2 Самуіла 12

1

І паслаў Гасподзь Натана прарока да Давіда, і той прыйшоў да яго і сказаў яму: у адным горадзе былі два чалавекі, адзін багаты, а другі бедны;

2

у багатага было вельмі многа дробнага і буйнога быдла,

3

а ў беднага нічога, апрача адной авечкі, якую ён купіў маленькую і выкарміў, і яна вырасла ў яго разам зь дзецьмі ягонымі; хлеб ягоны яна ела, і зь ягонай чашы піла, і на грудзях у яго спала, і была яму, як дачка;

4

і прыйшоў да багатага чалавека дарожнік, і той пашкадаваў узяць са сваіх авечак ці валоў, каб прыгатаваць дарожніку, які прыйшоў да яго, а ўзяў авечку беднага і прыгатаваў яе чалавеку, які прыйшоў да яго.

5

Моцна ўгневаўся Давід на гэтага чалавека і сказаў Натану: жывы Гасподзь! варты сьмерці чалавек, які зрабіў гэта;

6

і за авечку ён павінен заплаціць учацьвяра, за тое, што ён зрабіў гэта, і за тое, што ня меў спагады.

7

І сказаў Натан Давіду: ты — той чалавек, які зрабіў гэта. Так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я памазаў цябе ў цара над Ізраілем і Я выбавіў цябе ад рукі Саўла,

8

і даў табе дом гаспадара твайго і жонак гаспадара твайго на ўлоньне тваё, і даў табе дом Ізраілеў і Юдаў, і, калі гэтага мала, дадаў бы табе яшчэ болей;

9

навошта ж ты занядбаў слова Госпада, зрабіўшы ліхое перад вачыма Ягонымі? Урыю Хэтэяніна ты пабіў мечам; жонку ягоную ўзяў сабе за жонку, а яго ты забіў мечам Аманіцянаў;

10

дык вось, не адступіцца меч ад дома твайго вавекі, за тое, што ты занядбаў Мяне і ўзяў жонку Урыі Хэтэяніна, каб яна была табе жонкаю.

11

Так кажа Гасподзь: вось, Я спараджу на цябе зло з дома твайго і вазьму жонак тваіх перад вачыма тваімі і аддам блізкаму твайму, і будзе ён спаць з жонкамі тваімі перад гэтым сонцам;

12

ты зрабіў тайна, а Я зраблю перад усім Ізраілем і перад сонцам.

13

І сказаў Давід Натану: зграшыў я перад Госпадам. І казаў Натан Давіду: і Гасподзь зьняў зь цябе грэх твой; ты не памрэш;

14

але як што ты гэтым учынкам даў прычыну ворагам Госпада няславіць Яго, дык памрэ сын, які народзіцца ў цябе.

15

І пайшоў Натан у дом свой. І ўразіў Гасподзь дзіця, якое нарадзіла жонка Урыі Давіду, і яно захварэла.

16

І маліўся Давід Богу за дзіця, і пасьціўся Давід, і адасобіўшыся правёў ноч, лежачы на зямлі.

17

І ўвайшлі да яго старэйшыны дома ягонага, каб падняць яго зь зямлі; але ён не хацеў, і ня еў зь імі хлеба.

18

На сёмы дзень дзіця памерла, і слугі Давідавы баяліся данесьці яму, што памерла дзіця; бо, казалі яны, калі дзіця было яшчэ жывое, і мы ўгаворвалі яго, і ён ня слухаў голасу нашага, як жа скажам яму: "памерла дзіця"? і ён зробіць што-небудзь благое.

19

І ўбачыў Давід, што слугі ягоныя шэпчуцца паміж сабою, і зразумеў Давід, што дзіця памерла, і спытаўся Давід у слуг сваіх: памерла дзіця? І сказалі яму: памерла.

20

Тады Давід устаў зь зямлі і ўмыўся, і памазаўся, і памяняў вопратку сваю, і пайшоў у дом Гасподні, і маліўся. Вярнуўшыся дамоў, запатрабаваў, каб падалі яму хлеба, і ён еў.

21

І сказалі яму слугі ягоныя: што азначае, што ты так робіш: калі дзіця было яшчэ жывое, ты пасьціўся і плакаў; а калі дзіця памерла, ты ўстаў і еў хлеб?

22

І сказаў Давід: пакуль дзіця было жывое, і пасьціўся і плакаў, бо думаў: хто ведае, ці ня зьлітуецца зь мяне Гасподзь, і дзіця застанецца жывое?

23

А цяпер яно памерла; навошта ж мне пасьціцца? Хіба я магу вярнуць яго? Я пайду да яго, а яно ня вернецца да мяне.

24

І суцешыў Давід Вірсавію, жонку сваю, і ўвайшоў да яе і спаў зь ёю; і яна нарадзіла сына і дала яму імя: Саламон. І Гасподзь палюбіў яго

25

і паслаў прарока Натана, і ён даў яму імя: Едыдыя , паводле слова Госпада.

26

Ёаў ваяваў супроць Равы Аманіцкай і ўзяў амаль царскі горад.

27

І паслаў Ёаў да Давіда сказаць яму: я напаў на Раву і авалодаў вадою горада;

28

цяпер зьбяры астатні народ і падступіся да горада і вазьмі яго; бо, калі я вазьму яго, дык маё імя будзе дадзена яму.

29

І сабраў Давід увесь народ і пайшоў да Равы, і ваяваў супроць яе і ўзяў яе.

30

І ўзяў Давід вянок цара іхняга з галавы ягонай,— а ў ім было золата талант і каштоўны камень,— і ўсклаў яго Давід на галаву сваю, і здабычы з горада вынес вельмі многа.

31

А народ, які быў у ім, ён вывеў і паклаў іх пад пілы, пад жалезныя малатарні, пад жалезныя сякеры, і кінуў іх у абпальныя печы. Так ён зрабіў з усімі гарадамі Аманіцкімі. І вярнуўся пасьля таго Давід і ўвесь народ у Ерусалім.