1 Цароў 1

1

Калі цар Давід састарыўся, увайшоў у сталы век, дык накрывалі яго вопраткай, але ня мог сагрэцца.

2

І сказалі яму слугі ягоныя: няхай пашукаюць гаспадару нашаму цару маладую дзяўчыну, каб яна стаяла перад царом і хадзіла за ім і ляжала зь ім,— і будзе цёпла гаспадару нашаму цару.

3

І шукалі прыгожую дзяўчыну ва ўсіх межах Ізраільскіх, і знайшлі Авісагу Сунаміцянку, і прывялі яе да цара.

4

Дзяўчына была вельмі прыгожая, і хадзіла яна за царом і прыслужвала яму; але цар не спазнаў яе.

5

Аданія, сын Агіты, заганарыўшыся, казаў: я буду царом. І завёў сабе калясьніцы і коньнікаў і пяцьдзясят чалавек скараходаў.

6

А бацька ніколі не назаляўся яму пытаньнем: навошта ты гэта робіш? А ён быў вельмі прыгожы і нарадзіўся ў яго пасьля Авэсалома.

7

І раіўся ён зь Ёавам, сынам Саруіным, і з Авіятарам сьвятаром, і яны дапамагалі Аданію.

8

Але сьвятар Садок і Ванэя, сын Ёдаеў, і прарок Натан, і Сэмэй, і Рысій, і мацакі Давідавыя ня былі на баку Аданіі.

9

І закалоў Аданія авечак і валоў і цялят каля каменя Захэлэт, што каля крыніцы Рагэль, і запрасіў усіх братоў сваіх, сыноў цара, з усімі Юдэямі, якія служылі ў цара.

10

А прарока Натана і Ванэю, і тых мацакоў, і Саламона, брата свайго, не запрасіў.

11

Тады Натан сказаў Вірсавіі, маці Саламонавай, кажучы: ці чула ты, што Аданія, сын Агітын, зрабіўся царом, а гаспадар наш Давід, ня ведае пра тое?

12

Цяпер, вось, я раю табе: ратуй жыцьцё тваё і жыцьцё сына твайго Саламона.

13

Ідзі і ўвайдзі да цара Давіда і скажы яму: ці не прысягаўся ты, гаспадару мой цар, рабыні тваёй, кажучы: сын твой Саламон будзе царом пасьля мяне, і ён сядзе на троне маім? Чаму ж зацараваў Аданія?

14

І вось, калі ты яшчэ будзеш гаварыць з царом, увайду і я сьледам за табою і дапоўню словы твае.

15

Вірсавія пайшла да цара ў спальню; цар быў вельмі стары, і Авісага Сунаміцянка прыслужвала цару;

16

і нахілілася Вірсавія і пакланілася цару; і сказаў цар: што табе?

17

Яна сказала яму: гаспадару мой цару! ты прысягаў рабе тваёй Госпадам Богам тваім: сын твой Саламон будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім.

18

А цяпер, вось, Аданія зацараваў, і ты, гаспадару мой цару, ня ведаеш пра тое.

19

І закалоў ён многа валоў, цялят і авечак і запрасіў усіх сыноў царскіх і сьвятара Авіятара і ваеначальніка Ёава: а Саламона, раба твайго, не запрасіў.

20

А ты, гаспадару мой,— цар, і вочы ўсіх Ізраільцянаў глядзяць на цябе, каб ты абвясьціў ім, хто сядзе на троне гаспадара майго цара пасьля яго;

21

інакш, калі гаспадар мой цар спачне з бацькамі сваімі, упадзе віна на мяне і на сына майго Саламона.

22

Калі яна яшчэ гаварыла з царом, прыйшоў і прарок Натан.

23

І сказалі цару, кажучы: вось, Натан прарок. І ўвайшоў ён да цара і пакланіўся цару тварам да зямлі.

24

І сказаў Натан: гаспадару мой цар! ці сказаў ты: Аданія будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім?

25

Бо ён сёньня сышоў і закалоў многа валоў, цялят і авечак і запрасіў усіх сыноў царскіх і ваеначальнікаў і сьвятара Авіятара, і вось, яны ядуць і п'юць у яго і кажуць: хай жыве цар Аданія!

26

А мяне, раба твайго, і сьвятара Садока, і Ванэю, сына Ёдаевага, і Саламона, раба твайго, не запрасіў.

27

Ці ня сталася гэта па волі гаспадара майго цара, і чаму ты не адкрыў рабу твайму, хто сядзе на троне гаспадара майго цара пасьля яго?

