2 Хронікі 29

1

Эзэкія зацараваў у дваццаць пяць гадоў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці яго Авія, дачка Захара.

2

І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Давід, бацька ягоны.

3

У першы ж год валадараньня свайго, у першы месяц, ён адчыніў дзьверы дома Гасподняга і аднавіў іх,

4

і загадаў прыйсьці сьвятарам і лявітам, і сабраў іх на пляцы ўсходнім,

5

і сказаў ім: паслухайце мяне, лявіты! Сёньня асьвяцецесясамі і асьвяцеце дом Госпада Бога бацькоў вашых, і выкіньце нячыстае са сьвятыні.

6

Бо бацькі нашыя рабілі беззаконна, і рабілі незаўгоднае ў вачах Госпада Бога нашага, і пакінулі Яго, і адвялі яны твары свае ад жытлішча Гасподняга, і павярнуліся сьпінаю,

7

і замкнулі дзьверы бабінца, і патушылі сьвяцільні, і не палілі дымленьня, і ня ўзносілі цэласпаленьняў у сьвятыні Бога Ізраілевага.

8

І быў гнеў Госпада на Юдэю і на Ерусалім, і Ён аддаў іх на ганьбу, на спусташэньне і на пасьмешышча, як вы бачыце на вочы вашыя.

9

І вось загінулі бацькі нашыя ад меча, а сыны нашыя і дочкі нашыя і жонкі нашыя за гэта ў палоне дагэтуль.

10

Цяпер у мяне на сэрцы — заключыць запавет з Госпадам Богам Ізраілевым, хай ухіліць ад нас полымя гневу Свайго.

11

Дзеці мае! ня будзьце неахайныя, бо вас выбраў Гасподзь стаяць перад абліччам Ягоным, служыць Яму і быць у Яго службітамі і запальвачамі дымленьня.

12

І ўсталі лявіты: Махат, сын Амасая, і Ёэль, сын Азарыі, з сыноў Каатавых; і з сыноў Мэрарыных; Кіс, сын Аўдыя, і Азарыя, сын Егалелела; і з племя Гірсонавага: Ёах, сын Зімы, і Эдэн, сын Ёаха;

13

і з сыноў Эліцафанавых: Шымры і Еэл; і з сыноў Асафавых: Захар і Матанія;

14

і з сыноў Эманавых: Ехіэл і Шымэй; і з сыноў Ідытунавых: Шэмая і Узіел.

15

Яны сабралі братоў сваіх і асьвяціліся, і пайшлі па загадзе цара ачышчаць дом Гасподні па словах Госпада.

16

І ўвайшлі сьвятары ўсярэдзіну дома Гасподняга дзеля ачышчэньня, і вынесьлі ўсё нячыстае, што знайшлі ў храме Гасподнім, на двор дома Гасподняга, а лявіты ўзялі гэта, каб вынесьці прэч да патока Кедрона.

17

І пачалі асьвячаць у першы дзень першага месяца, і ў восьмы дзень таго самага месяца ўвайшлі ў бабінец Гасподні; і асьвячалі дом Гасподні восем дзён, а на шаснаццаты дзень першага месяца закончылі.

18

І прыйшлі ў дом да цара Эзэкіі і сказалі: мы ачысьцілі дом Гасподні, і ахвярнік для цэласпаленьняў, і ўвесь посуд яго, і стол для пакладных хлябоў, і ўвесь посуд яго;

19

і ўвесь посуд, які занядбаў цар Ахаз у час валадараньня свайго, у беззаконьні сваім, мы падрыхтавалі і асьвяцілі, і вось ён перад ахвярнікам Гасподнім.

20

І ўстаў цар Эзэкія з самага рана і сабраў начальнікаў горада, і пайшоў у дом Гасподні.

21

І прывялі сем цялят і сем бараноў, і сем ягнят і сем казлоў на ахавяру за грэх царства і за сьвятыню і за Юдэю; і загадаў ён сынам Ааронавым, сьвятарам, узьнесьці цэласпаленьне на ахвярнік Гасподні.

22

І закалолі цялят, і ўзялі сьвятары кроў, і акрапілі ахвярнік, і закалолі бараноў, і акрапілі крывёю ахвярнік, і закалолі ягнят, і акрапілі крывёю ахвярнік.

23

І прывялі казлоў за грэх перад аблічча цара і сходу, і яны ўсклалі рукі свае на іх.

24

І закалолі іх сьвятары, і ачысьцілі крывёю іхняй ахвярнік для загладжваньня грахоў усяго Ізраіля, бо за ўсяго Ізраіля загадаў цар прынесьці цэласпаленьне і ахвяру за грэх.

25

І паставіў ён лявітаў у доме Гасподнім з кімваламі, псалтырамі і цытрамі, па статуце Давіда і Гада, празорліўца царовага, і Натана прарока, бо ад Госпада быў статут гэты праз прарокаў Ягоных.

26

І сталі лявіты з музычнымі спарудамі Давідавымі і сьвятары з трубамі.

27

І загадаў Эзэкія ўзьнесьці цэласпаленьне на ахвярнік. І ў той час, як пачалося цэласпаленьне, пачалося сьпяваньне Госпаду, пад гукі труб і спарудаў Давіда, цара Ізраілевага.

28

І ўвесь сход маліўся, і сьпевакі сьпявалі, і трубілі трубы, пакуль не закончылася цэласпаленьне.

29

Пасьля заканчэньня цэласпаленьня, цар і ўсе, хто быў пры ім, укленчылі і пакланіліся.

30

І сказаў цар Эзэкія і князі лявітам, каб яны славілі Госпада словамі Давіда і Асафа празорліўца, і яны славілі з радасьцю, і кленчылі і кланяліся.

31

І Эзэкія сказаў далей: цяпер вы прысьвяцілі сябе Госпаду; прыступайце і прыносьце ахвяры і падзякавальныя прынашэньні ў дом Гасподні. І панёс сход ахвяры і падзякавальныя прынашэньні, і кожны, хто прыхільны быў сэрцам,— цэласпаленьні.

32

І быў лік цэласпаленьняў, якія прывёў сход: семдзесят валоў, сто бараноў, дзьвесьце ягнят — усё гэта на цэласпаленьне Госпаду.

33

Іншых сьвяшчэнных ахвяраў было : шэсьцьсот з буйнога быдла і тры тысячы з дробнага быдла.

34

Але сьвятароў было мала, і яны не маглі зьдзіраць скуру з усіх цэласпаленьняў, і дапамагалі ім браты іхнія лявіты, да заканчэньня справы і пакуль асьвяціліся іншыя сьвятары, бо лявіты былі больш старанныя ў асьвячэньні сябе, чым сьвятары.

35

Прытым цэласпаленьняў было мноства з тлушчам мірных ахвяраў і з паліваньнем пры цэласпаленьні. Так адноўлена служэньне ў доме Гасподнім.

36

І радаваўся Эзэкія і ўвесь народ за тое, што Бог так схіліў народ, бо гэта ўчынілася неспадзявана.