2 Цароў 4

1

Адна жонка сыноў прарокавых зь лямантам казала Елісею: раб твой, мой муж памёр; а ты ведаеш, што раб твой баяўся Госпада; цяпер прыйшоў пазыковец забраць абодвух дзяцей маіх у рабы сабе.

2

І сказаў ёй Елісей: што мне зрабіць табе? скажы мне, што ёсьць у цябе ў доме? Яна сказала: няма ў рабы тваёй нічога ў доме, акрамя посуду з алеем.

3

І сказаў ён: ідзі, папрасі сабе посуду на старане, ва ўсіх суседзяў тваіх, посуду парожняга; набяры многа,

4

і ідзі, замкні дзьверы за сабою і за сынамі тваімі, і налівай ва ўвесь гэты посуд; поўны адстаўляй.

5

І пайшла ад яго і замкнула дзьверы за сабою і за сынамі сваімі. Яны падавалі ёй, а яна налівала.

6

Калі посуд быў напоўнены, яна сказала сыну свайму: падай мне яшчэ пасудзіну. Ён сказаў: больш няма посуду. І спыніўся алей.

7

І прыйшла яна і пераказала чалавеку Божаму. Ён сказаў: ідзі, прадай алей і сплаці пазыку тваю; а што застанецца, тым будзеш жыць з сынамі тваімі.

8

Аднаго разу прыйшоў Елісей у Сонам. Там адна багатая жанчына запрасіла яго да сябе есьці хлеб, і калі б ён ні прыходзіў, заходзіў туды есьці хлеб.

9

І сказала яна мужу свайму: вось, я ведаю, што чалавек Божы, які пастаянна праходзіць міма нас, сьвяты;

10

зробім невялікую сьвяцёлку над сьцяною і паставім яму там пасьцель і стол, і сядзеньне і сьвяцільню, і калі ён будзе прыходзіць да нас, хай заходзіць туды.

11

Аднаго дня ён прыйшоў туды, і зайшоў у сьвяцёлку, і лёг там,

12

і сказаў Гіезію, слузе свайму: пакліч гэту Санаміцянку. І паклікаў яе, і яна стала перад ім.

13

І сказаў яму: скажы ёй: вось, ты так клапоцішся за нас: што б зрабіць табе? ці ня трэба табе пагаварыць з царом, альбо з ваеначальнікам? Яна сказала: не, сярод свайго народу я жыву.

14

І сказаў ён: што б зрабіць ёй? І сказаў Гіезій: ды вось, сына няма ў яе, а муж яе стары.

15

І сказаў ён: пакліч яе. Ён паклікаў яе, і стала яна ў дзьвярах.

16

І сказаў ён: праз год, у гэты самы час ты будзеш трымаць на руках сына. І сказала яна: не, спадару мой, чалавеча Божы, не падманвай рабы тваёй.

17

І жанчына стала цяжарная і нарадзіла сына на другі год, у той самы час, як сказаў ёй Елісей.

18

І падрасло дзіця і аднаго дня пайшло да бацькі свайго, да жняцоў.

19

І сказала бацьку свайму: галава мая! Галава мне баліць. І сказаў той слузе свайму: занясі гэта маці ягонай.

20

І панёс яго і прынёс яго маці ягонай. І яно сядзела на каленях у яе да полудня і памерла.

21

І пайшла яна, і паклала яго на пасьцелі чалавека Божага, і замкнула яго, і выйшла,

22

і паклікала мужа свайго і сказала: прышлі мне аднаго слугу і адну асьліцу, я паеду да чалавека Божага і вярнуся.

23

Ён сказаў: навошта табе ехаць да яго? сёньня не навамесячны час і ня субота. Але яна сказала: добра.

24

І асядлала яна асьліцу і сказала слузе свайму: вядзі і йдзі; ня спыняйся, пакуль не скажу табе.

