Есфір 3

1

Пасьля гэтага ўзьвялічыў цар Артаксэркс Амана, сына Амадата, Вугэяніна, і ўзьнёс яго і паставіў сядзеньне ягонае вышэй за ўсіх князёў, якія ў яго;

2

і ўсе службіты пры цары, якія былі каля царскае брамы, кланяліся і падалі ніцма перад Аманам, бо так загадаў цар. А Мардахэй не кланяўся і ня падаў ніцма.

3

І казалі службіты царовыя, якія каля царскае брамы, Мардахэю: навошта ты пераступаеш загад царскі?

4

І як што яны казалі яму кожны дзень, а ён ня слухаў іх, дык яны данесьлі Аману, каб паглядзець, ці ўстоіць у слове сваім Мардахэй, бо ён паведаміў ім, што ён Юдэй.

5

І калі ўбачыў Аман, што Мардахэй ня кланяецца і ня падае ніцма перад ім, дык напоўніўся гневам Аман.

6

І здалося яму нікчэмным накласьці руку на аднаго Мардахэя; але як што сказалі яму, зь якога народу Мардахэй, дык задумаў Аман вынішчыць усіх Юдэяў, якія былі ва ўсім царстве Артаксэркса, як народ Мардахэеў.

7

У першы месяц, які ёсьць месяц Нісан, на дванаццатым годзе цара Артаксэркса, кідалі пур, гэта значыць, жэрабя, перад абліччам Амана дзень у дзень і месяц у месяц, і ўпала жэрабя на дванаццаты месяц, гэта значыць, на месяц Адар.

8

І сказаў Аман цару Артаксэрксу: ёсьць адзін народ, раскіданы і расьсеяны паміж народамі па ўсіх абласьцях царства твайго; і законы іх адрозьніваюцца ад законаў усіх народаў, і законаў цара яны ня выконваюць; і цару ня варта так пакідаць іх.

9

Калі цару заўгодна, дык няхай будзе прадпісаньне вынішчыць іх, і дзесяць тысяч талантаў срэбра я зважу ў рукі прыстаўнікаў, каб унесьці ў скарбніцу царскую.

10

Тады зьняў цар пярсьцёнак свой з рукі сваёй і аддаў яго Аману, сыну Амадата, Вугеяніну, каб змацаваць указ супроць Юдэяў.

11

І сказаў цар Аману: аддаю табе гэта срэбра і народ; зрабі зь ім як табе заўгодна.

12

І пакліканы былі пісцы царскія ў першы месяц, у трыццаты дзень яго, і напісана было, як загадаў Аман, да сатрапаў царскіх і да начальнікаў над кожнай вобласьцю і да князёў кожнага народу, у кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове яго: усё было напісана ад імя цара Артаксэркса і змацавана царскім пярсьцёнкам.

13

І пасланы былі лісты праз ганцоў ва ўсе вобласьці цара, каб забіць, пагубіць і вынішчыць усіх Юдэяў, малога і старога, дзяцей і жанчын у адзін дзень, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца, гэта значыць, Адара і маёмасьць іх зрабаваць.

14

Сьпісак з указа аддаць у кожную вобласьць, як закон, абвяшчаны ўсім народам, каб яны былі гатовыя да таго дня.

15

Ганцы выправіліся хутка з царскім загадам. Абвешчаны быў указ і ў Сузах, сталічным горадзе; і цар і Аман сядзелі і пілі, а горад Сузы быў у трывозе.