1 Хронікі 11

1

І сабраліся ўсе Ізраільцяне да Давіда ў Хэўрон і сказалі: вось, мы костка твая і плоць твая;

2

і ўчора і заўчора, калі яшчэ Саўл быў царом, ты выводзіў і ўводзіў Ізраіля, і Гасподзь Бог твой сказаў табе: ты будзеш пасьвіць народ Мой Ізраіля і ты будзеш правадыр народу Майго Ізраіля.

3

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя да цара ў Хэўрон, і заключыў зь імі Давід запавет у Хэўроне перад абліччам Гасподнім; і яны памазалі Давіда ў цара над Ізраілем, па слове Гасподнім, праз Самуіла.

4

І пайшоў Давід і ўвесь Ізраіль да Ерусаліма, гэта значыць, да Евуса. А там былі Евусэі, жыхары той зямлі.

5

І сказалі жыхары Евуса Давіду: ня ўвойдзеш сюды. Але Давід узяў крэпасьць Сіён: гэта — горад Давідаў.

6

І сказаў Давід: хто першы за ўсіх паб'е Евусэяў, той будзе галавою і ваенным начальнікам. І ўзышоў самы першы Ёаў, сын Саруі, і зрабіўся ўзначальцам.

7

Давід жыў у той крэпасьці, таму і называлі яе горадам Давідавым.

8

І ён забудаваў горад навакол, ад Міло, усю ваколіцу, а Ёаў аднавіў астатні горад.

9

І меў посьпех Давід, і ўзвышаўся больш і больш, і Гасподзь Саваоф быў зь ім.

10

Вось галоўныя з моцных у Давіда, якія многа спасаблялі яму ў царстве ягоным, разам з усім Ізраілем, каб паставіць яго царом, па слове Гасподнім, над Ізраілем,

11

і вось лік адважных мацакоў, якія былі ў Давіда: Есваал, сын Ахамані, галоўны з трыццаці: ён падняў дзіду сваю на трыста чалавек і пабіў іх за адзін раз.

12

Пасьля яго Элеазар, сын Дадо Ахах'яніна, адзін з трох мацакоў:

13

ён быў з Давідам у Фасдаміме, куды Філістымляне сабраліся на вайну. Там частка поля была засеяна ячменем, і народ пабег ад Філістымлянаў;

14

але яны сталі сярод поля, убераглі яго і пабілі Філістымлянаў. І дараваў Гасподзь выратаваньне вялікае!

15

Трое гэтых галоўных з трыццаці правадыроў падняліся на скалу да Давіда, у пячору Адалам, калі табар Філістымлянаў быў разьмешчаны ў даліне Рэфаімавай.

16

Давід тады быў ва ўмацаваным месцы, а ахоўнае войска Філістымлянаў было тады ў Віфляеме.

17

І моцна захацелася піць Давіду, і ён сказаў: хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы?

18

Тады гэтыя трое прабіліся праз табар Філістымскі і зачарпнулі вады з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы, і ўзялі, і прынесьлі Давіду. Але Давід не захацеў піць яе і выліў яе ў славу Госпада,

19

і сказаў: аслані мяне Гасподзь, каб я зрабіў гэта! Ці ж буду я піць кроў мужоў гэтых, якія клалі душы свае! Бо зь небясьпекай свайму жыцьцю яны прынесьлі ваду. І не захацеў піць яе. Вось што зрабілі гэтыя тры мацакі.

20

І Авэса, брат Ёава, быў галоўны з трох: ён забіў дзідай сваёй трыста чалавек, і быў у славе ў тых трох.

21

З трох ён быў самы знакаміты і быў начальнікам; але з тымі трыма не раўняўся.

22

Ванэя, сын Ёдая, мужа адважнага, вялікі па дзеях, з Каўцэіла: ён пабіў двух сыноў Арыіла Маавіцкага; ён жа сышоў і забіў ільва ў рове, у сьнежны час;

23

ён жа забіў Егіпцяніна, чалавека ростам у пяць локцяў: у руцэ ў Егіпцяніна была дзіда, як навой у ткачоў, а ён падышоў да яго з кіем і, вырваўшы дзіду з рукі Егіпцяніна, забіў яго ягонай жа дзідай:

24

вось, што зрабіў Ванэя, сын Ёдая, і ён быў у славе ў тых трох мацакоў;

25

ён быў больш знакаміты за тых трыццацёх, але з трыма не раўняўся, і Давід паставіў яго бліжэйшым выканаўцам сваіх загадаў.

26

А галоўныя з воінаў: Асаіл, брат Ёава: Элханан, сын Дадо, зь Віфляема;

27

Шама Гарадыцянін; Хэрэц Пэланіцянін;

28

Іра, сын Ікеша, Тэкаіцянін; Эвіезэр Анатацянін;

29

Сіўхай Хушацянін; Ілай Ахахіянін.

30

Магарай Нэтафатыцянін; Хэлэд, сын Вааны, Хэтафацянін;

31

Ітай; сын Рыбая, зь Гівы Веньямінавай: Ванэя Піратанянін:

32

Хурай з Нагалэ-Гааша; Авіел з Аравы;

33

Азмавэт Бахаруміянін; Эліяхба Шаалбанянін.

34

Сыны Гашэма Гізаніцяніна: Ёнатан, сын Шаге, Гарарыцянін;

35

Ахіям, сын Сахара, Гарарыцянін; Эліфал, сын Уры;

36

Хэфэр з Махэры; Ахія Пэланіцянін;

37

Хэцрой Кармэліцянін; Наарай, сын Эзбая;

38

Ёіл, брат Натана; Міўхар, сын Гагрыя;

39

Цэлэк Аманіцянін; Нахарай Бэрацянін, збраяносец Ёава, сына Саруі;

40

Іра Ітрыянін; Гарэб Ітрыянін;

41

Урыя Хэтэянін; Завад, сын Ахлая;

42

Адына, сын Шызы, Рувімлянін, узначалец Рувімлянаў, і ў яго,было трыццаць;

43

Ханан, сын Маахі; Ёсафат Мітніянін;

44

Узія Аштэрацянін; Шама і Еэл, сыны Хатама Араэраніна;

45

Ед'яэл, сын Шымрыя, і Ёха, брат ягоны, Тыціянін;

46

Эліел з Махавіма, і Ерывай і Ёшавія, сыны Элнаама, і Ітма, Маавіцянін;

47

Эліел, Авэд і Ясіел з Мэцаваі.