Быцце 9

1

І дабраславіў Гасподзь Ноя і сыноў ягоных і сказаў ім: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю;

2

хай баяцца і хай трымцяць перад вамі ўся жывёла зямная і ўсе птушкі нябесныя, усё, што рухаецца на зямлі, і ўсе рыбы марскія: у вашыя рукі аддадзены яны;

3

усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як зеляніну траўную даю вам усё;

4

толькі плоці з душою яе, з крывёю яе, ня ежце:

5

Я спаганю і вашу кроў, у якой жыцьцё ваша, спаганю яе з усякай жывёлы, спаганю таксама душу чалавека з рукі чалавека, з рукі брата ягонага;

6

хто пралье кроў чалавечую, таго кроў пральецца рукою чалавека: бо чалавек створаны паводле вобразу Божага;

7

а вы пладзецеся і множцеся, і расьсяляйцеся паўсюль па зямлі і множцеся на ёй.

8

І сказаў Бог Ною і сынам ягоным зь ім:

9

вось, Я станаўлю запавет Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасьля вас,

10

і з усякаю душою жывою, якая з вамі, з птушкамі і з быдлам, і з усімі жывёламі зямнымі, якія ў вас, з усімі, што выйшлі з каўчэга, з усімі жывёламі зямнымі;

11

станаўлю запавет Мой з вамі, што ня будзе болей зьнішчана ніякая плоць водамі патопу, і ня будзе ўжо патопу на спусташэньне зямлі.

12

І сказаў Бог: вось азнака запавету, які Я станаўлю паміж мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою, якая з вамі, у роды назаўсёды:

13

Я кладу вясёлку Маю ў воблаку, каб яна была азнакаю запавету паміж Мною і паміж зямлёю.

14

І будзе, калі Я навяду воблака на зямлю, дык явіцца вясёлка ў воблаку;

15

і Я ўспомню запавет Мой, які паміж Мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці; і ня будзе болей вада патопам на вынішчэньне ўсякай плоці.

16

І будзе вясёлка ў воблаку, і Я ўбачу яе, і ўспомню запавет вечны паміж Богам і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці, якая на зямлі.

17

І сказаў Бог Ною: вось азнака запавету, які Я паставіў паміж Мною і паміж усякаю плоцьцю, якая на зямлі.

18

Сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэга, былі: Сім, Хам і Яфэт. А Хам быў бацька Ханаана.

19

Гэтыя трое былі сыны Ноевыя, і ад іх насялілася ўся зямля.

20

Ной пачаў урабляць зямлю і пасадзіў вінаграднік;

21

і выпіў ён віна, і ап'янеў, і ляжаў голы ў намёце сваім.

22

І бачыў Хам, бацька Ханаанаў, сарамату бацькі свайго і, выйшаўшы, расказаў двум братам сваім.

23

А Сім і Яфэт узялі вопратку, і паклаўшы яе на плечы свае, пайшлі адвярнуўшыся і накрылі галізну бацькі свайго; твары іх былі абернуты назад, і яны ня бачылі сараматы бацькі свайго.

24

Ной праспаўся ад віна свайго, і даведаўся, што зрабіў зь ім малодшы сын ягоны,

25

і сказаў: пракляты Ханаан; раб рабоў будзе ён у братоў сваіх.

26

Потым сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог Сімаў; а Ханаан будзе рабом яму;

27

хай пашырыць Бог Яфэта, і хай уселіцца ён у намёты Сімавыя; а Ханаан будзе рабом яму.

28

І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзесят гадоў.

29

А ўсяго дзён Ноевых было дзевяцьсот пяцьдзесят гадоў; і ён памёр.