Ездра 10

1

Калі Эздра маліўся і спавядаўся, плачучы і падаючы перад домам Божым, сышоўся да яго вялікі збор Ізраільцян, мужчын і жанчын і дзяцей, бо і народ моцна плакаў.

2

І адказваў Шэханія, сын Ехііла з сыноў Эламавых, і сказаў Эздру: мы зрабілі злачынства перад Богам нашым, што ўзялі жонак іншапляменных з народаў зямлі, але ёсьць яшчэ надзея Ізраілю ў гэтай справе;

3

складзём цяпер запавет з Богам нашым, што, па парадзе гаспадара майго і тых, якія схіляюцца перад запаведзямі Бога нашага, мы адпусьцім усіх жонак і народжаных імі,— і хай будзе па законе!

4

Устань, бо гэта твая справа, і мы з табою: узбадзёрся і дзей!

5

І ўстаў Эздра, і загадаў начальнікам над сьвятарамі, лявітамі і ўсім Ізраілем даць прысягу, што яны зробяць так. І яны прысягнулі.

6

І ўстаў Эздра і пайшоў ад дома Божага ў жытло Ёханана, сына Эліяшывы, і прыйшоў туды. Хлеба ён ня еў і вады ня піў, бо плакаў па злачынстве перасяленцаў.

7

І абвясьцілі ў Юдэі і ў Ерусаліме ўсім былым палонным, каб яны зьбіраліся ў Ерусаліме,

8

а хто ня прыйдзе праз тры дні, на ўсю маёмасьць таго, па вызначэньні начальнікаў і старэйшын будзе накладзены заклён, і сам ён будзе адлучаны ад супольства перасяленцаў.

9

І сабраліся ўсе жыхары Юдэі і зямлі Веньямінавай у Ерусалім за тры дні. Гэта было на дзявятым месяцы, у дванаццаты дзень месяца. І сядзеў увесь народ на пляцы каля дома Божага, дрыжучы як ад гэтай дзеі, так і ад дажджу.

10

І ўстаў Эздра сьвятар і сказаў ім: вы ўчынілі злачынства, узяўшы сабе жонак іншапляменных, і тым павялічылі віну Ізраіля.

11

Дык вось, пакайцеся перад Госпадам Богам бацькоў вашых і выканайце волю Яго, і адлучэце сябе ад народаў зямлі і ад жонак іншапляменных.

12

І адказваў увесь сход, і сказаў гучным голасам: як ты сказаў, так і зробім.

13

Аднак жа народ шматлікі, і час цяпер дажджлівы, і няма магчымасьці стаяць на вуліцы. Ды і гэта справа не аднаго дня і ня двух, бо мы шмат у гэтай справе награшылі.

14

Хай нашы начальнікі заступяць месца ўсяго супольства, і ўсе ў гарадах нашых, якія ўзялі жонак іншапляменных, хай прыходзяць сюды ў назначаны час і зь імі старэйшыны кожнага горада і судзьдзі яго, пакуль не адвернецца ад нас палкі гнеў Бога нашага за гэтую дзею.

15

Тады Ёнатан, сын Асаіла, і Яхзэя, сын Тыквы, сталі над гэтай дзеяй, і Мэшулам і Шаўтай лявіт былі за памочнікаў.

16

І зрабілі так выхадцы з палону. І вылучаны на гэта Эздра сьвятар, узначальнікі пакаленьняў, ад кожнага пакаленьня іх і ўсе яны названы паіменна. І зрабілі яны пасяджэньне ў першы дзень дзясятага месяца дзеля дасьледаваньня гэтай справы;

17

і закончылі дасьледаваньне пра ўсіх, хто ўзяў жонак іншапляменных, да першага дня першага месяца.

18

І знайшліся з сыноў сьвятарскіх, якія ўзялі жонак іншапляменных,— з сыноў Ісуса, сына Ёсэдэкавага, і братоў ягоных: Маасэя, Эліезэр, Ярыў і Гэдалія;

19

і яны далі заруку, што адпусьцяць жонак сваіх, і што яны павінны прынесьці ў ахвяру барана за сваю віну;

20

і з сыноў Імэра: Хананій і Зэвадыя;

21

і з сыноў Харыма: Маасэя, Элія, Шэмая, Ехііл і Узія;

22

і з сыноў Пашхура: Элёэнай, Маасея, Ісмаіл, Натанаіл, Ёзавад і Эласа;

23

і зь лявітаў: Ёзавад, Шымэй і Келая, ён жа Кліта, Патахія, Юда і Эліезэр;

24

і са сьпевакоў: Эльяшыў; і з брамнікаў: Шалум, Тэлем і Урый;

25

а зь Ізраільцян,— з сыноў Пароша: Рамая, Ізія, Малхія, Міямін, Элеазар, Малхія і Вэная;

26

і з сыноў Элама: Матфанія, Захар, Ехіэл, Аудый, Ірэмот і Элія;

27

і з сыноў Зату: Элёэнай, Эльяшыў, Матанія, Ірэмот, Завад і Азіса;

28

і з сыноў Бэвая: Ёханан, Хананія, Забвай і Атлай;

29

і з сыноў Ванія: Мэшулам, Малух, Адая, Яшуў, Шэал і Ерамот;

30

і з сыноў Пахат-Маава: Адна, Хэлал, Вэная, Маасэя, Матанія, Вэсэлііл, Бінуй і Манасія;

31

і з сыноў Харыма: Эліезэр, Ішыя, Малхія, Шэмая, Сымон,

32

Веньямін, Малух, Шэмарыя;

33

і з сыноў Хашума: Матнай, Матата, Завад, Эліфэлэт, Ерэмай, Манасія і Шымэй;

34

і з сыноў Ванія: Маадай, Амрам і Уэл,

35

Бэная, Бід’я. Келугі,

36

Ванэя, Мэрэмот, Эльяшыў,

37

Матанія, Матнай, Яасай,

38

Ваній, Бінуй, Шымэй,

39

Шэлэмія, Натан, Аданія,

40

Махнадбай, Шашай, Шарай,

41

Азарыел, Шэлэміягу, Шэмарыя,

42

Шалум, Амарыя і Язэп;

43

і з сыноў Нэво: Еел, Мататыя, Завад, Зэвіна, Ядай, Ёэль і Бэная.

44

Усе гэтыя пабралі за сябе жонак іншапляменных, і некаторыя з гэтых жонак нарадзілі ім дзяцей.