Ездра 7

1

Пасьля гэтых падзей, падчас валадараньня Артаксэркса, цара Персідскага, Эздра, сын Сэраі, сын Азарыі, сын Хэлкіі,

2

сын Шалума, сын Садока, сын Ахітува,

3

сын Амарыі, сын Азарыі, сын Мараёта,

4

сын Захара, сын Узія, сын Букія,

5

сын Авішуя, сын Фінээса, сын Элеазара, сын Аарона першасьвятара,—

6

гэты Эздра выйшаў з Вавілона. Ён быў кніжнік, які ведаў закон Майсееў, які даў Гасподзь Бог Ізраілеў. І даў яму цар усё паводле жаданьня ягонага, бо рука Госпада Бога ягонага была над ім.

7

Зь ім пайшлі ў Ерусалім і некаторыя сыны Ізраілевыя і сьвятары і лявіты, і сьпевакі і брамнікі і нэтынэі на сёмым годзе цара Артаксэркса

8

І прыйшоў ён у Ерусалім у пяты месяц,— у сёмы год цара.

9

Бо ў першы дзень першага месяца быў пачатак выхаду з Вавілона, і ў першы дзень пятнаццатага месяца ён прыйшоў у Ерусалім, бо дабрадзейная рука Бога ягонага была над ім,

10

бо Эздра прыхіліў сэрца сваё да таго, каб вывучаць закон Гасподні і выконваць яго, і вучыць у Ізраіле закону і праўдзе.

11

І вось зьмест пісьма, якое даў цар Артаксэркс Эздру сьвятару, кніжніку, які вучыў словам запаведзяў Госпада і законаў Яго ў Ізраіле:

12

Артаксэркс, цар цароў, Эздру сьвятару, выкладчыку закона Бога нябеснага дасканаламу і іншае.

13

Мною дадзены загад, каб у царстве маім кожны з народу Ізраілевага і сьвятароў яго і лявітаў, хто жадае ісьці ў Ерусалім, ішоў з табою.

14

Як што ты пасылаешся ад цара і сямі радцаў ягоных, каб агледзець Юдэю і Ерусалім па Бога твайго законе, што ў тваёй руцэ,

15

і каб даставіць срэбра і золата, якое цар і радцы ягоныя ахвяравалі Богу Ізраілеваму, жытло Якога ў Ерусаліме,

16

і ўсё срэбра і золата, якое ты зьбярэш ва ўсёй вобласьці Вавілонскай, разам з дабрахотнымі дарамі ад народу і сьвятароў, якія заахвяруюць яны на дом Бога свайго, што ў Ерусаліме;

17

таму не адкладваючы купі на гэтыя грошы валоў, бараноў, і ягнят, і хлебных прынашэньняў да іх і выліваньняў для іх, і прынясі іх на ахвярнік дома Бога вашага ў Ерусаліме.

18

І што ты і браты твае за добрае мецьмеце зрабіць з астатняга срэбра і золата, тое па волі Бога вашага рабеце.

19

І посуд, які дадзены табе дзеля службы ў доме Бога твайго, пастаў перад Богам Ерусалімскім.

20

І іншае патрэбнае для дома Бога твайго, што ты прызнаеш патрэбным, давай з дома царскіх скарбаў.

21

І ад мяне, цара Артаксэркса, робіцца загад усім скарбоўцам, якія за ракою: усё, чаго запатрабуе ад вас Эздра сьвятар, настаўнік закона Бога нябеснага, не адкладваючы давайце:

22

срэбра да ста талантаў, і пшаніцы да ста кораў, і віна да ста батаў, і да ста ж батаў алею, а солі не абмяжоўваючы.

23

Усё, што загадана Богам нябесным, павінна рабіцца рупліва для дома Бога нябеснага, каб ня было гневу Яго на царства, цара і сыноў ягоных.

24

І даём вам знак, каб ні на кога зь сьвятароў альбо лявітаў, сьпевакоў, брамнікаў, нэтынэяў і служак пры гэтым доме Божым, не накладваць ні падатку, ні налогу, ні мыты.

25

А ты, Эздра, па мудрасьці Бога твайго, якая ў руцэ тваёй, пастаў правіцеляў і судзьдзяў, каб яны судзілі ўвесь народ за ракою, — усіх, хто ведае законы Бога твайго; а хто ня ведае, тых вучэце.

26

А хто ня будзе выконваць закон Бога твайго і закон цара, над тым неадкладна хай учыняюць суд, ці тое на сьмерць, ці тое на выгнаньне, альбо на грашовую пеню, альбо на ўвязьненьне ў цямніцы".

27

Дабраславёны Гасподзь, Бог бацькоў нашых, які ўвёў у сэрца цара — упрыгожыць дом Гасподні, які ў Ерусаліме,

28

і схіліў на мяне міласьць цара і радцаў ягоных, і ўсіх магутных князёў цара! І я падбадзёрыўся, бо рука Госпада Бога майго была над мною, і сабраў я ўзначальнікаў Ізраіля, каб яны пайшлі са мною.