2 Хронікі 5

1

І закончылася ўся праца, якую вёў Саламон для дома Гасподняга. І прынёс Саламон пасьвечанае Давідам, бацькам ягоным, і срэбра і золата і ўсе рэчы аддаў у скарбніцы дома Божага.

2

Тады сабраў Саламон старэйшынаў Ізраілевых і ўсіх узначальцаў плямёнаў, начальнікаў пакаленьняў сыноў Ізраілевых, у Ерусалім, дзеля перанясеньня каўчэга запавета Гасподняга з горада Давіда, гэта значыцца, зь Сіёна.

3

І сабраліся да цара ўсе Ізраільцяне на сьвята, на сёмым месяцы.

4

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя. Лявіты ўзялі каўчэг

5

і панесьлі каўчэг і скінію сходу і ўсе рэчы сьвяшчэнныя, якія ў скініі,— панесьлі іх сьвятары і лявіты.

6

А цар Саламон і ўсё супольства Ізраілевае, якое сабралася да яго перад каўчэгам, прыносілі ахвяры з авечак і валоў, якіх немагчыма палічыць і вызначыць з прычыны мноства.

7

І прынесьлі сьвятары каўчэг запавета Гасподняга на месца яго, у давір храма — у Сьвятое Сьвятых пад крылы херувімаў.

8

І херувімы распасьціралі крылы над месцам каўчэга, і пакрывалі херувімы каўчэг і жэрдзі яго зьверху.

9

І высунуліся жэрдзі, так што галоўкі жэрдак каўчэга відны былі перад давірам, але ня выходзілі вонкі, і яны там да гэтага дня.

10

Ня было ў каўчэзе нічога, апрача двух скрыжаляў, якія паклаў Майсей на Харыве. Калі Гасподзь заключыў запавет з сынамі Ізраілевымі, пасьля выхаду іх зь Егіпта.

11

Калі сьвятары выйшлі са сьвятыні, бо ўсе сьвятары, якія былі там, асьвяціліся без адрозьненьня аддзелаў;

12

і лявіты сьпевакі,— усе яны, Асаф, Эман, Ідытун і сыны іхнія і браты іхнія,— апранутыя ў вісон, з кімваламі і псалтырамі і цытрамі стаялі на ўсходнім баку ахвярніка, і зь імі сто дваццаць сьвятароў, якія трубілі трубамі,

13

і былі як адзін трубачы і сьпевакі, якія ў адзін голас хвалілі і славасловілі Госпада,— і калі загрымеў гук трубаў і кімвалаў і музычных інструментаў, і хвалілі Госпада, бо Ён добры, бо вечная міласьць Яго; тады дом, дом Гасподні, напоўніла воблака,

14

і не маглі сьвятары стаяць на служэньні з прычыны воблака, бо слава Гасподняя напоўніла дом Божы.