Ёва 23

1

І адказваў Ёў і сказаў:

2

яшчэ і цяпер горкае слова маё: пакуты мае цяжэйшыя за стогны мае.

3

О, калі б я ведаў, дзе знайсьці Яго, і мог падысьці да трона Ягонага!

4

Я выклаў бы прад Ім усё маё і вусны мае напоўніў бы апраўданьнямі;

5

уведаў бы словы, якімі Ён адкажа мне, і зразумеў бы, што Ён скажа мне.

6

Няўжо Ён у поўнай магутнасьці пачаў бы спаборнічаць са мною? О, не! Няхай бы толькі даў увагі мне.

7

Тады праведнік мог бы спаборнічаць зь Ім, — і я назаўсёды атрымаў бы свабоду ад Судзьдзі майго.

8

Але вось, я іду наперад — і няма Яго, назад — і не знаходжу Яго;

9

ці робіць Ён што зь левага боку, я ня бачу; ці хаваецца з правага, не разгледжу.

10

Але Ён ведае шлях мой; няхай выпрабуе мяне, — выйду, як золата.

11

Нага мая цвёрда трымаецца сьцежкі Ягонай; шляхі Ягоныя я захоўваў і ня ўхіляўся зь іх.

12

Ад наказаў вуснаў Ягоных не адступаўся; словы вуснаў Ягоных захоўваў болей, чым мае правілы.

13

Але Ён цвёрды; і хто ўхіліць Яго? Ён робіць, чаго хоча душа Ягоная.

14

Так, Ён выканаў тое, што належала мне, і падобнага на гэта многа ў Яго.

15

Таму я дрыжу прад абліччам Ягоным; разважаю — і баюся Яго.

16

Бог расслабіў сэрца маё, і Ўсеўладны напалохаў мяне.

17

Чаму я ня зьнішчаны раней за гэтую цемру, і Ён не схаваў мораку ад твару майго!