Неямія 2

1

У месяцы Нісане, на дваццатым годзе цара Артаксэркса, было перад ім віно. І я ўзяў віно і падаў цару, і здавалася, ня быў засмучаны перад ім.

2

Але цар сказаў мне: чаму твар твой засмучаны: ты ня хворы, гэтага няма, а, мусіць, скруха на сэрцы? Я вельмі спалохаўся

3

і сказаў цару: хай жыве цар вавекі! Як ня быць засмучаным твару майму, калі горад, дом магіл бацькоў маіх, у запусьценьні, і брамы яго спалены агнём!

4

І сказаў мне цар: чаго ж ты хочаш? Я памаліўся Богу нябеснаму

5

і сказаў цару: калі цару заўгодна, і калі ва ўпадабаньні раб твой перад абліччам тваім, дык пашлі мяне ў Юдэю, у горад магіл бацькоў маіх, каб я адбудаваў яго.

6

І сказаў мне цар і царыца, якая сядзела каля яго: колькі часу задоўжыцца дарога твая і калі вернешся? І заўгодна было цару паслаць мяне, пасьля таго як я вызначыў час.

7

І сказаў я цару: калі цару заўгодна, дык даў бы мне лісты за зарэцкіх начальнікаў абласьцей, каб яны давалі мне пропуск, пакуль я не дайду да Юдэі,

8

і ліст да Асафа, ахоўца царскіх лясоў, каб ён даў мне дрэва на браму крэпасьці, якая пры домеБожым, і на гарадскую сьцяну, і на дом, у якім мне жыць. І даў мне цар, бо ж дабрадзейная рука Бога майго была над мною.

9

І прыйшоў я да зарэцкіх начальнікаў абласьцей і аддаў ім царскія лісты. А паслаў са мною цар воінскіх начальнікаў зь верхаўцамі.

10

Калі пачуў пра гэта Санавалат, Хараніт і Товія, Аманіцкі раб, дык ім быдо даволі прыкра, што прыйшоў чалавек паклапаціцца пра дабро сыноў Ізраілевых.

11

І прыйшоў я ў Ерусалім. І прабыўшы там тры дні,

12

устаў я ўначы зь нямногімі людзьмі, якія былі пры мне, і нікому не сказаў, што Бог мой паклаў мне на сэрца зрабіць для Ерусаліма; а жывёлы ня было са мною ніякае, акрамя той, на якой я ехаў.

13

І праехаў я ўначы праз браму Даліны перад крыніцай Драконавай да брамы Гнаявой, і агледзеў я сьцены Ерусаліма разбураныя і яго брамы, спаленыя агнём.

14

І пад'ехаў я да брамы Крыніцы і да царскага вадаёму; але ня было месца прайсьці жывёле, якая была пад мною,—

15

і я падняўся назад па лагчыне ўначы і аглядаў сьцяну, і праехаўшы брамаю Даліны, вярнуўся.

16

І начальнікі ня ведалі, куды я хадзіў і што я раблю; ні Юдэям, ні сьвятарам, ні знакамітым, ні начальнікам, ні іншым майстрам работ я датуль нічога не адкрываў.

17

І сказаў я ім: вы бачыце бедства, у якім мы знаходзімся; Ерусалім пусты і брамы яго спалены агнём; пойдзем, пабудуем сьцяну Ерусаліма, і ня будзем наперад у такім занядбаньні.

18

І я расказаў ім пра руку Бога майго, якая спрыяла мне, а таксама і словы цара, якія ён казаў мне. І сказалі яны: будзем будаваць,— і змацавалі рукі свае на добрае.

19

Дачуўшыся пра гэта, Санавалат, Хараніт і Товія, Аманіцкі раб, і Гешэм Аравіцянін сьмяяліся з нас і з пагардай казалі: што гэта за дзея, якую вы чыніце? Ужо ці ня думаеце ўзбунтавацца супроць цара?

20

Я даў ім адказ і сказаў ім: Бог Нябесны, Ён дае нам посьпех, і мы, рабы Ягоныя, будзем будаваць, а вам няма долі і права і памяці ў Ерусаліме.