2 Самуіла 10

1

Праз некаторы час памёр цар Аманіцкі, і заваладарыў замест яго сын ягоны Анон.

2

І сказаў Давід: зраблю я ласку Анону, сыну Наасаваму, за дабрадзейства, якое зрабіў мне бацька ягоны. І паслаў Давід слуг сваіх суцешыць Анона за бацьку ягонага. І прыйшлі слугі Давідавыя ў зямлю Аманіцкую.

3

Але князі Аманіцкія сказалі Анону, гаспадару свайму: няўжо ты думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў да цябе суцешнікаў? ці не на тое, каб агледзець горад і высачыць у ім і пасьля разбурыць яго, прыслаў Давід слуг сваіх да цябе?

4

І ўзяў Анон слуг Давідавых і агаліў кожнаму зь іх палавіну барады, і абрэзаў вопратку іхнюю напалавіну, да сьцёгнаў, і адпусьціў іх.

5

Калі данесьлі пра гэта Давіду, дык ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі зьняважаныя. І загадаў цар сказаць ім: заставайцеся ў Ерыхоне, пакуль вырастуць бароды вашыя, і тады вяртайцеся.

6

І ўбачылі Аманіцяне, што яны зрабіліся ненавіснымі Давіду; і паслалі Аманіцяне наняць Сірыйцаў з Бэт-Рэхава і Сірыйцаў Сувы дваццаць тысяч пешых, у цара Маахі тысячу чалавек і зь Істова дванаццаць тысяч чалавек.

7

Калі пачуў пра гэта Давід, дык паслаў Ёава з усім войскам храбрых.

8

І выйшлі Аманіцяне і падрыхтаваліся да бітвы каля брамы, а Сірыйцы Сувы і Рэхава, і Істова і Маахі асобна ў полі.

9

І ўбачыў Ёаў, што няпрыяцельскае войска было пастаўлена супроць яго і спераду і ззаду, і выбраў воінаў з усіх адборных у Ізраіле і выставіў іх супроць Сірыйцаў;

10

а астатнюю частку войска даручыў Авэсу, брату свайму, каб ён выставіў іх супроць Аманіцян.

11

І сказаў Ёаў: калі Сірыйцы будуць адольваць мяне, ты дапаможаш мне; а калі Аманіцяне цябе пачнуць адольваць, я прыйду да цябе на дапамогу;

12

будзь мужны, і будзем стаяць цьвёрда за народ наш і за гарады Бога нашага, а Гасподзь зробіць, што яму даспадобы.

13

І выступіў Ёаў і народ, які быў у яго, на бітву зь Сірыйцамі, і яны пабеглі ад яго.

14

А Аманіцяне, убачыўшы, што Сірыйцы бягуць, пабеглі ад Авэсы і зайшлі ў горад. І вярнуўся Ёаў ад Аманіцянаў і прыйшоў у Ерусалім.

15

Сірыйцы, бачачы, што яны разьбіты Ізраільцянамі, сабраліся разам.

16

І паслаў Адраазар і паклікаў Сірыйцаў, якія за ракою Халамака, і прыйшлі яны да Элама; а Савак, ваеначальнік Адраазараў, узначальваў іх.

17

Калі данесьлі Давіду, дык ён сабраў усіх Ізраільцянаў і перайшоў Ярдан і прыйшоў да Элама. Сірыйцы выступілі супроць Давіда і ўступілі ў бітву зь ім.

18

І пабеглі Сірыйцы ад Ізраільцянаў. Давід зьнішчыў у Сірыйцаў семсот калясьніц і сорак тысяч верхаўцоў; разьбіў і ваеначальніка Савака, які там і пмаёр.

19

Калі ўсе цары пакорныя Адраазару ўбачылі, што яны разьбіты Ізраільцянамі, дык заключылі мір з Ізраільцянамі і скарыліся ім. А Сірыйцы баяліся далей дапамагаць Аманіцянам.