1 Цароў 2

1

Наблізіўся час памерці Давіду, і запавядаў ён сыну свайму Саламону, кажучы:

2

вось, я адыходжу ў дарогу ўсёй зямлі, а ты будзь цьвёрды і будзь мужны

3

і захоўвай запавет Госпада Бога твайго, ходзячы шляхамі Ягонымі і трымаючыся статутаў Ягоных і запаведзяў Ягоных, і вызначэньняў Ягоных і пастановаў Ягоных, як напісана ў законе Майсеевым, каб быў ты разумны ва ўсім, што будзеш рабіць, і ўсюды, куды зьвернешся;

4

каб Гасподзь выканаў слова Сваё, якое Ён сказаў пра мяне, кажучы: калі сыны твае будуць сачыць за шляхамі сваімі, каб хадзіць перад Мною ў ісьціне ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй, дык не перавядзецца муж ад цябе на троне Ізраілевым.

5

Яшчэ: ты ведаеш, што зрабіў мне Ёаў, сын Саруін, як абышоўся ён з двума правадырамі войска Ізраільскага, з Авэнірам, сынам Ніравым, і Амэсаем, сынам Етэравым, як ён аддаў іх сьмерці і праліў кроў ваенную ў мірны час, забарвяніўшы крывёю ваеннаю пояс на сьцёгнах сваіх і абутак на нагах сваіх:

6

учыні паводле мудрасьці тваёй, каб не адпусьціць сівізну ягоную мірна ў апраметную.

7

А сынам Вэрзэлія Галаадыцяніна зрабі ласку, каб яны былі сярод едакоў твайго стала, бо яны прыйшлі да мяне, калі я ўцякаў ад Авэсалома, брата твайго.

8

Вось яшчэ ў цябе Сэмэй, сын Геры Веньямініцяніна з Бахурыма: ён ліхасловіў мяне цяжкім ліхаслоўем, калі я ішоў у Маханаім; але ён выйшаў насустрач мне каля Ярдана, і я прысягнуў яму Госпадам, кажучы: я не заб'ю цябе мечам.

9

А ты не пакінь яго без пакараньня, бо ты чалавек мудры і ведаеш, што табе зрабіць зь ім, каб зьвесьці сівізну яго ў крыві ў апраметную.

10

І спачыў Давід з бацькамі сваімі і пахаваны быў у горадзе Давідавым.

11

Часу валадараньня Давіда над Ізраілем было сорак гадоў: у Хэўроне цараваў ён сем гадоў і трыццаць тры гады цараваў у Ерусаліме.

12

І сеў Саламон на троне Давіда, бацькі свайго, і валадараньне ягонае было вельмі моцнае.

13

І прыйшоў Аданія, сын Агіты, да Вірсавіі, маці Саламона. Яна сказала: ці зь мірам прыход твой? І сказаў ён: зь мірам.

14

І сказаў ён: у мяне ёсьць слова да цябе. Яна сказала: кажы.

15

І сказаў ён: ты ведаеш, што царства належала мне, і ўвесь Ізраіль зьвяртаў да мяне вочы свае, як на будучага цара; але царства адышло ад мяне і дасталася брату майму, бо ад Госпада было гэта яму;

16

цяпер я прашу ў цябе аднаго, не адмові мне. Яна сказала яму: кажы.

17

І сказаў ён: прашу цябе, пагавары з царом Саламонам, бо ён не адмовіць табе, каб ён даў мне Авісагу Сунаміцянку за жонку.

18

І сказала Вірсавія: добра, я пагавару з царом пра цябе.

19

І ўвайшла Вірсавія да цара Саламона сказаць яму пра Аданію. Цар устаў перад ёю і пакланіўся ёй і сеў на троне сваім. Паставілі трон і для маці цара, і яна села праваруч ад яго

20

і сказала: я маю да цябе адну невялікую просьбу, не адмові мне. І сказаў ёй цар: прасі, маці мая; я не адмоўлю табе.

21

І сказала яна: дай Авісагу Сунаміцянку Аданіі, брату твайму, за жонку.

22

І адказваў цар Саламон і сказаў маці сваёй: а навошта ты просіш Авісагу Сунаміцянку для Аданіі? прасі яму і царства, бо ён мой старэйшы брат, і яму сьвятар Авіятар і Ёаў, сын Саруін.

23

І прысягнуў цар Саламон Госпадам, кажучы: тое і тое хай зробіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі не на сваю душу сказаў Аданія такое слова;

24

а сёньня — жывы Гасподзь, Які ўмацаваў мяне і пасадзіў на троне Давіда, бацькі майго, і заладзіў мне дом, як казаў Ён,— а сёньня Аданія павінен памерці.

