2 Хронікі 15

1

Тады на Азарыю, сына Адэдавага, сышоў Дух Божы,

2

і выйшаў ён насустрач Асу і сказаў яму: паслухайце мяне, Аса і ўвесь Юда і Веньямін: Гасподзь з вамі, калі вы зь Ім; і калі вы будзеце шукаць Яго, Ён будзе знойдзены вамі; а калі пакінеце Яго, Ён пакіне вас.

3

Многа дзён Ізраіль будзе бяз Бога сапраўднага і без сьвятара навучальнага і без закона;

4

але калі ён павернецца ва ўціску сваім да Госпада Бога Ізраілевага і знойдзе Яго, Ён дасьць ім знайсьці Сябе.

5

У тыя часы ня будзе міру ні таму, хто выходзіць, ні хто ўваходзіць, бо вялікія хваляваньні будуць ва ўсіх жыхароў земляў;

6

народ будзе біцца з народам, і горад з горадам, бо Бог прывядзе іх у хваляваньне вялікімі бедствамі.

7

Але вы ўмацуйцеся, і хай не слабнуць рукі вашыя, бо ёсьць адплата за дзеі вашыя.

8

Калі пачуў Аса словы гэтыя і прароцтва, сына Адэда прарока, дык падбадзёрыўся і выкінуў мярзоты язычніцкія з усёй зямлі Юдавай і Веньямінавай і з гарадоў, якія ён узяў на гары Яфрэмавай, і абнавіў ахвярнік Гасподні, што перад бабінцам Гасподнім.

9

І сабраў усяго Юду і Веньяміна і перасяленцаў, якія жылі зь імі, ад Яфрэма і Манасіі і Сымона; бо многія ад Ізраіля перайшлі да яго, калі ўбачылі, што Гасподзь Бог яго зь ім.

10

І сабраліся ў Ерусаліме ў трэці месяц, на пятнаццатым годзе валадараньня Асы;

11

і прынесьлі ў той дзень ахвяру Госпаду са здабычы, якую прывялі, з буйнога быдла сямсот і з дробнага сем тысяч;

12

і ўступілі ў запавет, каб уісьціць Госпада Бога бацькоў сваіх ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй;

13

і кожны, хто ня будзе шукаць Госпада Бога Ізраілевага, павінен памерці, ці ён малы, ці вялікі, ці мужчына, ці жанчына.

14

І прысягаліся Госпаду гучнагалоса і з заклікамі і пры гуках труб і рагоў.

15

І радаваліся ўсе Юдэі гэтай клятве, бо ад усяго сэрца свайго прысягаліся і з усёй рупнасьцю шукалі Яго, і Ён даў ім знайсьці Сябе. І даў ім Гасподзь спакой з усіх бакоў.

16

І Мааху, маці сваю, цар Аса пазбавіў царскай годнасьці за тое, што яна зрабіла балвана для дубровы. І скінуў Аса балвана яе, і пасек на кавалкі, і спаліў у даліне Кедрона.

17

Хоць вышыні ня былі адменены ў Ізраіля, але сэрца Асы было цьвёрда адданае Госпаду ва ўсе дні ягоныя.

18

і ўнёс ён прысьвечанае бацькам ягоным і сваё прысьвячэньне ў дом Божы, срэбра і золата і посуд.

19

І ня было вайны да трыццаць пятага года валадараньня Асы.