Есфір 9

1

У дванаццаты месяц, гэта значыцца, у месяцы Адар, на трынаццаты дзень яго, калі настаў час спраўдзіцца загаду цара і ўказу ягонаму, у той дзень, калі спадзяваліся непрыяцелі Юдэяў ўзяць уладу над імі, а выйшла наадварот, што самі Юдэі ўзялі ўладу над ворагамі сваімі,—

2

сабраліся Юдэі ў гарадах сваіх па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса, каб накласьці руку на ліхіх незычліўцаў сваіх; і ніхто ня мог устояць перад абліччам іхнім, бо страх перад імі напаў на ўсе народы.

3

І ўсе князі ў вобласьцях і сатрапы, і вобласьценачальнікі, і выканаўцы дзеяў царскіх падтрымлівалі Юдэяў, бо напаў на іх страх перад Мардахэем.

4

Бо вялікі быў Мардахэй у доме ў цара, і слава пра яго хадзіла па ўсіх вобласьцях, бо гэты чалавек, Мардахэй, падымаўся вышэй і вышэй.

5

І білі Юдэі ўсіх ворагаў сваіх, забіваючы мечам, вынішчаючы іх, і рабілі з непрыцелямі сваімі па сваёй волі.

6

У Сузах, горадзе сталічным, забілі Юдэі і зьнішчылі пяцьсот чалавек;

7

і Паршандату і Далтона і Астату,

8

і Парату і Адалью і Арыдату,

9

і Пармашту і Арысая, і Арыдая і Ваезату,—

10

дзесяцёх сыноў Амана, сына Амадата, ворага Юдэяў, усьмерцілі яны, і на рабунак не працягнулі рукі сваёй.

11

Таго ж самага дня данесьлі цару пра колькасьць аддадзеных сьмерці у Сузах, сталічным горадзе.

12

І сказаў цар царыцы Эстэры: у Сузах, горадзе сталічным, усьмерцілі Юдэі і загубілі пяцьсот чалавек і дзесяцёх сыноў Амана; што ж зрабілі яны ў астатніх абласьцях цара? Якое жаданьне тваё? і яно будзе задаволена. І якая яшчэ просьба твая? яна будзе споўнена.

13

І сказала Эстэр: калі цару заўгодна, дык хай будзе дазволена Юдэям, якія ў Сузах, рабіць тое самае заўтра, што і сёньня, і дзесяцёх сыноў Аманавых хай бы павесілі на дрэве.

14

І загадаў цар зрабіць так; і дадзены ўказ у Сузах, і дзесяцёх сыноў Аманавых павесілі.

15

І сабраліся Юдэі, якія ў Сузах, таксама і ў чатырнаццаты дзень месяца Адара і ўсьмерцілі ў Сузах трыста чалавек, а на рабунак не працягнулі рукі сваёй.

16

І астатнія Юдэі, якія былі ў царскіх абласьцях, сабраліся, каб стаць на абарону жыцьця свайго і быць заспакоенымі ад ворагаў сваіх, і ўсьмерцілі зь непрыяцеляў сваіх семдзесят пяць тысяч, а на рабунак не працягнулі рукі сваёй.

17

Гэта было ў трынаццаты дзень месяца Адара; а ў чатырнаццаты дзень гэтага самага месяца яны супакоіліся і зрабілі яго днём гасьціны і весялосьці.

18

А Юдэі, якія ў Сузах, зьбіраліся ў трынаццаты дзень яго і ў чатырнаццаты дзень яго, а ў пятнаццаты дзень яго супакоіліся і зрабілі яго днём гасьціны і весялосьці.

19

Таму Юдэі сельскія, якія жывуць у селішчах адкрытых, праводзяць чатырнаццаты дзень месяца Адара ў весялосьці і гасьцінах, як дзень сьвяточны, пасылаючы дарункі адзін аднаму.

20

І апісаў Мардахэй гэтыя падзеі і паслаў пісьмы ўсім Юдэям, якія ў вобласьцях цара Артаксэркса, блізкім і далёкім,

21

пра тое, каб яны ўстанавілі на кожны год сьвята ў сябе чатырнаццатага дня месяца Адара і пятнаццатага дня яго,

22

як такіх дзён, калі Юдэі зрабіліся заспакоеныя ад ворагаў сваіх, і як такога месяца, калі ператварылася ў іх журба ў радасьць, а нараканьне — у дзень сьвяточны, каб зрабілі яны іх днямі гасьціны і весялосьці, пасылаючы дарункі адзін аднаму і міласьціну бедным.

23

І прынялі Юдэі тое, што ўжо самі пачалі рабіць, і пра што Мардахэй напісаў ім,

24

як Аман, сын Амадата, Вугэянін, вораг усіх Юдэяў, намышляў загубіць Юдэяў і кідаў пур, жэрабя, пра зьнішчэньне і загубеньне іх,

25

і як Эстэр дайшла да цара, і як цар загадаў новым пісьмом, каб ліхі намысел Амана, які ён намысьліў на Юдэяў, абярнуўся на галаву ягоную, і каб павесілі яго і сыноў ягоных на дрэве.

26

Таму і назвалі гэтыя дні Пурым, ад назвы: пур. Таму згодна з усімі словамі гэтага пісьма і з тым, што самыя бачылі і да чаго даходзіла ў іх,

27

пастанавілі Юдэі і прынялі на сябе і на дзяцей сваіх і на ўсіх, хто далучаецца да іх, мусова, каб сьвяткаваць гэтыя два дні, паводле прадпісанага пра іх і ў свой для іх час, кожны год,

28

і каб гэтыя дні былі векапомныя і сьвяткаваліся ва ўсе роды ў кожным племені, у кожнай вобласьці і ў кожным горадзе; і каб дні гэтыя Пурым не адмяняліся ў Юдэяў, і памяць пра іх каб не зьнікла ў дзяцей іхніх.

29

Напісала таксама царыца Эстэр, дачка Абіхаіла, і Мардахэй Юдэй, з усёй настойлівасьцю, каб выконвалі гэта новае пісьмо пра Пурым;

30

і паслалі пісьмы ўсім Юдэям у сто дваццаць сем абласьцей царства Артаксэрксавага са словамі міру і праўды,

31

каб яны цьвёрда спраўлялі гэтыя дні Пурым у свой час, як пастанавіў пра іх Мардахэй Юдэй і царыца Эстэр, і як яны самыя назначылі іх сабе і дзецям сваім у дні посту і ляманту.

32

Так загад Эстэры пацьвердзіў гэта слова пра Пурым, і яно ўпісана ў кнігу.