Быцце 45

1

Язэп ня мог болей стрымлівацца пры ўсіх, што стаялі каля яго, і закрычаў: выведзіце ад мяне ўсіх. І не заставалася каля Язэпа нікога, калі ён адкрыўся братам сваім.

2

І моцна загаласіў ён, і пачулі Егіпцяне, і пачуў дом фараонаў.

3

І сказаў Язэп братам сваім: я — Язэп, ці жывы яшчэ бацька мой? Але браты ягоныя не маглі адказваць яму, бо яны сумеліся перад ім.

4

І сказаў Язэп братам сваім: падыдзеце да мяне. Яны падышлі. Ён сказаў: я — Язэп, брат ваш, якога вы прадалі ў Егіпет;

5

але цяпер не маркоцьцеся і не шкадуйце пра тое, што вы прадалі мяне сюды, бо паслаў мяне Бог перад вамі, каб захаваць вам жыцьцё;

6

бо цяпер два гады голаду на зямлі: яшчэ пяць гадоў, калі ні араць, ні жаць ня будуць;

7

Бог паслаў мяне перад вамі, каб пакінуць вас на зямлі і захаваць ваша жыцьцё вялікім збавеньнем.

8

Дык вось, ня вы паслалі мяне сюды, а Бог, Які і паставіў мяне бацькам фараону і гаспадаром ва ўсім доме ягоным і валадаром ва ўсёй зямлі Егіпецкай.

9

Ідзеце хутчэй да бацькі майго і скажэце яму: так кажа сын твой Язэп: Бог паставіў мяне гаспадаром над усім Егіптам: прыйдзі да мяне, не марудзь;

10

ты будзеш жыць у зямлі Гесэм і будзеш блізка ад мяне, ты і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, і дробнае і буйное быдла тваё, і ўсё тваё;

11

і пракармлю цябе там, бо голад будзе яшчэ пяць гадоў, каб не згалеў ты і дом твой і ўсё тваё.

12

І вось вочы вашыя і вочы брата майго Веньяміна бачаць, што гэта мае вусны гавораць з вамі:

13

скажэце ж бацьку майму пра ўсю славу маю ў Егіпце і пра ўсё, што вы бачылі, і прывядзеце хутчэй бацьку майго сюды.

14

І ўпаў ён на шыю Веньяміну, брату свайму, і плакаў, і Веньямін плакаў на шыі ў яго.

15

І цалаваў усіх братоў сваіх і плакаў, абдымаючы іх. Потым гутарылі зь ім браты ягоныя.

16

Прайшла ў доме фараонавым чутка, што прыйшлі браты Язэпавы; і прыемна было фараону і рабам ягоным.

17

І сказаў фараон Язэпу: скажы братам тваім: вось, што зрабеце: наўючце быдла ваша і ступайце ў зямлю Ханаанскую;

18

і вазьмеце бацьку вашага і прыйдзеце да мяне; я дам вам дабро ў зямлі Егіпецкай, і вы будзеце есьці тлушч зямлі.

19

Табе ж загадваю сказаць ім: зрабеце гэта; вазьмеце сабе зь зямлі Егіпецкай калясьніц дзецям вашым і жонкам вашым, і прывязеце бацьку вашага і прыйдзеце;

20

і не шкадуйце рэчаў вашых, бо дабро з усёй зямлі Егіпецкай дам вам.

21

Так і зрабілі сыны Ізраілевыя. І даў ім Язэп калясьніцы, загадам фараона, і даў ім запас на дарогу;

22

кожнаму зь іх ён даў зьмену вопраткі, а Веньяміну даў трыста срэбранікаў і пяць зьмен вопраткі;

23

і бацьку свайму таксама паслаў дзесяць аслоў, наўючаных дабром Егіпецкім, і дзесяц асьліц, наўючаных зернем, хлебам і прыпасамі бацьку свайму на дарогу.

24

І адпусьціў братоў сваіх, і яны пайшлі. І сказаў ім: не сварэцеся ў дарозе.

25

І пайшлі яны зь Егіпта, і прыйшлі ў зямлю Ханаанскую да Якава, бацькі свайго,

26

і паведамілі яму, сказаўшы: Язэп жывы і цяпер валадарыць над усёю зямлёю Егіпецкаю. Але сэрца ягонае сумелася, бо ён ня верыў ім.

27

А калі яны пераказалі яму словы Язэпа, якія ён казаў ім, і калі ўбачыў калясьніцы, якія прыслаў Язэп, каб везьці яго, тады ажыў дух Якава, бацькі іхняга,

28

і сказаў Ізраіль: досыць, яшчэ жывы сын мой Язэп; пайду і ўбачу яго, пакуль не памру.