1 Хронікі 16

1

І прынесьлі каўчэг Божы, і паставілі яго сярод скініі, якую зладзіў яму Давід, і ўзьнесьлі Богу цэласпаленьні і мірныя ахвяры.

2

Калі Давід закончыў цэласпаленьні і прынашэньне мірных ахвяр, дык дабраславіў народ імем Госпада.

3

І раздаў усім Ізраільцянам, і мужчынам і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку мяса і па кубку віна,

4

і паставіў на службу перад каўчэгам Гасподнім некаторых зь лявітаў, каб яны славасловілі, дзякавалі і ўсхвалялі Госпада Бога Ізраілевага:

5

Асафа галоўным, другім пасьля яго Захара, Еэла, Шэмірамота, Ехііла, Мататыю, Эліява, і Ванэю, Авэд-Эдома і Еэла з псалтырамі і цытрамі, і Асафа для ігры на кімвалах,

6

а Ванэю і Азііла, сьвятароў, каб пастаянна трубілі перад каўчэгам запавета Божага.

7

У гэты дзень Давід першы раз даў псальму для ўсхваленьня Госпада праз Асафа і братоў ягоных:

8

слаўце Госпада, узносьце імя Яго; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя;

9

сьпявайце Яму, барабаньце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя;

10

хвалецеся імем Ягоным сьвятым: хай радуецца сэрца тых, што шукаюць Госпада;

11

знайдзеце Госпада і сілы Яго, шукайце няспынна аблічча Яго;

12

спамінайце цуды, якія Ён стварыў, азнакі Яго і суды вуснаў Ягоных,

13

вы, семя Ізраілевае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Яго`

14

Ён Гасподзь Бог наш, суды Яго па ўсёй зямлі.

15

Памятайце вечна запавет Яго, слова, якое Ён наказаў у тысячы родаў,

16

тое, што наказваў Абрагаму, і ў чым запрысягаўся Ісааку,

17

і што паставіў Якаву ў закон, і Ізраілю ў запавет вечны,

18

кажучы: табе дам Я зямлю Ханаанскую, у спадчынны надзел вам.

19

Яны былі тады малалікія і мізэрныя, і прыхадні ў ёй,

20

і пераходзілі ад народу да народу, з аднаго царства да другога народу;

21

але Ён нікому не дазволіў крыўдзіць іх і выкрываў за іх цароў:

22

не дакранайцеся да памазаных Маіх, і прарокам Маім не рабеце ліха.

23

Сьпявайце Госпаду, уся зямля, дабравяшчайце дзень у дзень выратаваньне Яго.

24

Абвяшчайце язычнікам славу Яго, усім народам цуды Ягоныя,

25

бо вялікі Гасподзь і варты хвалы, страшны больш за ўсіх багоў.

26

Бо ўсе багі народаў нішто, а Гасподзь нябёсы стварыў.

27

Слава і веліч перад абліччам Ягоным, магутнасьць і радасьць на месцы Ягоным.

28

Узьнясеце Госпаду, плямёны народаў, узьнясеце Госпаду славу і гонар,

29

узьнясеце Госпаду славу імя Ягонага. Вазьмеце дар, ідзеце прад аблічча Яго, пакланецеся Госпаду ў харастве сьвятыні Яго.

30

Трымці перад ім, уся зямля, бо Ён запачаткаваў сусьвет, ён не пахісьнецца.

31

Хай весяляцца нябёсы, хай радуецца зямля, і хай скажуць у народах: Гасподзь валадарыць`

32

Хай плешча мора і што напаўняе яго, хай радуецца поле і ўсё, што на ім.

33

Хай пераможна радуюцца ўсе дрэвы дуброўныя прад абліччам Госпада, бо Ён ідзе судзіць зямлю.

34

Слаўце Госпада, бо навечна міласьць Яго,

35

і скажэце: выратуй нас, Божа, Выратавальнік наш! Зьбяры нас і выбаві нас ад народаў, хай жа ўславім сьвятое імя Тваё і хай жа пахвалімся славаю Тваёю.

36

Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў ад веку і да веку` І сказаў увесь народ: амін! алілуя!

37

Давід пакінуў там, перад каўчэгам запавета Гасподняга, Асафа і братоў ягоных, каб яны служылі перад каўчэгам пастаянна, кожны дзень,

38

і Авэд-Эдома і братоў ягоных, шэсьцьдзясят восем чалавек; Авэд-Эдома, сына Ідытунавага, і Хосу — брамнікамі,

39

а Садока сьвятара і братоў яго сьвятароў — перад жытлішчам Гасподнім, што на вышыні ў Гаваоне,

40

для прынашэньня цэласпаленьняў Госпаду на ахвярніку цэласпаленьня пастаянна, раніцай і ўвечары, і дзеля ўсяго, што напісана ў законе Госпада, які Ён наказаў Ізраілю;

41

і зь імі Эмана і Ідытуна і іншых выбраных, якія назначаны паіменна, каб славіць Госпада, бо вечная міласьць Ягоная.

42

Пры іх Эман і Ідытун праслаўляі Бога, іграючы на трубах, кімвалах і розных музычных спарудах; а сыноў Ідытуна паставіў пры браме.

43

І пайшоў увесь народ, кожны ў свой дом; вярнуўся і Давід, каб дабраславіць дом свой.