Ёва 30

1

А сёньня сьмяюцца зь мяне і малодшыя за мяне гадамі, тыя, чыіх бацькоў я не згадзіўся б пасадзіць разам з сабакамі статкаў маіх.

2

І сіла рук іхніх навошта мне? Над імі ўжо прайшоў час.

3

Беднасьцю і голадам змораныя, яны ўцякаюць у стэп бязводны, змрочны і апусьцелы;

4

скубуць зеляніну каля кустоў, і ягады ядлоўцавыя — хлеб іхні.

5

З суполкі выганяюць іх, крычаць на іх, як на злодзеяў,

6

каб жылі яны ў калдобінах патокаў, у цясьнінах зямлі і скалаў.

7

Равуць паміж кустамі, ціснуцца пад цернем.

8

Людзі адкінутыя, людзі бязь імя, адкіды зямлі!

9

Я і зрабіўся цяпер іхняй песьняю і ежаю іхняй гутаркі.

10

Яны грэбуюць мною, аддаляюцца ад мяне і не перастаюць пляваць перад абліччам маім.

11

Як што Ён разьвязаў повад мой і пабіў мяне, дык яны скінулі зь сябе кілзы перад абліччам маім.

12

З правага боку ўстае гэты вылюдак, зьбівае мяне з ног, кіруе свае пагібельныя шляхі да мяне.

13

А маю сьцежку сапсавалі: усё пасьпелі зрабіць дзеля маёй пагібелі, ня маючы памочніка.

14

Яны прыйшлі да мяне, як праз шырокую праломіну; з шумам кінуліся на мяне.

15

Жахі памкнуліся на мяне; як вецер, разьвеялася веліч мая, і шчасьце маё адляцела, як воблака.

16

І сёньня выліваецца душа мая; дні смутку агарнулі мяне.

17

Уначы ныюць ува мне косьці мае; дні смутку агарнулі мяне.

18

Вельмі цяжка здымаецца зь мяне вопратка мая; краі хітона ціснуць мяне.

19

Ён кінуў мяне ў бруд, і я зрабіўся, як пыл і попел.

20

Я заклікаю Цябе, і Ты ня слухаеш мяне, — стаю, а Ты толькі глядзіш на мяне.

21

Ты зрабіўся жорсткім да мяне, моцнаю рукою варагуеш супроць мяне.

22

Ты падняў мяне і прымусіў мяне насіцца па ветры і ламаеш мяне.

23

Так, я ведаю, што Ты прывядзеш мяне да сьмерці і ў дом збору ўсіх, што жывуць.

24

Правільна, Ён не працягне рукі Сваёй над домам касьцей: ці будуць яны крычаць пры сваім разбурэньні?

25

Ці ня плакаў я па тым, хто быў у горы; ці ня журылася душа мая па бедных?

26

Калі я чакаў дабра, прыйшло зло; калі я чакаў сьвятла, прыйшла цемра.

27

Мае вантробы кіпяць і не перастаюць; сустрэлі мяне дні смутку.

28

Я хаджу пачарнелы, але не ад сонца; устаю на сходзе і крычу.

29

Я зрабіўся братам шакалам і сябрам страўсам.

30

Мая скура пачарнела на мне, і косьці мае абгарэлі ад сьпёкі.

31

І цытра мая зрабілася панылаю, а жалейка мая — голасам сьлёзным.