Ёва 11

1

І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў:

2

хіба на мноства слоў нельга даць адказу, і хіба чалавек шматслоўны мае рацыю?

3

Пустаслоўе тваё ці ж прымусіць маўчаць мужоў, каб ты глуміўся, і ня было каму прысароміць цябе?

4

Ты сказаў: меркаваньне маё правільнае, і чысты я ў вачах Тваіх.

5

Але калі б Бог загаварыў і растуліў вусны Свае дзеля цябе

6

і адкрыў табе таямніцы мудрасьці, што табе ўдвая больш належала перацерпець! Дык вось ведай, што Бог дзеля цябе некаторыя з тваіх беззаконьняў аддаў забыцьцю.

7

Ці можаш ты дасьледаваньнем знайсьці Бога? Ці можаш цалкам спасьцігнуць Усеўладнага?

8

Ён вышэйшы за нябёсы, — што можаш зрабіць? глыбейшы за апраметную, — што можаш даведацца?

9

Даўжэйшая за зямлю мера Ягоная і шырэйшая за мора.

10

Калі Ён прыйдзе і замкне каго-небудзь у кайданы і паставіць на суд, дык хто адхіліць Яго?

11

Бо Ён ведае людзей манлівых і бачыць беззаконьне, і ці ж пакіне яго без увагі?

12

Але пусты чалавек мудруе, хоць чалавек нараджаецца падобна дзікаму асьляняці.

13

Калі ты ўправіш сэрца сваё і працягнеш да Яго рукі твае,

14

і калі ёсьць загана ў руцэ тваёй, а ты выдаліш яе і не дасі беззаконьню жыць у намётах тваіх,

15

дык падымеш незаплямлены твар твой і будзеш цвёрды і ня будзеш баяцца.

16

Тады забудзеш гора: як пра ваду, што працякла, будзеш успамінаць пра яго.

17

І ясней за полудзень пойдзе жыцьцё тваё; прасьветлішся, як раніца.

18

І будзеш спакойны, бо ёсьць надзея; ты аслонены і можаш спаць у бясьпецы.

19

Будзеш ляжаць, і ня будзе застрашніка, і многія будуць ласьціцца да цябе.

20

І вочы беззаконьнікаў растануць, і прыстанішча прападзе ў іх, і надзея іхняя шчэзьне.