Быцце 18

1

І зьявіўся яму Гасподзь каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў каля ўваходу ў намёт свой, у час дзённае сьпёкі.

2

Ён узьвёў вочы свае і зірнуў, і вось, тры мужы стаяць насупраць яго. Угледзеўшы, ён пабег насустрач ім ад уваходу ў намёт і пакланіўся да зямлі,

3

і сказаў: Валадару! калі я здабыў добрае ўпадабаньне перад вачамі Тваімі, не прайдзі міма раба Твайго;

4

і прынясуць крыху вады, і абмыюць ногі вашыя; і адпачнеце пад гэтым дрэвам,

5

а я прынясу хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя; пасьля ідзеце; як бо вы ідзяце міма раба вашага. Яны сказалі: зрабі так, як кажаш.

6

І пасьпяшаўся Абрагам у намёт да Сарры і сказаў: хутчэй замясі тры саты найлепшай мукі і зрабі праснакі.

7

І пабег Абрагам да статку, і ўзяў цялятка ласкавае і добрае, і даў хлопчыку, і той пасьпяшаўся прыгатаваць яго.

8

І ўзяў масла і малака і цялятка прыгатаванае і паставіў перад імі; а сам стаяў каля іх пад дрэвам. І яны елі.

9

І сказалі яму: дзе Сарра, жонка твая? Ён адказаў: тут, у намёце.

10

І сказаў адзін зь іх : я зноў буду ў цябе ў гэты самы час, і будзе сын у Сарры, жонкі тваёй. А Сарра слухала каля ўваходу ў намёт, за ім.

11

А Абрагам і Сарра былі старыя і ў веку сталым, і звычайнае ў жанчын у Сарры спынілася.

12

Сарра ўнутрана засьмяялася, сказаўшы: ці мне, калі я пастарэла, мець гэтую ўцеху? і гаспадар мой стары.

13

І сказаў Гасподзь Абрагаму: чаго гэта засьмяялася Сарра, сказаўшы: няўжо я сапраўды магу нарадзіць, калі я пастарэла?

14

Ці ёсьць што цяжкае Госпаду? У назначаны час буду Я ў цябе на другі год, і будзе ў Сарры сын.

15

А Сарра ня прызналася, а сказала: я не сьмяялася. Бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: не, ты сьмяялася.

16

І ўсталі тыя мужы і адтуль выправіліся да Садомы; а Абрагам пайшоў зь імі правесьці іх.

17

І сказаў Гасподзь: ці ўтою Я ад Абрагама, што хачу рабіць!

18

Ад Абрагама, праўда, пойдзе народ вялікі і моцны, і дабраславяцца ў ім усе народы зямлі,

19

бо Я выбраў яго на тое, каб ён наказаў сынам сваім і дому свайму пасьля сябе, хадзіць шляхам Гасподнім, чынячы праўду і суд; і спраўдзіць Гасподзь над Абрагамам, што сказаў пра яго.

20

І сказаў Гасподзь: лямант Садомскі і Гаморскі, вялікі ён, і грэх іхні, цяжкі ён вельмі;

21

сыду і пагляджу, ці праўда яны паводзяцца так, які лямант на іх, што ўзыходзіць да Мяне, ці не; ддаведаюся.

22

І павярнуліся мужы адтуль і пайшлі ў Садому; а Абрагам яшчэ стаяў перад абліччам Госпада.

23

І падышоў Абрагам і сказаў: няўжо ты загубіш праведнага зь бязбожным?

24

магчыма, ёсьць у гэтым горадзе пяцьдзесят праведнікаў? няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш месца гэтага дзеля пяцідзесяці праведнікаў?

25

ня можа быць, каб Ты зрабіў так, каб Ты загубіў праведнага зь бязбожным, каб тое самае было з праведнікам, што і зь бязбожнікам, ня можа быць ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ўчыніць неправасудна?

26

Гасподзь сказаў: калі Я знайду ў горадзе Садоме пяцьдзесят праведнікаў, дык я дзеля іх пашкадую ўсё месца гэта.

27

Абрагам сказаў у адказ: вось, я адважыўся казаць Валадару, я, пыл і попел:

28

можа быць, да пяцідзесяці праведнікаў ня хопіць пяці, няўжо за недахоп пяці Ты вынішчыш увесь горад? Ён сказаў: ня вынішчу, калі знайду там сорак пяць.

29

Абрагам гаварыў далей зь Ім і сказаў: можа быць, знойдзецца там сорак. Ён сказаў: не зраблю таго і дзеля сарака.

30

І сказаў Абрагам : хай ня ўгневаецца Валадар, што я буду гаварыць: можа быць, знойдзецца там трыццаць? Ён сказаў: не зраблю, калі знойдзецца там трыццаць.

31

Абрагам сказаў: вось, я адважыўся казаць Валадару: можа быць, знойдзецца там дваццаць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дваццаці.

32

Абрагам сказаў: хай ня ўгневаецца Валадар, што я скажу яшчэ адзін раз: можа быць, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дзесяці.

33

І пайшоў Гасподзь, перастаўшы гаварыць з Абрагамам: а Абрагам вярнуўся ў месца сваё.