2 Цароў 13

1

У дваццаць трэці год Ёаса, сына Ахозіінага, цара Юдэйскага, зацараваў Ёахаз, сын Іуя, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў сямнаццаць гадоў,

2

і рабіў благое ў вачах Гасподніх, і хадзіў у грахах Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, і не адставаў ад іх.

3

І загарэўся гнеў Госпада на Ізраіля, і Ён аддаваў іх у руку Азаіла, цара Сірыйскага, і ў руку Вэнадада, сына Азаілавага, ва ўсе дні.

4

І памаліўся Ёахаз абліччу Гасподняму, і пачуў яго Гасподзь, бо бачыў прыгнечанасьць Ізраільцян, бо цясьніў іх цар Сірыйскі.

5

І даў Гасподзь Ізраільцянам збаўцу, і выйшлі яны з-пад рукі Сірыйцаў, і жылі сыны Ізраілевыя ў намётах сваіх, як учора і заўчора.

6

Аднак не адступалі ад грахоў дома Ераваама, які ўвёў Ізраіля ў грэх; хадзілі ў іх, і дуброва стаяла ў Самарыі.

7

У Ёахаза заставалася войска толькі пяцьдзясят вершнікаў, дзесяць калясьніц і дзесяць тысяч пешых, бо вынішчыў іх цар Сірыйскі і абярнуў іх у пыл на патаптаньне.

8

Астатняе пра Ёахаза і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

9

І спачыў Ёахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І зацараваў Ёас, сын ягоны, замест яго.

10

У трыццаць сёмы год Ёаса, цара Юдэйскага, зацараваў Ёас, сын Ёахазаў, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў шаснаццаць гадоў,

11

і рабіў благое ў вачах Гасподніх; не адставаў ад усіх грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, а хадзіў у іх.

12

Астатняе пра Ёаса і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, як ён ваяваў з Амасіем, царом Юдэйскім, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

13

І спачыў Ёас з бацькамі сваімі, а Ераваам сеў на троне яго. І пахаваны Ёас у Самарыі з царамі Ізраільскімі.

14

Елісей захварэў на хваробу, ад якое пасьля і памёр. І прыйшоў да яго Ёас, цар Ізраільскі, і плакаў над ім, і казаў: бацька мой! бацька мой! калясьніца Ізраіля і коньніца ягоная!

15

І сказаў яму Елісей: вазьмі лук і стрэлы. І ўзяў ён лук і стрэлы.

16

І сказаў цару Ізраільскаму: пакладзі руку тваю на лук. І паклаў ён руку сваю. І паклаў Елісей рукі свае на рукі цара,

17

і сказаў: адчыні акно на ўсход. І ён адчыніў. І сказаў Елісей: стрэльні. І ён стрэліў. І сказаў: гэта страла збавеньня ад Госпада і страла збавеньня супроць Сірыі, і ты паб'еш Сірыйцаў у Атэку дарэшты.

18

І сказаў Елісей : вазьмі стрэлы. І ён узяў. І сказаў цару Ізраільскаму: бі па зямлі. І ўдарыў ён тры разы, і спыніўся.

19

І ўгневаўся на яго чалавек Божы і сказаў: трэба было біць пяць ці шэсьць разоў, тады ты пабіў бы Сірыйцаў зусім, а цяпер толькі тры разы паб'еш Сірыйцаў.

20

І памёр Елісей, і пахавалі яго. І полчышчы Маавіцян прыйшлі ў зямлю на другі год.

21

І было, што калі хавалі аднаго чалавека, дык, убачыўшы гэта полчышча, пахавальнікі кінулі таго чалавека ў магілу Елісеевую, і ён, падаючы, дакрануўся да касьцей Елісея, і ажыў, і ўстаў на ногі свае.

22

Азаіл, цар Сірыйскі, цясьніў Ізраільцян ва ўсе дні Ёахаза.

23

Але Гасподзь умілажаліўся зь іх і памілаваў іх, і зьвярнуўся да іх дзеля запавету Свайго з Абрагамам, Ісакам і Якавам, і не хацеў зьнішчыць іх, і не адхіліў іх ад аблічча Свайго дагэтуль.

24

І памёр Азаіл, цар Сірыйскі, і зацараваў Вэнадад, сын ягоны, замест яго.

25

І ўзяў назад Ёас, сын Ёахаза, з рукі Вэнадада, сына Азаілавага, гарады, якія ён узяў вайною з рукі бацькі ягонага, Ёахаза. Тры разы разьбіў яго Ёас і вярнуў гарады Ізраілевыя.