2 Самуіла 15

1

Пасьля гэтага Авэсалом завёў у сябе калясьніцы і коней і пяцьдзесят скараходаў.

2

І ўставаў Авэсалом рана раніцай, і станавіўся пры дарозе каля брамы, і калі хто-небудзь, маючы цяжбіну, ішоў да цара на суд, дык Авэсалом падклікаў яго да сябе і пытаўся: зь якога ты горада? І калі той адказваў: з такога племя Ізраілевага раб твой,-

3

тады казаў яму Авэсалом: вось, справа твая добрая і справядлівая, але ў цара няма каму выслухаць цябе.

4

І казаў Авэсалом: о, калі б мяне паставілі судзьдзёю ў гэтай зямлі! да мяне прыходзіў бы кожны, хто мае спрэчку і цяжбіну, і я судзіў бы яго па праўдзе.

5

І калі падыходзіў хто-небудзь пакланіцца яму, дык ён працягваў руку сваю і абдымаў яго і цалаваў яго.

6

Так рабіў Авэсалом з кожным Ізраільцянінам, які ішоў на суд да цара, і ўкрадваўся Авэсалом у сэрцы Ізраільцянам.

7

Як прайшло сорак гадоў цараваньня Давіда, Авэсалом сказаў цару: пайду я і выканаю абяцаньне маё, якое я даў Госпаду у Хэўроне;

8

бо я, раб твой, жывучы ў Гесуры ў Сірыі, даў абяцаньне: калі Гасподзь верне мяне ў Ерусалім, я прынясу ахвяру Госпаду.

9

І сказаў яму цар: ідзі зь мірам. І ўстаў ён і пайшоў у Хэўрон.

10

І разаслаў Авэсалом выведнікаў ва ўсе плямёны Ізраіля, сказаўшы: калі вы пачуеце гук трубы, дык кажэце: Авэсалом зацараваў у Хэўроне.

11

З Авэсаломам пайшлі зь Ерусаліма дзьвесце чалавек, якія былі запрошаны ім, і пайшлі па прастаце сваёй, ня ведаючы, што сталася.

12

У час ахвяравання Авэсалом паслаў і паклікаў Ахітафэла Гіланяніна, дарадцу Давідавага, зь ягонага роду Гіло. І склалася моцная змова, і народ сцякаўся і множыўся вакол Авэсалома.

13

І прыйшоў вястун да Давіда і сказаў: сэрца Ізраільцянаў ухілілася на бок Авэсалома.

14

І сказаў Давід усім слугам сваім, якія былі пры ім у Ерусаліме: устаньце, уцячэм, бо ня будзе нам ратунку ад Авэсалома; сьпяшайцеся, каб нам уцячы, каб ён не застаў нас і не навёў на нас бяды і ня зьнішчыў горада мячом.

15

І сказалі слугі царскія цару: ва ўсім, што да спадобы гаспадару нашаму цару мы — рабы твае.

16

І выйшаў цар і ўвесь дом ягоны за ім пеша. А пакінуў цар дзесяць жонак, наложніц дзеля догляду дома.

17

І выйшаў цар і ўвесь народ пешыя, і спыніліся каля Бэт-Мэрхата.

18

І ўсе слугі ягоныя ішлі абапал яго, і ўсе Хэлэтэі, і ўсе Фэлэтэі, і ўсе Гэцяне да шасьцісот чалавек, якія прыйшлі разам зь ім з Гэта, ішлі наперадзе цара.

19

І сказаў цар Этэю Гэцяніну: навошта і ты ідзеш з намі? вярніся і заставайся з тым царом, бо ты чужаземец і прыйшоў сюды з свайго месца;

20

учора ты прыйшоў, а сёньня я прымушу цябе ісьці з намі? я іду, куды надарыцца; вярніся і вярні братоў сваіх з сабою; хай учыніць Гасподзь міласьць і ісьціну з табою !

21

І адказваў Этэй цару і сказаў: жывы Гасподзь, і хай жыве гаспадар мой цар: дзе б ні быў гаспадар мой цар, ці ў жыцьці, а ці ў сьмерці, там будзе і раб твой.

22

І сказаў Давід Этэю: тады ідзі і хадзі са мною. І пайшоў Этэй Гэцянін і ўсе людзі ягоныя і ўсе дзеці, якія былі зь ім.

23

І плакала ўся зямля вялікім голасам. І ўвесь народ пераходзіў, і цар перайшоў паток Кедрон; і пайшоў увесь народ і цар па дарозе да пустыні.

24

Вось, і Садок сьвятар, і ўсе лявіты зь ім несьлі каўчэг запавета Божага з Вэтары і паставілі каўчэг Божы; Авіятар жа стаяў на ўзвышэньні, пакуль увесь народ ня выйшаў з горада.

25

І сказаў цар Садоку: вярні каўчэг Божы ў горад. Калі я здабуду міласьць перад вачыма Госпада, дык Ён верне мяне і дасьць мне бачыць яго і жытлішча ягонае.

26

А калі Ён скажа так: "няма Маёй добрай волі да цябе", дык вось я: хай робіць са мною, што Яму заўгодна.

27

І сказаў цар Садоку сьвятару: бачыш,— вярніся ў горад зь мірам, і Ахімаас, сын твой, і Ёнатан, сын Авіятара, абодва сыны вашыя з вамі;

28

бачыце, я памаруджу на раўніне ў пустыні, пакуль ня прыйдзе вестка ад вас да мяне.

29

І вярнулі Садок і Авіятар каўчэг Божы ў Ерусалім і засталіся там.

30

І Двід пайшоў на гару Элеонскую, ішоў і плакаў; галава ў яго была пакрытая; ён ішоў босы, і ўсе людзі, якія былі зь ім, накрылі кожны галаву сваю, ішлі і плакалі.

31

Данесьлі Давіду і сказалі: і Ахітатэл у ліку змоўшчыкаў з Авэсаломам. І сказаў Давід: Госпадзе! разбуры раду Ахітатэлаву.

32

Калі Давід падняўся на вяршыню гары, дзе ён пакланяўся Богу, вось, насустрач яму ідзе Хусій Архіцянін, сябар Давідаў: вопратка на ім была падраная, і пыл на галаве ягонай.

33

І сказаў яму Давід: калі ты пойдзеш са мною, ты будзеш мне цяжарам;

34

але калі вернешся ў горад і скажаш Авэсалому: "цару, прайшлі міма цары твае, і цар бацька твой прайшоў, і сёньня і раб твой; пакінь мяне жывым, дагэтуль я быў рабом бацькі твайго, а цяпер я твой раб", дык ты разладзіш мне раду Ахітатэлаву.

35

Вось, там з табою Садок і Авіятар сьвятары, і ўсякае слова, якое пачуеш з дома цара, пераказвай Садоку і Авіятару сьвятарам.

36

Там зь імі і два сыны іхнія, Ахімаас, сын Садокаў, і Ёнатан, сын Авіятараў; празь іх пасылайце мне кожную вестку, якую пачуеце.

37

І прыйшоў Хусій, сябар Давідаў, у горад; а Авэсалом уступіў тады ў Ерусалім.