2 Хронікі 13

1

На васямнаццатым годзе валадараньня Ераваама зацараваў Авія над Юдай:

2

тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Міхая, дачка Урыілавая, зь Гівы. І была вайна ў Авіі зь Ераваамам.

3

І вывеў Авія на вайну войска зь людзей адважных, з чатырохсот тысяч чалавек адборных; а Ераваам выступіў супроць яго на вайну з васьмюстамі тысяч чалавек, таксама адборных, адважных.

4

І стаў Авія на вяршыні гары Цэмараімскай, адной з гор Яфрэмавых, і казаў: паслухайце мяне, Ераваам і ўсе Ізраільцяне!

5

Ці ня ведаеце вы, што Гасподзь Бог Ізраілеў даў царства Давіду над Ізраілем навек, яму і сынам ягоным, па запавеце солі?

6

Але паўстаў Ераваам, сын Наватаў, раб Саламона, сына Давідавага, і ўзбунтаваўся супроць гаспадара свайго.

7

І сабраліся вакол яго людзі, людзі распусныя, і ўмацаваліся супроць Раваама, сына Саламонавага; а Раваам быў малады і слабы сэрцам і ня ўстояў супроць іх.

8

І цяпер вы думаеце ўстояць супроць царства Гасподняга ў руцэ сыноў Давідавых, бо вас вялікае мноства, і ў вас залатыя цяляты, якіх Ераваам зрабіў вам багамі.

9

Ці ня вы выгналі сьвятароў Гасподніх, сыноў Аарона, і лявітаў, і паставілі ў сябе сьвятароў, якія ў народаў іншых земляў? Кожны, хто прыходзіць для пасьвячэньня свайго зь цялём і зь сямю баранамі, робіцца ў вас сьвятаром фальшывых багоў.

10

А ў нас — Гасподзь Бог наш; мы не пакідалі Яго, і Госпаду служаць сьвятары, сыны Ааронавыя, і лявіты пры сваёй справе.

11

І паляць яны Госпаду цэласпаленьні кожнае раніцы і кожнага вечара, і пахучае дымленьне, і кладуць радамі хлябы на стале чыстым, і запальваюць залатую сьвяцільню і лампады яе, каб гарэлі кожнага вечара, бо мы выконваем устаноўленае Госпадам Богам нашым, а вы пакінулі Яго.

12

І вось, у нас на чале Бог, і сьвятары Ягоныя, і трубы гучнагалосыя, каб грымець супроць вас. Сыны Ізраілевыя! не ваюйце з Госпадам Богам бацькоў вашых, бо ня мецьмеце посьпеху.

13

Між тым Ераваам паслаў атрад у засаду з тылу ім, так што сам ён быў наперадзе Юдэяў, а засада за імі.

14

І азірнуліся Юдэі, і вось, ім бітва сьпераду і ззаду; і залямантавалі яны да Госпада, а сьвятары затрубілі ў трубы.

15

І ўсклікнулі Юдэі. І калі ўсклікнулі Юдэі, Бог пабіў Ераваама і ўсіх Ізраільцянаў перад абліччам Авіі і Юды.

16

І пабеглі сыны Ізраілевыя ад Юдэяў, і перадаў іх Бог у рукі ім.

17

І ўчынілі ў іх Авія і народ ягоны разгром вялікі; і загінула ў Ізраіля пяцьсот тысяч чалавек адборных.

18

І ўпакорыліся тады сыны Ізраілевыя, і былі моцныя сыны Юдавыя, бо спадзяваліся на Госпада Бога бацькоў сваіх.

19

І перасьледаваў Авія Ераваама і ўзяў у яго гарады: Вэтыль і залежныя ад яго гарады, і Ешану і залежныя ад яе гарады, і Эфрон і залежныя ад яго гарады.

20

І не ўваходзіў больш у сілу Ераваам у дні Авіі. І пабіў яго Гасподзь, і ён памёр.

21

А Авія ўзмацнеў; і ўзяў сабе чатырнаццаць жонак і спарадзіў дваццаць два сыны і шаснаццаць дочак.

22

Астатнія дзеі Авіі і ягоныя ўчынкі і словы апісаны ў сказаньні прарока Ады.