1 Цароў 7

1

А свой дом Саламон будаваў трынаццаць гадоў і закончыў увесь дом свой.

2

І пабудаваў ён дом з дрэва Ліванскага, даўжынёю сто локцяў, шырынёю пяцьдзясят локцяў, а вышынёю трыццаць локцяў, на чатырох радах кедровых слупоў; і кедровыя бярвеньні пакладзены былі на слупах.

3

І насланы быў памост з кедра над бярвеньнямі на сарака пяці слупах, па пятнаццаць у рад.

4

Аконных вушакоў было тры рады; і тры рады вокан, акно насупраць акна.

5

І ўсе дзьверы і дзьвярныя вушакі былі чатырохвугольныя, і акно насупраць акна, у тры рады.

6

І бабінец са слупоў зрабіў ён даўжынёю пяцьдзясят локцяў, шырынёю трыццаць локцяў, і перад імі ганак, і слупы, і парог перад імі.

7

Яшчэ бабінец з пасадам, зь якога ён судзіў, бабінец для судзілішча зрабіў ён і пакрыў усе падлогі кедрам.

8

У доме, дзе ён жыў, другі двор за бабінцам быў такога самага ўсталяваньня. І ў доме дачкі фараонавай, якую ўзяў за сябе Саламон, ён зрабіў такі самы бабінец.

9

Усё гэта было зроблена з дарагіх камянёў, абчасаных паводле памеру, абрэзаных пілою, з унутранага і вонкавага боку, ад асновы да выступаў, і з вонкавага боку да вялікага двара.

10

І ў аснову пакладзены былі камяні дарагія, камяні вялікія, камяні дзесяць локцяў і камяні восем локцяў,

11

і зьверху дарагія камяні, абчасаныя паводле памеру, і кедр.

12

Вялікі двор абгароджаны быў вакол трыма радамі часаных камянёў і адным радам кедровых бярвеньняў; таксама і ўнутраны двор храма Госпада і бабінец храма.

13

І паслаў цар Саламон і ўзяў з Тыра Хірама,

14

сына адной удавы, з калена Нэфталімавага. Бацька яго Тыранін быў меднік; ён меў здольнасьць, майстэрства і ўменьне вырабляць усялякія рэчы зь медзі. І прыйшоў ён да цара Саламона і рабіў у яго ўсялякую працу:

15

і зрабіў ён два медныя слупы, кожны па васемнаццаць локцяў вышынёю, і шнурок дванаццаць локцяў абдымаў той і другі слуп;

16

і два вянкі, вылітыя зь медзі, ён зрабіў, каб пакласьці на вярху слупоў: пяць локцяў вышыні ў адным вянку і пяць локцяў вышыні ў другім вянку;

17

сеткі плеценага вырабу і шнуркі ў выглядзе ланцужкоў для вянкоў, якія былі на вярху слупоў: сем на адным вянку і сем на другім вянку.

18

Так зрабіў ён слупы і два рады гранатавых яблыкаў вакол сеткі, каб пакрыць вянкі, якія наверсе слупоў; тое самае зрабіў і для другога вянка.

19

А ў бабінцы вянкі наверсе слупоў зроблены як лілеі, у чатыры локці,

20

і вянкі на абодвух слупах наверсе, проста над выпуклінай, якая каля сеткі; і на другім вянку, радамі вакол, дзьвесьце гранатавых яблыкаў.

21

І паставіў слупы да бабінца храма; паставіў слуп па правы бок і даў яму імя Яхін, і паставіў слуп па левы бок і даў яму імя Воаз.

22

І над слупамі паставіў вянкі, зробленыя як лілеі. Так закончана праца над слупамі.

23

І зрабіў літае зь медзі мора,— ад краю яго да краю яго дзесяць локцяў,— зусім круглае, вышынёю пяць локцяў, і шнурок трыццаць локцяў абымаў яго вакол.

24

Падабенств а гуркоў пад краямі яго акружалі яго па дзесяць на локаць, акружалі мора з усіх бакоў у два рады; падабенствы гуркоў былі вылітыя зь ім адным ліцьцём.

25

Яно стаяла на дванаццаці валах: тры глядзелі на поўнач, тры глядзелі на захад, тры глядзелі на поўдзень і тры глядзелі на ўсход; мора ляжала на іх, і зады іхбылі павернутыя ўсярэдзіну пад яго.

