Быцце 13

1

І падаўся Абрам зь Егіпта, сам і жонка ягоная, і ўсё, што ў яго было, і Лот зь ім, на поўдзень.

2

І быў Абрам вельмі багаты быдлам і срэбрам і золатам.

3

І прадоўжыў ён пераходы свае з поўдня да Вэтыля, да мясьціны, дзе раней быў намёт ягоны паміж Вэтылем і Гаем,

4

да месца ахвярніка, які ён зрабіў там напачатку; і там заклікаў Абрам імя Госпада.

5

І ў Лота, які хадзіў з Абрамам, таксама было дробнае і буйное быдла і намёты.

6

І не ўмяшчала іх зямля, каб жыць ім разам, бо маёмасьць іхняя была такая вялікая, што яны не маглі жыць разам.

7

І была спрэчка паміж пастухамі быдла Абрамавага і пастухамі быдла Лотавага; і Хананэі і Фэрэзэі жылі тады ў той зямлі.

8

І сказаў Абрам Лоту: хай ня будзе разладу паміж мною і табою, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, бо мы родзічы;

9

ці ня ўся зямля перад табою? аддзяліся ж ад мяне: калі ты налева, дык я направа; а калі ты направа, дык я налева.

10

Лот узьвёў вочы свае і ўбачыў усё навакольле Ярданскае, што яно, перш чым зьнішчыў Гасподзь Садому і Гамору, усё да Сігора расілася вадою, як сад Гасподні, як зямля Егіпецкая;

11

і выбраў сабе Лот усё навакольле Ярданскае; і рушыў Лот на ўсход. І аддзяліліся яны адзін ад аднаго.

12

Абрам пачаў жыць на зямлі Ханаанскай; а Лот пачаў жыць у гарадах навакольля і раскінуў намёты да Садомы.

13

А жыхары Садомскія былі ліхія і вельмі грэшныя перад Госпадам.

14

І сказаў Гасподзь Абраму, пасьля таго як Лот аддзяліўся ад яго: узьвядзі вочы твае і зь месца, на якім ты цяпер, паглядзі на поўнач і на поўдзень, і на ўсход і на захад;

15

бо ўсю зямлю, якую ты бачыш, табе дам Я і нашчадкам тваім навечна,

16

і зраблю нашчадкаў тваіх, як пясок зямны; калі хто можа палічыць пясок зямны, дык і нашчадкі твае палічаны будуць;

17

устань, прайдзі па зямлі гэтай удаўжыню і ўшырыню яе: бо Я табе дам яе.

18

І рушыў Абрам з намётам, і пайшоў, і пасяліўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хэўроне; і паставіў там ахвярнік Госпаду.