2 Самуіла 4

1

І пачуў Евастэй, сын Саўлаў, што памёр Авэнір у Хэўроне, і апусьціліся рукі ў яго, і ўвесь Ізраіль сумеўся.

2

У Евастэя, сына Саўлавага, было два правадыры войска: імя аднаго — Баана і імя другога — Рыхаў, сыны Рэмона Бээрацяніна, з наступнікаў Веньямінавых, бо і Бээрот належаў да Веньяміна.

3

І ўцяклі Бээрацяне у Гітаім і засталіся там прыхаднямі да сёньня.

4

У Ёнатана, сына Саўлавага, быў сын кульгавы. Пяць гадоў было яму, калі прыйшла вестка пра Саўла і Ёнатана з Ізрэеля, і нянька, узяўшы яго, пабегла. І калі яна сьпешна бегла, дык ён упаў і стаўся кульгавы. Імя яго Мэмфівастэй.

5

І пайшлі сыны Рэмона Бээрацяніна, Рыхаў і Баана, і прыйшлі ў самую дзённую сьпёку да дома Евастэя; а ён спаў на пасьцелі аполудні.

6

Рыхаў і Баана, брат ягоны, увайшлі ў дом, як бы дзеля таго, каб узяць пшаніцы; і ўдарылі яго ў жывот і ўцяклі.

7

Калі яны ўвайшлі ў дом, Евастэй ляжаў на пасьцелі сваёй; і яны ўдарылі ў яго, і забілі яго, і адсеклі галаву ў яго, і ўзялі галаву ягоную з сабою, і ішлі пустыннаю дарогаю ўсю ноч;

8

і прынесьлі галаву Евастэя да Давіда ў Хэўрон і сказалі цару: вось галава Евастэя, сына Саўлавага, ворага твайго, які шукаў душы тваёй; сёньня Гасподзь адпомсьціў за гаспадара майго цара Саўлу і нашчадкам ягоным.

9

І адказваў Давід Рыхаву і Баану, брату ягонаму, сынам Рэмона Бээрацяніна, і сказаў ім: жывы Гасподзь, Які выбавіў душу маю ад усякага смутку!

10

калі таго, хто прынёс мне вестку, сказаўшы: "вось, памёр Саўл і Ёнатан ", і хто лічыў сябе радасным вестуном, я схапіў і забіў яго ў Сэкелагу, замест таго, каб даць яму ўзнагароду,

11

дык цяпер, калі нягодныя людзі забілі чалавека невінаватага ў ягоным доме на пасьцелі ягонай, няўжо я не спаганю крыві ягонай ад рукі вашай і ня вынішчу вас зь зямлі?

12

І загадаў Давід слугам, і забілі іх, і адсеклі ім рукі і ногі, і павесілі іх над сажалкай у Хэўроне. А галаву Евастэя ўзялі і пахавалі ў магіле Авэніра, у Хэўроне.