26

Таўшчынёю яно было ў далонь, і краі яго, зробленыя падобна да беражкоў чары, былі падобныя на лілею, якая распусьцілася. Яно ўмяшчала дзьве тысячы батаў.

27

І зрабіў ён дзесяць медных падставак; даўжыня кожнай падстаўкі — чатыры локці, шырыня — чатыры локці і тры локці — вышыня.

28

І вось будова падставак: у іх сьцены, сьцены паміж навугольнымі пласьцінамі;

29

на сьценах, якія паміж навугольнікамі, ільвы, валы і херувімы; таксама і на навугольніках, а вышэй і ніжэй ільвоў і валоў — раскідзістыя вянкі;

30

каля кожнай падстаўкі па чатыры медныя колы і восі медныя. На чатырох кутах выступы накшталт плячэй, выступы літыя зьнізу, пад чараю, каля кожнага вянка.

31

Адтуліна ад унутранага вянка да верху адзін локаць; адтуліна яго круглая, як у падножжа слупоў, паўтара локця і каля адтуліны яго выявы; але бакавыя сьцены чатырохкутныя, ня круглыя.

32

Пад сьценамі было чатыры колы, і восі колаў у падстаўках; вышыня кожнага кола — паўтара локця.

33

Будова колаў такая самая, як і будова колаў у калясьніцы; восі іх і абады іх і сьпіцы іх, і калодкі іх, усё было літое.

34

Чатыры выступы на чатырох кутах кожнай падстаўкі; з падстаўкі выходзілі выступы яе.

35

І наверсе падстаўкі круглае ўзвышэньне на паўлокця вышыні; і наверсе падстаўкі тронкі яе і сьцены яе з адной зь ёю масы.

36

І вырабіў ён на дошчачках яе тронкі і на сьценах яе херувімаў, львоў і пальмы, колькі дзе дазваляла месца, і вакол раскідзістыя вянкі.

37

Так зрабіў ён дзесяць падставак: ва ўсіх іх адно ліцьцё, адна мера, адзін выгляд.

38

І зрабіў дзесяць медных умывальніц: кожная ўмывальніца мясьціла сорак батаў, кожная ўмывальніца была чатыры локці, кожная ўмывальніца стаяла на адной зь дзесяці падставак.

39

І расставіў падстаўкі — пяць на правым баку храма і пяць на левым баку храма, а мора паставіў на правым баку храма, на паўднёва-ўсходнім баку.

40

І зрабіў Хірам умывальніцы і лапаткі і чары. І закончыў Хірам усю працу, якую рабіў у цара Саламона для храма Гасподняга:

41

два слупы і дзьве апаяскі вянкоў, якія наверсе слупоў, і дзьве сеткі для накрываньня двух апаясак вянкоў, якія наверсе слупоў;

42

і чатырыста гранатавых яблыкаў на кожную сетку, для накрываньня двух апаясак вянкоў, што на слупах;

43

і дзесяць падставак і дзесяць умывальніц на падстаўках;

44

адно мора і дванаццаць валоў пад морам;

45

і тазы, і лапаткі, і чары. Усе рэчы, якія зрабіў Хірам цару Саламону для храма Госпада, з паліраванай медзі.

46

Цар выліваў іх у гліністай зямлі, у ваколіцах Ярдана, паміж Сакхотам і Цартанам.

47

І паставіў Саламон усе гэтыя рэчы на месца. З прычыны іх вялікага мноства, вага медзі ня вызначаная.

48

І зрабіў Саламон усе рэчы, якія ў храме Госпада: залаты ахвярнік і залаты стол, на якім хлябы выстаўленыя;

49

і сьвяцільні — пяць на правым баку і пяць на левым баку, перад заднім аддзяленьнем храма, з чыстага золата, і кветкі, і лампадкі, і абцужкі з золата;

50

і місы, і нажы, і чары, і латкі, і кадзільніцы з чыстага золата, і петлі ў дзьвярах унутранага храма ў Сьвятым Сьвятых і ў дзьвярах у храме таксама з золата.

51

Так зьвершана ўся праца, якую рабіў цар Саламон для храма Госпада. І прынёс Саламон прысвечанае Давідам, бацькам ягоным; срэбра і золата і рэчы аддаў у скарбніцы храма Гасподняга.