2 Самуіла 5

1

І прыйшлі ўсе плямёны Ізраілевыя да Давіда ў Хэўрон і сказалі: вось, мы — косьці твае і плоць твая;

2

яшчэ ўчора і заўчора, калі Саўл цараваў над намі, ты выводзіў і ўводзіў Ізраіля; і сказаў Гасподзь табе: ты будзеш пасьвіць народ Мой Ізраіля і ты будзеш правадыром Ізраіля.

3

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраіля да цара ў Хэўрон, і заключыў зь імі цар Давід запавет у Хэўроне перад Госпадам; і памазалі Давіда ў цара над Ізраілем.

4

Трыццаць гадоў было Давіду, калі ён зацараваў; цараваў сорак гадоў.

5

У Хэўроне цараваў над Юдаю сем гадоў і шэсьць месяцаў, і ў Ерусаліме цараваў трыццаць тры гады над усім Ізраілем і Юдам.

6

І пайшоў цар і людзі ягоныя на Ерусалім супроць Евусэяў, жыхароў той краіны; але яны казалі Давіду: ты ня ўзыйдзеш сюды; цябе адгоняць сьляпыя і кульгавыя,— гэта азначала: ня ўвойдзе сюды Давід.

7

Але Давід узяў крэпасьць Сіён: гэта — горад Давідаў.

8

І сказаў Давід у той дзень: кожны, забіваючы Евусэяў, хай пабівае дзідаю і кульгавых і сьляпых, якія ненавідзяць душу Давідаву. Таму і гаворыцца: сьляпы і кульгавы ня ўвойдзе ў дом Гасподні.

9

І асяліўся Давід у крэпасьці, і назваў яе горадам Давідавым, і забудаваў вакол ад Міла і ўсярэдзіне.

10

І меў посьпех Давід і ўзьвялічваўся, і Гасподзь Бог Саваоф быў зь ім.

11

І прыслаў Хірам, цар Тырскі, паслоў да Давіда і кедровыя дрэвы і цесьляроў і муляроў, і яны збудавалі дом Давіду.

12

І зразумеў Давід, што Гасподзь сьцвердзіў яго царом над Ізраілем і што ўзвысіў царства ягонае дзеля народу Свайго Ізраіля.

13

І ўзяў Давід яшчэ наложніц і жонак зь Ерусаліма, пасьля таго, як прыйшоў з Хэўрона.

14

І нарадзіліся яшчэ ў Давіда сыны і дочкі. І вось імёны народжаных ім у Ерусаліме: Самус і Соваў, і Натан і Саламон,

15

і Эвэар і Элісуа, Нафэк і Яфія,

16

і Элісама і Элідае і Эліфалэт.

17

Калі Філістымляне дачуліся, што Давіда памазалі на царства над Ізраілем, дык падняліся ўсе Філістымляне шукаць Давіда. І пачуў Давід і пайшоў у крэпасьць.

18

А Філістымляне прыйшлі і атабарыліся ў даліне Рэфаім.

19

І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці ісьці мне супроць Філістымлянаў? ці аддасі іх мне ў рукі? І сказаў Гасподзь Давіду: ідзі, бо Я аддам Філістымлянаў у рукі твае.

20

І пайшоў Давід у Ваал-Пэрацым і пабіў іх там, і сказаў Давід: Гасподзь разьнёс ворагаў маіх перад мною, як разносіцца вада. Таму і мясьціне той дадзена імя Ваал-Пэрацым.

21

І пакінулі там Філістымляне балванаў сваіх, а Давід з людзьмі сваімі ўзяў іх.

22

І прыйшлі зноў Філістымляне, і атабарыліся ў даліне Рэфаім.

23

І спытаўся Давід у Госпада. І Ён адказваў яму: ня выходзь насустрач ім, а зайдзі ім з тылу і йдзі да іх з боку тутавага гаю;

24

і калі пачуеш шум, як бы калі хто ідзе па вяршалінах тутавых дрэў, дык рушай, бо тады пайшоў Гасподзь перад табою, каб пабіць войска Філістымскае.

25

І зрабіў Давід як загадаў яму Гасподзь, і пабіў Філістымлянаў ад Гаваі да Газэра.