25

І паслаў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, які забіў яго, і ён памёр.

26

А сьвятару Авіятару цар сказаў: ідзі ў Анатот на тваё поле; ты варты сьмерці, але цяперашнім часам я не аддам цябе сьмерці, бо ты насіў каўчэг Уладара Госпада перад Давідам, бацькам маім, і цярпеў усё, што цярпеў бацька мой.

27

І вызваліў Саламон Авіятара ад сьвятарства Гасподняга, і спраўдзілася слова Гасподняе, якое сказаў Ён пра дом Ільлі ў Сіломе.

28

Чуткі дайшлі да Ёава,— як што Ёаў схіляўся на бок Аданіі, а на бок Саламона ня схіляўся,— і ўцёк Ёаў у скінію Гасподнюю і ўхапіўся за рогі ахвярніка.

29

І данесьлі цару Саламону, што Ёаў уцёк у скінію Гасподнюю і што ён каля ахвярніка. І паслаў Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, кажучы: ідзі, забі яго.

30

І прыйшоў Ванэя ў скінію Гасподнюю і сказаў яму: так сказаў цар: выходзь. І сказаў той: не, я хачу памерці тут. Ванэя перадаў гэта цару, кажучы: так сказаў Ёаў і так адказваў мне.

31

Цар сказаў яму: зрабі, як ён сказаў, і забі яго і пахавай яго, і здымі нявінную кроў, пралітую Ёавам, зь мяне і з дома бацькі майго;

32

хай аберне Гасподзь кроў ягоную на галаву яго за тое, што ён забіў двух мужоў невінаватых і лепшых за яго: забіў мечам, бязь ведама бацькі майго Давіда, Авэніра, сына Ніравага, ваеначальніка Ізраільскага, і Амэсая, сына Етэравага, ваеначальніка Юдэйскага;

33

хай абернецца кроў іхняя на галаву Ёава і на галаву нашчадкаў ягоных навекі, а Давіду і нашчадкам ягоным, і дому ягонаму і трону ягонаму хай будзе мір навекі ад Госпада!

34

І пайшоў Ванэя, сын Ёдаеў, і забіў Ёава, і аддаў яго сьмерці, і ён быў пахаваны ў доме сваім у пустыні.

35

І паставіў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, замест яго над войскам; а Садока сьвятара паставіў цар замест Авіятара.

36

І паслаў цар паклікаць Сэмэя і сказаў яму: пабудуй сабе дом у Ерусаліме і жыві тут і нікуды ня выходзь адгэтуль;

37

і ведай, што ў той дзень, калі ты выйдзеш і пяройдзеш паток Кедрон, канечне памрэш; кроў твая будзе на галаве тваёй.

38

І сказаў Сэмэй цару: добра; як загадаў гаспадар мой цар, так зробіць раб твой. І жыў Сэмэй у Ерусаліме доўгі час.

39

Але праз тры гады здарылася, што ў Сэмэя два рабы ўцяклі да Анхуса, сына Маахі, цара Гэцкага. І сказалі Сэмэю, кажучы: вось, рабы твае ў Гэце.

40

І ўстаў Сэмэй, і асядлаў асла свайго, і выправіўся ў Гэт да Анхуса шукаць рабоў сваіх. І вярнуўся Сэмэй і прывёў рабоў сваіх з Гэта.

41

І данесьлі Саламону, што Сэмэй хадзіў зь Ерусаліма ў Гэт і вярнуўся.

42

І паслаўшы, паклікаў цар Сэмэя і сказаў яму: ці не прысягаў я табе Госпадам і ці не абвяшчаў табе, кажучы: ведай, што ў той дзень, як ты выйдзеш і пойдзеш куды-небудзь, канечне памрэш? і ты сказаў мне: добра;

43

чаму ж ты ня выканаў загаду, які я даў табе перад Госпадам з прысягаю?

44

І сказаў цар Сэмэю: ты ведаеш і ведае сэрца тваё ўсё зло, якое ты зрабіў бацьку майму Давіду; хай жа аберне Гасподзь ліха тваё на галаву тваю!

45

а цар Саламон хай будзе дабраславёны, і трон Давідаў хай будзе непахісны перад Госпадам вечна!

46

І загадаў цар Ванэю, сыну Ёдаеваму, і ён пайшоў і забіў Сэмэя, і той памёр.