2 Цароў 19

1

Калі пачуўгэта цар Эзэкія, дык падраў вопратку на сабе і накрыўся вярэтай, і пайшоў у дом Гасподні.

2

І паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісца, і старэйшых сьвятароў, пакрытых вярэтай, да Ісаі прарока, сына Амосавага.

3

І яны сказалі яму: так кажа Эзэкія: дзень смутку і кары і паганьбеньня — дзень гэты; бо дайшлі немаўляты да адтуліны нутробы мацярынскай, а сілы няма нарадзіць.

4

Можа, пачуе Гасподзь, Бог, твой усе словы Рабсака, якога паслаў цар Асірыйскі, гаспадар ягоны, зьневажаць Бога жывога і ганіць яго словамі, якія чуў Гасподзь, Бог твой. Учыні ж малітву за пазасталых, якія яшчэ жывыя.

5

І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі,

6

і сказаў ім Ісая: так скажэце гаспадару вашаму: так кажа Гасподзь: ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі ганілі Мяне слугі цара Асірыйскага.

7

Вось Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я паб'ю яго мечам у зямлі ягонай.

8

І вярнуўся Рабсак, і знайшоў цара Асірыйскага, які ваяваў супроць Ліўны, бо ён чуў, што той адышоў ад Лахіса.

9

І пачуў ён пра Тыргака, цара Эфіопскага; яму сказалі: вось, ён выйшаў біцца з табою. І паслаў ён паслоў да Эзэкіі сказаць:

10

так скажэце Эзэкію, цару Юдэйскаму: няхай не ашуквае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, думаючы: ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі цара Асірыйскага.

11

Ты ж чуў, што зрабілі цары Асірыйскія з усімі землямі, наклаўшы на іх закляцце,— дык жа ці ты ацалееш?

12

Багі народаў, якіх спустошылі бацькі мае, ці ж выратавалі іх? — Ці выратавалі Газан, і Харан, і Рэцэф, і сыноў Эдэна, што ў Таласары?

13

Дзе цар Эмата, і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Эны і Івы?

14

І ўзяў Эзэкія ліст з рукі паслоў і прачытаў яго, і пайшоў у дом Гасподні, і разгарнуў яго Эзэкія перад абліччам Гасподнім,

15

і маліўся Эзэкія перад абліччам Гасподнім і казаў: Госпадзе Божа Ізраілеў, Які сядзіць на херувімах! Ты адзін Бог усіх царстваў зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.

16

Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй; разамкні, Госпадзе, вочы Твае і паглядзі, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў ганіць Бога жывога!

17

Праўда, о, Госпадзе, цары Асірыйскія спустошылі народы і землі іхнія,

18

і паўкідалі багоў іхніх у агонь, але гэта не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень,— таму і вынішчылі іх.

19

І сёньня, Госпадзе Божа наш, выратуй нас ад рукі ягонай, і даведаюцца ўсе царствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін.

20

І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэкіі сказаць: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: тое, за што ты молішся Мне супроць Сэнахірыма, цара Асірыйскага, Я пачуў.

21

Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра яго: пагардзіць цябе, пасьмяецца зь цябе дзеўная дачка Сіёна; усьлед табе пахітае галавою дачка Ерусаліма.

22

Каго ты асуджаў і ганіў? І на каго ты падняў голас, і падняў так высока вочы свае? На Сьвятога Ізраілевага?

23

Праз паслоў тваіх ты асуджаў Госпада і сказаў: з мноствам калясьніц маіх я ўзышоў на вышыню гор, на рэбры Лівана, і сьсёк рослыя кедры яго, выдатныя кіпарысы яго, і прыйшоў на самае крайняе прыстанішча яго, у гай саду яго:

24

і адкопваў я і піў ваду чужую, і асушу ступакамі ног маіх усе рэкі Егіпецкія.

25

Хіба ты ня чуў, што Я здаўна зрабіў гэта, у даўнія дні наканаваў гэта, а сёньня выканаў тым, што ты спусташаеш умацаваныя гарады, ператвараючы ў груды развалін?

26

І жыхары іх зрабіліся маламоцныя, трымцяць і застаюцца ў сораме. Яны сталі як трава на полі і сьвежая зеляніна, як пораст на дахах і апалены хлеб, да таго як выкаласіцца.

27

Ці сядзеш ты, ці выйдзеш, ці ўвойдзеш, Я ўсё ведаю; ведаю і дзёрзкасць тваю супроць Мяне.

28

За тваю дзёрзкасць супроць Мяне і за тое, што пагарда твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае ў рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою прыйшоў ты.

29

І вось табе, Эзэкія, азнака: ежце ў гэты год тое, што вырасла ад апалага зерня, і на другі год — самароднае, а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады і ежце плады іх.

30

І ацалелае ў доме Юдавым, што засталося, пусьціць зноў корань унізе і ўродзіць плод наверсе,

31

бо зь Ерусаліма павядзецца рэшта, і выратаваньне ад гары Сіёна. Руплівасць Госпада Саваофа зробіць гэта.

32

Таму так кажа Гасподзь пра цара Асірыйскага: ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня кіне туды стрэлы, і не падступіцца да яго з шчытом, і не насыпле супроць яго вала.

33

Тою самаю дарогай, якою прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа Гасподзь.

34

Я буду ахоўваць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго.

35

І сталася тае ночы: пайшоў анёл Гасподні і пабіў у табары Асірыйскім сто восемдзесят пяць тысяч. І ўсталі раніцай, і вось усе целы мёртвыя.

36

І выправіўся, і пайшоў, і вярнуўся Сэнахірым, цар Асірыйскі, і жыў у Нінэвіі.

37

І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, дык Адрамэлэх і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мечам, а самыя ўцяклі ў зямлю Арарацкую. І зацараваў Асардан, сын ягоны, замест яго.