Быцце 28

1

І паклікаў Ісаак Якава і дабраславіў яго і наказаў: не бяры сабе жонкі з дочак Ханаанскіх:

2

устань, ідзі ў Месапатамію, у дом Ватуіла, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе жонку адтуль, з дочак Лавана, брата маці тваёй:

3

А Бог Усемагутны хай дабраславіць цябе, хай расплодзіць цябе і хай памножыць цябе, і хай будзе ад цябе мноства народаў:

4

і хай дасьць табе дабраславеньне Абрагама, табе і нашчадкам тваім з табою, каб табе ўспадкаваць зямлю вандраваньня твайго, якую Бог даў Абрагаму!

5

І адпусьціў Ісаак Якава, і ён пайшоў у Месапатамію да Лавана, сына Ватуіла Арамэйца, да брата Рэбэкі, маці Якава і Ісава.

6

Ісаў убачыў, што Ісаак дабраславіў Якава і дабраслаўляючы паслаў яго ў Месапатамію, узяў сабе жонку адтуль, і наказаў яму, сказаўшы: не бяры жонкі з дочак Ханаанскіх;

7

і што Якаў паслухаўся бацькі свайго і маці сваёй і пайшоў у Месапатамію.

8

І ўбачыў Ісаў, што дочкі Ханаанскія не падабаюцца Ісааку, бацьку ягонаму;

9

і пайшоў Ісаў да Ізмаіла і ўзяў сабе жонку Махалату, дачку Ізмаіла, сына Абрагамавага, сястру Наваётаву, звыш жонак сваіх.

10

А Якаў выйшаў зь Вірсавіі і пайшоў у Харан,

11

і прыйшоў у адно месца ізастаўся там начаваць, бо зайшло сонца. І ўзяў адзін камень з таго месца, і паклаў сабе пад галаву, і лёг на тым месцы.

12

І ўбачыў у сьне: вось лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе кранае неба; і вось анёлы Божыя ўзыходзяць і сыходзяць па ёй.

13

І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім;

14

і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, і на поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя:

15

і вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ні пойдзеш; і вярну цябе ў гэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе.

16

Якаў прачнуўся са сну свайго і сказаў: сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў!

17

І спалохаўся я і сказаў: якое страшнае месца гэтае! гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта — брама нябесная.

18

І ўстаў Якаў з самае раніцы, і ўзяў камень, які ён паклаў сабе пад галаву, і паставіў яго як помнік, і выліў алей на верх яго.

19

І даў імя месцу таму: Бэт-эль (Вэтыль): а ранейшае імя таго горада было: Луз.

20

І даў Якаў зарок, сказаўшы: калі Бог будзе са мною і ахавае мяне ў дарозе гэтай, у якую я іду, і дасьць мне хлеб есьці і адзеньне апрануцца,

21

і я ў міры вярнуся ў дом бацькі майго, і будзе Гасподзь маім Богам,—

22

дык гэты камень, які я паставіў як помнік, будзе домам Божым; і з усяго, што Ты, Божа, дасі мне, я дам Табе дзясятую долю.