28

І адказаў цар Давід і сказаў: паклічце да мяне Вірсавію. І ўвайшла яна і стала перад царом.

29

І прысягаў цар і сказаў: жывы Гасподзь, Які выбаўляе душу маю ад усякай бяды!

30

як я прысягаў табе Госпадам Богам Ізраілевым, кажучы, што Саламон, сын твой, будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім замест мяне, так я і зраблю гэта сёньня.

31

І нахілілася Вірсавія тварам да зямлі, і пакланілася цару, і сказала: хай жыве гаспадар мой цар Давід вечна!

32

І сказаў цар Давід: клікніце мне сьвятара Садока і прарока Натана і Ванэю, сына Ёдаевага. І ўвайшлі яны да цара.

33

І сказаў ім цар: вазьмеце з сабою слуг гаспадара вашага і пасадзеце Саламона, сына майго, на мула майго, і зьвядзеце яго ў Гіён,

34

і хай памажа яго там Садок сьвятар і Натан прарок у цара над Ізраілем, і затрубеце ў трубу і абвясьцеце: хай жыве цар Саламон!

35

Потым прывядзеце яго назад, і ён прыйдзе і сядзе на троне маім; ён будзе цараваць замест мяне; яму запавядаў я быць правадыром Ізраіля і Юды.

36

І адказваў Ванэя, сын Ёдаеў, цару і сказаў: амін,— хай скажа так Гасподзь Бог гаспадара майго цара:

37

як быў Гасподзь Бог з гаспадаром маім царом, так хай будзе Ён з Саламонам і хай узвысіць трон ягоны вышэй за трон гаспадара майго цара Давіда!

38

І пайшлі Садок сьвятар і Натан прарок і Ванэя, сын Ёдая, Хэлэтэі і Фэлэтэі, і пасадзіла Саламона на мула цара Давіда, і павялі яго ў Гіён.

39

І ўзяў Садок сьвятар рог з алеем з скініі і памазаў Саламона. І затрубілі ў трубу, і ўвесь народ усклікаў: хай жыве цар Саламон!

40

І ўвесь народ праводзіў Саламона, і іграў народ на жалейках і вельмі радаваўся, так што зямля расьсядалася ад крыкаў яго.

41

І пачуў Аданія і ўсе запрошаныя ім, як толькі перасталі есьці; а Ёаў, пачуўшы гук трубы, сказаў: з чаго гэты шум расхваляванага горада?

42

Яшчэ ён гаварыў, як прыйшоў Ёнатан, сын сьвятара Авіятара. І сказаў Аданія: увайдзі; ты — сумленны чалавек і нясеш добрую вестку.

43

І адказваў Ёнатан і сказаў Аданію: так, гаспадар наш цар паставіў Саламона царом;

44

і паслаў цар зь ім Садока сьвятара і Натана прарока, і Ванэю, сына Ёдая, і Хэлэтэяў і Фэлэтэяў, і яны пасадзілі яго на мула царскага;

45

і памазалі яго Садок сьвятар і Натан прарок у цара ў Гіёне, і адтуль выправіліся з радасьцю, і прыйшоў у рух горад. Вось чаго шум, які вы чуеце.

46

І Саламон ужо сеў на царскім троне.

47

І слугі цара прыходзілі павіншаваць гаспадара нашага цара Давіда, кажучы: Бог твой няхай праславіць імя Саламона больш за тваё імя і хай узвысіць трон ягоны вышэй за твой трон. І пакланіўся цар на ложку сваім,

48

і сказаў цар так: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які сёньня даў (ад семя майго) пасаджанага на троне маім, і вочы мае бачаць гэта!

49

Тады спалохаліся і ўсталі ўсе запрошаныя, якія былі ў Аданіі, і пайшлі кожны сваёй дарогаю.

50

А Аданія, баючыся Саламона, устаў і пайшоў і ўхапіўся за рогі ахвярніка.

51

І данесьлі Саламону, кажучы: вось, Аданія баіцца цара Саламона, і вось, ён трымаецца за рогі ахвярніка, кажучы: хай прысягне мне цяпер цар Саламон, што ён не заб'е раба свайго мечам.

52

І сказаў Саламон: калі ён будзе чалавекам сумленным, дык ніводзін волас ягоны не ўпадзе на зямлю; калі ж знойдзецца ў ім падступства, дык памрэ.

53

І паслаў Саламон, і прывялі яго ад ахвярніка. І ён прыйшоў і пакланіўся цару Саламону. І сказаў яму Саламон: ідзі ў дом свой.