Быцце 46

1

І выправіўся Ізраіль з усім, што ў яго было, і прыйшоў у Вірсавію, і прынёс ахвяры Богу бацькі свайго Ісаака.

2

І сказаў Бог Ізраілю ва ўяве начной: Якаве! Якаве! Ён сказаў: вось я.

3

Бог сказаў: Я Бог, Бог бацькі твайго; ня бойся ісьці ў Егіпет, бо там учыню зь цябе народ вялікі;

4

Я пайду з табою ў Егіпет, я і выведу цябе назад; Язэп сваёю рукою закрые вочы твае.

5

Якаў выправіўся зь Вірсавіі; і павезьлі сыны Ізраілевыя Якава, бацьку свайго і дзяцей сваіх і жонак сваіх на калясьніцах, якія паслаў фараон, каб прывезьці яго.

6

І ўзялі яны быдла сваё і маёмасьць сваю, якую набылі ў зямлі Ханаанскай, і прыйшлі ў Егіпет,— Якаў і ўвесь род ягоны зь ім.

7

Сыноў сваіх і ўнукаў сваіх з сабою, дочак сваіх і ўнучак сваіх і ўвесь род свой прывёў ён з сабою ў Егіпет.

8

Вось імёны сыноў Ізраілевых, якія прыйшлі ў Егіпет: Якаў і сыны ягоныя. Першынец Якава Рувім.

9

Сыны Рувімавыя: Ханох і Фалу, Хецрон і Хармі.

10

Сыны Сымона: Емуіл і Ямін, і Агад і Яхін, і Цахар і Саўл, сын Хананэйкі.

11

Сыны Левія: Гірсон, Кааф і Мэрары.

12

Сыны Юдавыя: Ір і Анан, і Шэла і Фарэс і Зара; але Ір і Анан памерлі ў зямлі Ханаанскай. Сыны Фарэсавыя былі: Эсром і Хамул.

13

Сыны Ісахаравыя: Тола і Фува, Ёў і Шымрон.

14

Сыны Завулонавыя: Сэрэд і Элон і Яхлэіл.

15

Гэта сыны Ліі, якіх яна нарадзіла Якаву ў Месапатаміі, і Дзіну, дачку ягоную. Усіх душ сыноў ягоных і дочак ягоных трыццаць тры.

16

Сыны Гадавыя: Цыфіён і Хагі, Шуні і Эцбон, Эры і Ароды і Арэлі.

17

Сыны Асіравыя: Імна і Ішва, і Ішві і Брыя, і Сэрах, сястра іхняя. Сыны Брыі: Хэвэ і Малхііл.

18

Гэта сыны Зэлфы, якую Лаван даў Ліі, дачцэ сваёй: яна нарадзіла іх Якаву шаснаццаць душ.

19

Сыны Рахілі, жонкі Якава: Язэп і Веньямін.

20

І нарадзіліся ў Язэпа ў зямлі Егіпецкай Манасія і Яфрэм, якіх нарадзіла яму Асэнэта, дачка Потыфэра, жраца Она.

21

Сыны Веньяміна: Бэла і Бэхер і Ашбэл; сыны Бэлы былі: Гера і Нааман, Эхі і Рош, Муіпім і Хупім і Ард.

22

Гэта сыны Рахілі, якія нарадзіліся ў Якава, усяго чатырнаццаць душ.

23

Сын Данаў: Хушым.

24

Сыны Нэфталімавыя: Яхцэіл і Гуні, Ецэр і Шылэм.

25

Гэта сыны Валы, якую даў Лаван дачцэ сваёй Рахілі; яна і нарадзіла іх Якаву ўсяго сем душ.

26

Усіх душ, што прыйшлі зь Якавам у Егіпет, якія выйшлі са сьцёгнаў ягоных, акрамя жонак сыноў Якаўлевых, усяго шэсьцьдзесят шэсьць душ.

27

Сыноў Язэпа, якія нарадзіліся ў Егіпце, дзьве душы. Усіх душ дома Якаўлевага, што перайшлі ў Егіпет, семдзесят пяць.

28

Юду паслаў ён перад сабою да Язэпа, каб ён паказваў дарогу ў Гесэм. І прыйшлі ў зямлю Гесэм.

29

Язэп запрог калясьніцу сваю і выехаў насустрач Ізраілю, бацьку свайму, у Гесэм, і, убачыўшы яго, упаў на шыю яму, і доўга плакаў на шыі ў яго.

30

І сказаў Ізраіль Язэпу: памру я цяпер, убачыўшы аблічча тваё; бо ты яшчэ жывы.

31

І сказаў Язэп братам сваім і дому бацькі свайго: я пайду, паведамлю фараону і скажу яму: браты мае і дом бацькі майго, якія былі ў зямлі Ханаанскай, прыйшлі да мяне;

32

гэтыя людзі пастухі авечак, бо скатаводы яны; і дробнае і буйное быдла сваё, і ўсё, што ў іх, прывялі яны.

33

Калі фараон пакліча вас і скажа: які занятак ваш?

34

дык вы скажэце: мы, рабы твае, уласьнікі статкаў былі з маладосьці нашай да сёньня, і мы і бацькі нашыя,— каб вас пасялілі ў зямлі Гесэм. Бо гідотны Егіпцянам усякі пастух авечы.