Ёва 24

1

Чаму не схаваныя ад Усемагутнага часіны, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных?

2

Межы перасоўваюць, гоняць статкі і пасьвяць у сябе;

3

у сіротаў зводзяць асла, ва ўдавы бяруць пад заклад вала;

4

бедных спіхваюць з дарогі, усе прыніжаныя зямлі вымушаны хавацца.

5

Вось яны, як дзікія аслы ў пустыні, выходзяць на дзею сваю, устаючы рана на здабычу; стэп дае хлеб ім і дзецям іхнім;

6

жнуць яны на полі не сваім і зьбіраюць вінагарад у бязбожніка;

7

голыя начуюць без покрыва і бяз вопраткі на сьцюжы;

8

мокнуць ад горных дажджоў і, ня маючы сховішча, ціснуцца да скалы;

9

адрываюць ад саскоў сірату і з убогага бяруць заклад;

10

прымушаюць хадзіць голымі, без адзеньня, і галодных кормяць каласамі;

11

паміж сьценамі чавяць алей аліўкавы, топчуць у чавілах і прагнуць.

12

У горадзе людзі стогнуць, і душа забіваных енчыць, і Бог не забараняе гэтага.

13

Ёсьць сярод іх ворагі сьвятла, ня ведаюць ягоных шляхоў і ня ходзяць па сьцежках ягоных.

14

На золку ўстае забойца, забівае беднага і ўбогага, а ўначы бывае злодзеем.

15

І вока пералюбніка чакае сутоньня, кажучы: нічыё вока ня ўбачыць мяне, — і захінае твар.

16

У цемры падкопваюцца пад дамы, якія ўдзень яны прыкмецілі сабе; ня ведаюць сьвятла.

17

Бо ім раніца — сьмяротны цень, бо яны знаёмыя з жахамі сьмяротнага ценю.

18

Лёгкі такі на паверхні вады, праклятая доля ягоная на зямлі, і не глядзіць ён на дарогу садоў вінаградных.

19

Засуш і сьпёка паглынаюць сьнегавую ваду: так апраметная — грэшнікаў.

20

Няхай забудзе яго нутроба матчыная; няхай ласуецца ім чарвяк; няхай не захаваецца пра яго памяць; як дрэва, няхай зломіцца беззаконьнік,

21

які прыгнятае бязьдзетную, якая не раджала, і ўдаве ня робіць дабра.

22

Ён і дужых зводзіць сілаю сваёю; ён устае, і ніхто ня пэўны за жыцьцё сваё.

23

А Ён дае яму ўсё для бясьпекі, і ён на тое абапіраецца, і вочы Ягоныя бачаць шляхі іхнія.

24

Падняліся высока, — і вось, няма іх; падаюць, і паміраюць, як і ўсе, і, як вярхі каласкоў, зразаюцца.

25

Калі гэта ня так, — хто выкрые мяне за ману і ў нівеч аберне словы мае?