыміць голас; грыміць Ён голасам велічы Сваёй і ня спыняе яго, калі голас Ягоны пачуты.

5

Даўно грыміць Бог голасам Сваім, чыніць дзеі вялікія, нам не спасьцігальныя.

6

Бо сьнегу Ён кажа: будзь на зямлі; гэтак сама дробны дождж і вялікі дождж у Ягонай уладзе.

7

Ён кладзе пячатку на руку кожнаму чалавеку, каб усе людзі ведалі дзею Яго.

8

Тады зьвер сыходзіць у сховішча і застаецца ў сваіх логавах.

9

З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы — сьцюжа.

10

Ад павеву Божага паходзіць лёд, і паверхня вады сьціскаецца.

11

Гэтак сама вільгацьцю напаўняе Ён хмары, і воблакі сеюць сьвятло Ягонае,

12

і яны кіруюцца паводле намераў Ягоных, каб выканаць тое, што Ён загадае ім на ўлоньні населенай зямлі.

13

Ён загадвае ім ісьці альбо дзеля пакараньня, альбо ў дабраволеньне, альбо дзеля памілаваньня.

14

Слухай гэтага, Ёў; стой і разумей дзівосныя дзеі Божыя.

15

Ці ведаеш, як Бог кіруе імі і загадвае сьвятлу зьзяць з воблака Свайго?

16

Ці разумееш раўнавагу воблакаў, дзівосную дзею Найдасканалейшага ў веданьні?

17

Як награваецца твая вопратка, калі Ён супакойвае зямлю з поўдня?

18

Ці ж ты зь Ім распасьцёр нябёсы, цьвёрдыя, як літае люстра?

19

Навучы нас, што сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры нічога ня можам ведаць.

20

Ці будзе абвешчана Яму, што я кажу? Ці сказаў хто, што сказанае даносіцца Яму?

21

Цяпер ня бачна яркага сьвятла ў воблаках, але праляціць вецер і расчысьціць іх.

22

Сьветлае надвор’е прыходзіць з поўначы, і вакол Бога страшэнная прыгажосьць.

23

Усеўладца! мы не дасягаем Яго. Ён вялікі сілаю і поўніцаю правасудзьдзя. Ён ні на кога не гняце.

24

Таму хай багавеюць прад Ім людзі, і хай дрыжаць прад Ім усе мудрыя сэрцам!