Ёва 35

1

І гаварыў далей Эліуй і сказаў:

2

ці лічыш ты справядлівым, што сказаў: "я праўдзівейшы за Бога"?

3

Ты сказаў: "якая карысьць мне? і які прыбытак я меў бы перад тым, як калі б я і грашыў?"

4

Я адкажу табе і тваім сябрам з табою:

5

зірні на неба і глядзі; падзівіся на воблакі, яны вышэй за цябе.

6

Калі ты грэшыш, што робіш ты Яму? і калі злачынствы твае памнажаюцца, што прычыняеш ты Яму?

7

Калі ты справядлівы, што робіш Яму? альбо што атрымлівае Ён з рукі тваёй?

8

Бязбожнасьць твая ў чалавеку, як ты, і справядлівасьць твая ў сыне чалавечым.

9

Ад мноства прыгнятальнікаў стогнуць прыгнечаныя і ад рукі моцных лямантуюць;

10

але ніхто ня кажа: дзе Бог, творца мой, Які дае песьні ўначы,

11

Які вучыць нас больш, чым жывёл зямных, і настаўляе на розум нас болей, чым птушак нябесных?

12

Там яны лямантуюць, і Ён не адказвае ім, з прычыны гонару ліхіх людзей.

13

Але няпраўда, што Бог ня чуе і Ўсеўладны не глядзіць на гэта.

14

Хоць ты сказаў, што ты ня бачыш Яго, але суд прад Ім, — чакай яго.

15

А сёньня, таму што гнеў Ягоны не наведаў яго і ён не спазнаў яго ва ўсёй строгасьці,

16

Ёў і адкрыў лёгкадумна вусны свае і безразважна раскідае словы.