Быцце 26

1

Быў голад на зямлі, звыш ранейшага голаду, які быў у дні Абрагамавыя; і пайшоў Ісаак да Авімэлэха, цара Філістымскага, у Герар.

2

Гасподзь явіўся яму і сказаў: ня йдзі ў Егіпет; жыві ў зямлі, пра якую Я скажу табе;

3

вандруй па зямлі гэтай; і Я буду з табою і дабраслаўлю цябе, бо табе і нашчадкам тваім усе землі гэтыя , і спраўджу прысягу, якою Я прысягаўся Абрагаму, бацьку твайму;

4

памножу нашчадкаў тваіх, як зоркі нябесныя, і дам нашчадкам тваім усе землі гэтыя; дабраславяцца ў семені тваім усе народы зямныя,

5

за тое, што Абрагам паслухаўся голасу Майго і выконваў, што Мною наказана было выконваць: загады Мае, пастановы Мае і законы Мае.

6

Ісаак пасяліўся ў Герары.

7

Жыхары месца таго спыталіся пра жонку ягоную, і ён сказаў: сястра мая, каб не забілі мяне, думаў ён, жыхары месца гэтага за Рэбэку, бо яна прыгожая з выгляду.

8

Але калі ўжо шмат часу ён там пражыў, Авімэлэх, цар Філістымскі, паглядзеў у акно, убачыў, што Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю.

9

І паклікаў Авімэлэх Ісаака і сказаў: вось, гэта жонка твая: як жа ты сказаў: яна сястра мая? Ісаак сказаў яму: бо я думаў, каб жа не памерці мне дзеля яе.

10

Але Авімэлэх сказаў: што гэта ты зрабіў з намі? адзін з народу ледзь не залучыўся з жонкаю тваёю, і ты ўвёў бы нас у грэх.

11

І даў Авімэлэх загад усяму народу, сказаўшы: хто кране гэтага чалавека і жонку ягоную, той аддадзены будзе сьмерці.

12

І сеў Ісаак у зямлі той і меў у той год ячменю стакроць: так дабраславіў яго Гасподзь.

13

І стаўся вялікім чалавек гэты і ўзьвялічваўся болей і болей да таго, што зрабіўся вельмі вялікі.

14

У яго былі статкі дробнага і статкі буйнога быдла і мноства ральлі, і Філістымляне пачалі зайздросьціць яму.

15

І ўсе калодзежы, якія выкапалі рабы бацькі ягонага пры жыцьці бацькі ягонага Абрагама, Філістымляне завалілі і засыпалі зямлёю.

16

І Авімэлэх сказаў Ісааку: адыдзі ад нас, бо ты зрабіўся намнога мацнейшы за нас.

17

І Ісаак сышоў адтуль, і разьмясьціўся з намётамі ў даліне Герарскай, і пасяліўся там.

18

І зноў выкапаў Ісаак калодзежы вады, якія выкапаны былі ў дні Абрагама, бацькі ягонага, і якія завалілі Філістымляне пасьля сьмерці Абрагама: і назваў іх тымі самымі назовамі, якімі назваў іх бацька ягоны.

19

І капалі рабы Ісаакавыя ў даліне і знайшлі там калодзеж вады жывой.

20

І спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаакавымі, кажучы: наша вада. І ён даў калодзежу імя: Эсэк, бо спрачаліся зь ім.

21

Выкапалі другі калодзеж; спрачаліся таксама і за яго; і ён даў яму імя: Сітна.

22

І ён рушыў адсюль і выкапаў іншы калодзеж, за Які ўжо не спрачаліся; і даў яму імя: Рэхавот; бо, сказаў ён, цяпер Гасподзь даў нам прасторнае месца, і мы памножымся на зямлі.

23

Адтуль перайшоў ён у Вірсавію.

24

І ў тую ноч зьявіўся яму Гасподзь і сказаў: Я Бог Абрагама, бацькі твайго: ня бойся, бо Я з табою, і дабраслаўлю цябе і памножу нашчадкаў тваіх, дзеля Абрагама, раба Майго.

25

І ён спарудзіў там ахвярнік і заклікаў імя Госпада. І паставіў там намёт свой, і выкапалі там рабы Ісаакавыя калодзеж.

26

Прыйшоў да яго зь Герара Авімэлэх, і Ахузат, сябар ягоны, і Фіхол, ваеначальнік ягоны.

27

Ісаак сказаў ім: навошта вы прыйшлі да мяне, калі вы зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе?

28

Яны сказалі: мы ясна пабачылі, што Гасподзь быў з табою, і сказалі мы: пастановім паміж намі і табою прысягу і заключым з табою спрымірэнства,

29

каб ты не рабіў нам ліха, як і мы не кранулі цябе, а рабілі табе толькі добрае і адпусьцілі цябе зь мірам; цяпер ты дабраславёны Госпадам.

30

Ён зладзіў ім гасьціну, і яны елі і пілі.

31

І ўстаўшы з самае раніцы, прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго зь мірам.

32

У той самы дзень прыйшлі рабы Ісаакавыя і паведамілі яму пра калодзеж, які капалі яны, і сказалі яму: мы знайшлі ваду.

33

І ён назваў яго: Шыва. Таму імя гораду таму Бээр-Шыва да гэтага дня.

34

І было Ісаву сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Егудыту, дачку Бээра Хэтэяніна, і Васэмату, дачку Элона Хэтэяніна.

35

І яны былі завадаю Ісааку і Рэбэцы.