25

І выправілася і прыбыла да чалавека Божага, да гары Карміл. І калі ўбачыў чалавек Божы яе здалёк, дык сказаў слузе свайму Гіезію: гэта тая Санаміцянка;

26

бяжы ёй насустрач і скажы ёй: ці здаровая ты? ці здаровы твой муж? ці здаровае дзіця? — Яна сказала: здаровыя.

27

А калі прыйшла да чалавека Божага на гару, ухапілася за ногія ягоныя. І падышоў Гіезій, каб адвесьці яе; але чалавек Божы сказаў: пакінь яе, душа ў яе засмучаная, а Гасподзь утоіў ад мяне і не абвясьціў мне.

28

І сказала яна: ці прасіла я сына ў гаспадара майго? ці ж не казала я: не падманвай мяне?

29

І сказаў ён Гіезію: аперажы сьцёгны твае і вазьмі жазло маё ў руку тваю і йдзі; калі сустрэнеш каго, ня вітай яго, і калі хто будзе цябе вітаць, не адказвай яму; і пакладзі кій мой на твар дзіцяці.

30

І сказала маці дзіцяціна: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не адстану ад цябе. І ён устаў і пайшоў зь ёю.

31

Гіезій пайшоў паперадзе іх і паклаў жазло на твар дзіцяці. Але ня было ні голасу, ні адказу. І выйшаў насустрач яму, і данёс яму, і сказаў: ня будзіцца дзіця.

32

І ўвайшоў Елісей у дом, і вось, дзіця памерлае ляжыць на пасьцелі ягонай.

33

І ўвайшоў, і замкнуў дзьверы за сабою, і памаліўся Госпаду;

34

і падняўся і лёг над дзіцём, і прыклаў свае вусны да яго вуснаў, і свае вочы да яго вачэй, і свае далоні да яго далоняў, і прасьцёрся на ім, і сагрэлася цела дзіцяці.

35

І ўстаў і прайшоў па сьвяцёлцы ўзад і ўперад; потым зноў падняўся і прасьцёрся на ім. І чыхнула дзіця разоў сем, і расплюшчыла дзіця вочы свае.

36

І паклікаў ён Гіезія і сказаў: пакліч гэтую Санаміцянку. І той паклікаў яе. Яна прыйшла да яго, і ён сказаў: вазьмі сына твайго.

37

І падышла, і ўпала яму ў ногі, і пакланілася да зямлі; і ўзяла сына свайго і пайшла.

38

А Елісей вярнуўся ў Галгал. І быў голад у зямлі той, і сыны прарокаў сядзелі перад ім. І сказаў ён слузе свайму: пастаў вялікі кацёл і згатуй поліўку сынам прарокавым.

39

І выйшаў адзін зь іх у поле зьбіраць гародніну, і знайшоў дзікую павойную расьліну, і набраў зь яе дзікіх пладоў поўную вопратку сваю; і прыйшоў і накрышыў іх у кацёл з поліўкаю, бо яны ня ведалі іх.

40

І налілі ім есьці. Але як толькі пачалі яны есьці поліўку, дык нарабілі крыку і сказалі: сьмерць у катле, чалавеча Божы! І не маглі есьці.

41

І сказаў ён: падайце мукі. І ўсыпаў яе ў кацёл і сказаў Гіезію : налівай людзям, хай ядуць. І ня стала нічога шкоднага ў катле.

42

Прыйшоў нехта з Ваалшалішы і прынёс чалавеку Божаму хлебны пачатак — дваццаць ячных хлебцаў і сырыя неабшалушаныя зярняты. І сказаў Елісей: аддай людзям, хай ядуць.

43

І сказаў слуга ягоны: што тут я дам ста чалавекам? І сказаў ён: аддай людзям, хай ядуць, бо так кажа Гасподзь: насыцяцца, і застанецца.

44

Ён падаў ім, і яны насыціліся, і яшчэ засталося, па слове Гасподнім.