Ёва 13

1

Вось, усё гэта бачыла вока маё, чула вуха маё і зьмеціла сабе.

2

Колькі ведаеце вы, ведаю і я: я ня ніжэйшы за вас.

3

Але я да Ўсяўладнага хацеў бы гаварыць і жадаў бы спаборнічаць з Богам.

4

А вы плетуны хлусні; усе вы бескарысныя лекары.

5

О, калі б толькі вы маўчалі! гэта было б залічана вам у мудрасьць.

6

Выслухайце ж разважаньні мае і ўдумайцеся ў пярэчаньне вуснаў маіх.

7

Ці трэба было вам дзеля Бога гаварыць няпраўду і дзеля Яго гаварыць ману?

8

Ці трэба было вам быць заўгоднымі Яму і за Бога так спрачацца?

9

Ці добра будзе, калі Ён выпрабуе вас? Ці ашукаеце Яго, як ашукваюць чалавека?

10

Строга пакарае Ён вас, хоць вы і патайна крывадушнічаеце.

11

Няўжо веліч Ягоная не палохае вас, і страх Ягоны не нападае на вас?

12

Напаміны вашыя падобныя на попел, апоры вашыя — апоры гліняныя.

13

Замоўкніце перад мною, і я буду гаварыць, што б ні напаткала мяне.

14

Навошта мне турзаць цела маё зубамі маімі і душу маю класьці ў руку маю?

15

Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца; я хацеў бы толькі адстояць шляхі мае прад абліччам Ягоным!

16

І гэта ўжо ў апраўданьне мне, таму што крывадушнік ня пойдзе прад аблічча Ягонае!

17

Выслухайце ж уважліва слова маё і тлумачэньне маё вушамі вашымі.

18

Вось, я завёў судовую справу: ведаю, што праўда мая.

19

Хто здольны аспрэчыць мяне? Бо я неўзабаве замоўкну і выпушчу дух.

20

Дваяка толькі не рабі са мною, і тады я ня буду хавацца ад аблічча Твайго:

21

адвядзі ад мяне руку Тваю, і жах Твой хай не трасе мяне.

22

Тады кліч, і я буду адказваць, альбо буду гаварыць я, а Ты адказвай мне.

23

Колькі ў мяне заганаў і грахоў? пакажы мне беззаконьне маё і грэх мой.

24

Навошта хаваеш аблічча Тваё і лічыш мяне ворагам Тваім?

25

Ці не сарваную лісьцінку Ты расьціраеш і ці ня сухую саломіну перасьледуеш?

26

Бо Ты пішаш на мяне горкае і залічваеш мне грахі маладосьці маёй,

27

і ставіш у калодку ногі і прасочваеш усе сьцежкі мае, — гонішся па сьлядах ног маіх.

28

А ён, як цьвіль, распадаецца, як вопратка, сточаная мольлю.