Быцце 19

1

І прыйшлі тыя два анёлы ў Садому ўвечары, калі Лот сядзеў каля брамы Садомы. Лот убачыў і ўстаў, каб сустрэць іх, і пакланіўся тварам да зямлі

2

і сказаў: спадары мае! увайдзеце ў дом раба вашага і начуйце, і ўмыйце ногі вашыя, і ўстанеце раніцай і пойдзеце ў дарогу сваю. Але яны сказалі: не, мы начуем на вуліцы.

3

Але ён моцна ўпрошваў іх; і яны пайшлі да яго і ўвайшлі ў дом ягоны. Ён зрабіў ім пачостку і сьпёк прэсны хлеб; і яны елі.

4

Яшчэ ня леглі яны спаць, як гарадзкія жыхары, Садомцы, ад маладога да старога, увесь люд зусіх канцоў горада, абступілі дом

5

і выклікалі Лота і казалі яму: дзе людзі, якія прыйшлі да цябе нанач? выведзі іх да нас; мы спазнаем іх.

6

Лот выйшаў да іх да ўваходу і замкнуў за сабою дзьверы,

7

і сказаў: братове мае, не рабеце ліхога;

8

вось, у мяне дзьве дачкі, якія не спазналі мужчыны; лепей я выведу іх да вас, рабеце зь імі, што вам заўгодна; толькі людзям гэтым не рабеце нічога, бо яны прыйшлі пад дах дома майго.

9

Але яны сказалі: ідзі сюды. І сказалі: вось, прыхадзень, а хоча судзіць? цяпер мы горш учынім з табою, чым зь імі. І яны падступіліся да чалавека гэтага, да Лота, і падышлі, каб выламаць дзьверы.

10

Тады мужы тыя працягнулі рукі свае, і ўвялі Лота да сябе ў дом, і дзьверы замкнулі;

11

а людзей, якія былі каля ўваходу ў дом, уразілі сьлепатою, ад малога да вялікага, так што яны нацярпеліся, шукаючы выхаду.

12

Сказалі мужы тыя Лоту: хто ў цябе ёсьць яшчэ тут? ці зяць, ці твае сыны, ці твае дочкі, і хто б ні быў у цябе ў горадзе, усіх выведзі з гэтага месца,

13

бо мы зьнішчым гэтае месца; бо вялікі лямант на жыхароў яго Госпаду, і Гасподзь паслаў нас зьнішчыць яго.

14

І выйшаў Лот, і гаварыў зь зяцямі сваімі, якія бралі за сябе дочак ягоных, і сказаў: устаньце, выйдзіце з гэтага месца, бо Гасподзь зьнішчыць гэты горад. Але зяцям ягоным здалося, што ён жартуе.

15

Калі ўзышла зара, анёлы пачалі прыспешваць Лота, кажучы: устань, вазьмі жонку тваю і дзьвюх дочак тваіх, якія ў цябе, каб не загінуць табе за беззаконьні горада.

16

І як што ён марудзіў, дык мужы тыя, зь літасьці да яго Гасподняй, узялі за руку яго і жонку і дзьвюх дочак ягоных, і вывелі яго, і паставілі яго па-за горадам.

17

Калі ж вывелі іх вонкі, дык адзін зь іх сказаў: ратуй душу сваю; не азірайся і нідзе ня спыняйся ў навакольлі гэтым; ратуйся на гары, каб табе не загінуць.

18

Але Лот сказаў ім: не, Валадару!

19

Вось, раб Твой здабыў упадабаньне перад вачыма Тваімі, і вялікая літасьць Твая, якую Ты ўчыніў мне, што ўратаваў жыцьцё маё; але я не магу ратавацца на гары, каб не дагнала мяне бяда і мне не памерці:

20

вось, бліжэй уцякаць у гэты горад, ён жа малы; пабягу я туды; ён жа малы; і захаваецца жыцьцё маё.

21

І сказаў яму: вось, на дагоду табе Я ўчыню і гэта: ня збуру горада, пра які ты кажаш;

22

пасьпяшайся, ратуйся там: бо Я не магу ўчыніць дзеі, пакуль ты ня прыйдзеш туды. Таму і названы горад гэты: Сігор.

23

Сонца ўзышло над зямлёю, і Лот прыйшоў у Сігор.

24

І выліў Гасподзь на Садому і Гамору дажджом серку і агонь ад Госпада зь неба,

25

і збурыў гарады гэтыя, і ўсё навакольле гэта, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расьліны зямлі.

26

А жонка Лотава за ім азірнулася і зрабілася саляным слупам.

27

І ўстаў Абрагам рана раніцай іпайшоў на месца, дзе стаяў перад абліччам Госпада;

28

і паглядзеў на Садому і Гамору і на ўсю прастору навакольля і ўбачыў: вось, дым падымаецца зь зямлі, як дым з вапельні.

29

І было, калі Бог зьнішчаў гарады навакольля гэтага, успомніў Бог пра Абрагама, і выслаў Лота спасярод зьнішчэньня, калі бурыў гарады, у якіх жыў Лот.

30

І выйшаў Лот зь Сігора, і пачаў жыць у гары, і зь ім дзьве дочкі ягоныя, бо ён баяўся жыць у Сігоры. І жыў у пячоры, і зь ім дзьве дочкі ягоныя.

31

І сказала старэйшая малодшай: бацька наш стары, і няма чалавека на зямлі, каб увайшоў да нас паводле звычаю ўсёй зямлі;

32

дык вось апоім бацьку нашага віном, і перасьпім зь ім, і адновім ад бацькі нашага племя.

33

І апаілі бацьку свайго віном у тую ноч; і ўвайшла старэйшая і спала з бацькам сваім; а ён ня ведаў, калі яна легла і калі ўстала.

34

На другі дзень старэйшая сказала малодшай: вось, я спала ўчора з бацькам маім; апоім яго віном і гэтае ночы; і ты ўвайдзі, сьпі зь ім, і адновім ад бацькі нашага племя.

35

І апаілі бацьку свайго віном і гэтае ночы; і ўвайшла малодшая і спала зь ім; і ён ня ведаў, калі яна легла і калі ўстала.

36

І зацяжарылі абедзьве дочкі Лотавыя ад бацькі всайго;

37

і нарадзіла старэйшая сына і дала яму імя: Мааў. Ён бацька Маавіцянаў дагэтуль.

38

І малодшая таксама нарадзіла сына і дала яму імя Бэн-Амі. Ён бацька Аманіцянаў дагэтуль.