Ёва 27

1

І гаварыў далей Ёў сваё ўзьнёслае слова і сказаў:

2

жывы Бог, Які пазбавіў мяне суду, і Ўсемагутны, Які засмуціў душу маю,

3

што, пакуль яшчэ дыханьне маё ўва мне і дух Божы ў ноздрах маіх,

4

ня скажуць вусны мае няпраўды, і язык мой ня вымавіць ілжы!

5

Я далёкі ад таго, каб прызнаць вас справядлівымі; пакуль не памру, не саступлю беззаганнасьці маёй.

6

Моцна трымаў я праўду маю і ня ўпушчу яе; не папракне мяне сэрца маё праз усе дні мае.

7

Вораг мой будзе, як бязбожнік, і паўсталы супроць мяне, як беззаконьнік.

8

Бо якая надзея крывадушніку, калі возьме, калі вырве Бог душу ягоную?

9

Ці пачуе Бог лямант ягоны, калі прыйдзе на яго бяда?

10

Ці будзе ён суцяшацца Ўсемагутным і заклікаць Бога ў любы час?

11

Абвяшчу вам, што ў руцэ Божай; што ва Ўсемагутнага, ня ўтою.

12

Вось, усе вы і самыя бачылі; і навошта вы столькі пустасловіце?

13

Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога, і спадчына, якую атрымліваюць ад Усеўладнага прыгнятальнікі.

14

Калі памнажаюцца сыны ягоныя, дык пад меч; і нашчадкі яго не насыцяцца хлебам.

15

Тых, што засталіся пасля яго, сьмерць зьвядзе ў магілу, і ўдовы іхнія ня будуць плакаць.

16

Калі ён набярэ кучы срэбра, як пылу, і нарыхтуе вопраткі, як гразі,

17

дык ён нарыхтуе, а апранацца будзе праведнік, і срэбра атрымае сабе ў долю беспахібнік.

18

Ён будуе, як моль, дом свой і, як вартаўнік, робіць сабе будан;

19

кладзецца спаць багатым і такім не ўстае; расплюшчвае вочы свае, і ён ужо ня той.

20

Як воды, спасьцігнуць яго жахі; уначы падхопіць яго бура.

21

Падыме яго ўсходні вецер і панясе, і ён порстка пабяжыць ад яго.

22

Памкнецца на яго і не пашкадуе, як бы ён ні высільваўся, каб уцячы ад рукі ягонай.

23

Пляснуць па ім рукамі і пасьвішчуць над ім зь месца ягонага!