Ёва 33

1

Дык вось, слухай, Ёў, словы мае і ўважай усім словам маім.

2

Вось, я адкрываю вусны мае, язык мой гаворыць у гартані маёй.

3

Словы мае ад шчырасьці майго сэрца, і вусны мае вымавяць веданьне чыстае.

4

Дух Божы стварыў мяне, і дыханьне Ўсеўладнага дало мне жыцьцё.

5

Калі можаш, адказвай мне і стань перад мною.

6

Вось я, па жаданьні тваім, замест Бога. Я створаны таксама з гразі;

7

таму страх перад мною ня можа зьбянтэжыць мяне, і рука мая ня будзе цяжкая табе.

8

Ты гаварыў у вушы мае, і я чуў гук слоў:

9

"чысты я, без пахібы, нявінны я і няма ўва мне няпраўды;

10

а Ён знайшоў абвінавачаньне супроць мяне і лічыць мяне Сваім супраціўцам;

11

закаваў ногі мае ў калодкі, сочыць за ўсімі шляхамі маімі".

12

Вось у гэтым няпраўда твая, адказваю табе, таму што Бог вышэйшы за чалавека.

13

Навошта табе спаборнічаць зь Ім? Ён не адказвае ні за якія дзеі Свае.

14

Бог гаворыць адзін раз, і калі таго не заўважаць, другі раз:

15

у сьне, у начных відзежах, калі сон находзіць на людзей, у час дрымоты на ложку.

16

Тады ён адкрывае ў чалавека вуха і ўкладвае Сваё настаўленьне,

17

каб адвесьці чалавека ад якой-небудзь задумы і адвесьці ад яго пыху,

18

каб адвесьці душу ягоную ад прорвы і жыцьцё ягонае ад паразы мечам.

19

Альбо ён наводзіцца на розум хваробаю на ложку сваім і моцным болем ва ўсіх касьцях сваіх,

20

і жыцьцё ягонае адварочваецца ад хлеба і душа ягоная ад смачнай яму ежы.

21

Плоць на ім прападае, так што яе ня відаць, і паказваюцца косьці ягоныя, якіх ня было відаць.

22

І душа ягоная набліжаецца да магілы і жыцьцё ягонае — да сьмерці.

23

Калі ёсьць у яго анёл-настаўнік адзін з тысячы, каб паказаць чалавеку простую дарогу ягоную,

24

Бог умілажаліцца зь яго і скажа: вызвалі яго ад магілы; Я знайшоў умілажаленьне.

25

Тады цела ягонае зробіцца сьвяжэйшае, чым у маладосьці; ён вернецца ў дні маладосьці сваёй.

26

Будзе маліцца Богу, і Ён — літасьцівы да яго; з радасьцю глядзіць на твар ягоны і вяртае чалавеку праведнасьць ягоную.

27

Ён будзе глядзець на людзей і казаць: "грашыў я і перакручваў праўду, і не адплачана мне;

28

Ён вызваліў душу маю ад магілы, і жыцьцё маё бачыць сьвятло".

29

Вось, усё гэта робіць Бог два-тры разы з чалавекам,

30

каб адвесьці душу ягоную ад магілы і прасьвятліць яго сьвятлом жывых.

31

Уважай, Ёве, слухай мяне, маўчы, і я буду гаварыць.

32

Калі маеш сказаць што, адказвай; кажы, бо я хацеў бы твайго апраўданьня;

33

а калі не, дык слухай мяне, і я навучу цябе мудрасьці.