Ёва 3

1

Пасьля таго разамкнуў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой.

2

І пачаў Ёў і сказаў:

3

хай загіне дзень, калі я нарадзіўся, і ноч, калі было сказана: зачаўся чалавек!

4

Дзень той хай будзе цемраю; хай не дагледзіць яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятло!

5

Хай запамрочыць яго цемра і цень сьмяротны, хай завалачэ яго хмара, хай баяцца яго, як палючае спёкі!

6

Ноч тая, — хай забярэ яе змрок, хай не залічыцца яна ў дні года, хай ня ўвойдзе ў лік месяцаў!

7

О! ноч тая — хай будзе яна бязьлюдная; хай ня ўвойдзе ў яе весялосьць!

8

Хай праклянуць яе кляцьбіты дня, здольныя разбудзіць Левіяфана!

9

Хай зацьмяцца зоркі сьвітаньня яе: хай чакае яна сьвятла, і яно ня прыходзіць, і хай ня ўбачыць яна веяў дзяньніц

10

за тое, што не замкнула дзьвярэй улоньня маці маёй і не схавала гароты ад вачэй маіх!

11

Чаму не памёр я, выходзячы з нутробы, і не сканаў, калі выйшаў з чэрава?

12

Чаму прынялі мяне калені? навошта было мне смактаць саскі?

13

Цяпер ляжаў бы я і спачываў: спаў бы, і было б мне спакойна

14

з царамі і дарадцамі зямлі, якія забудоўвалі сабе пустыні,

15

ці з князямі, у якіх было золата і якія напаўнялі дамы свае срэбрам;

16

ці, як выкідзень пахаваны, не існаваў бы я, як немаўляты, якія сьвятла не пабачылі.

17

Там беззаконныя перастаюць наводзіць страх, і там адпачываюць зьнясіленыя.

18

Там вязьні цешацца спакоем і ня чуюць крыкаў наглядчыка.

19

Малы і вялікі там роўныя, і раб свабодны ад гаспадара свайго.

20

Навошта дадзена пакутніку сьвятло і жыццё засмучаным душою,

21

якія чакаюць сьмерці, і няма яе, якія выкапалі б яе ахвотней, чым скарб.

22

Узрадаваліся б да захапленьня, захапіліся б, што знайшлі магілу?

23

Навошта дадзена сьвятло чалавеку, шлях якога зачынены і якога Бог атачыў змрокам?

24

Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і стогны мае ліюцца, як вада,

25

бо жудаснае, чаго я жахаўся, тое і напаткала мяне; і чаго я баяўся, тое і прыйшло да мяне.

26

Няма мне міру, няма спакою, няма радасьці: спасьцігла няшчасьце.