Біблія на працягу аднаго года
Верасень 26


Песнь Пясней 1:1-16
1. Найвышэйшая песьня Саламонава.
2. Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі.
3. Ад водару мазяў тваіх, імя тваё — як разьлітае міра; таму і дзяўчаты цябе кахаюць.
4. Надзь мяне! Мы пабяжым за табою; — цар мяне ўвёў у харомы свае! Радавацца і весяліцца будзем з табою; — больш за віно будзем славіць пяшчоты; цябе годнасна любяць!
5. Ерусалімскія дочкі! Чорная я, прыгажуня сабою, нібы намёты Кідара ці полагі Саламонавыя.
6. Не зважайце на смугласьць маю; гэта сонца мяне апаліла: сыны маёй маці ўгневаліся на мяне, — вінаграднікі вартаваць мне казалі, — свайго вінаградніка я не ўпільнавала.
7. Ты скажы, каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? дзе апоўдні ты адпачываеш? навошта бадзяцца мне каля статкаў сяброў тваіх?
8. Калі гэтага ты ня знаеш, найпрыгажэйшая краска-дзяўчына, дык ідзі па авечых сьлядах і пасьві свае казьляняткі каля буданоў пастушыных.
9. З кабыліцаю з фараонавай калясьніцы параўнаў я цябе, каханая.
10. Прыгожыя шчокі твае пад падвескамі, шыю тваю аздабляюць каралькі;
11. зробім табе залатыя падвескі са срэбнымі іскрамі.
12. Пакуль цар за сталом весяліўся, мой народ разьліваў пахошчы.
13. Мне мой мілы — як ладанка зь мірай; начуе ў мяне на грудзях,
14. мне мой мілы — як скрыпеню гронка ў мяне ў вінаградніках Эн-гэдзі.
15. Якая прыгожая ты, каханая! якая прыгожая ты! Твае вочы — дзьве галубіцы!
16. Які ты прыгожы, мой любы, які ты ласкавы, і ложак наш — зелень; стрэхі дамоў нашых — кедры, столі іх — кіпарысы.

Песнь Пясней 2:1-17
1. Я — раўнінны нарцыс Саронскі, я — лілея з даліны!
2. Як лілея сярод бадзякоў — каханая сярод сябровак!
3. Як яблыня сярод лясных дрэў — каханы мой сярод хлопцаў. У шатах яе люблю я сядзець, і плады зь яе рот мне салодзяць.
4. Увёў ён мяне ў дом піру, нада мной яго сьцяг — каханьне!
5. Падмацуйце мяне віном, яблыкамі асьвяжэце мяне, бо я зьнемагла ад каханьня.
6. Яго левая — пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.
7. Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!
8. Голас каханага майго! вось, ён ідзе, скача па горах, перабягае па ўзгорках, —
9. мілы падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць у нас за сьцяною, заглядваючы ў акно, мільгаціць за рашоткай.
10. Каханы мой загаварыў да мяне: устань, мая любасная, мая гожая, выйдзі!
11. Вось, і зіма адышла; дождж перастаў, мінуўся;
12. кветкамі зацьвітае зямля, час песьняў птушыных настаў, і горлінка ў нашым краі засьпявала,
13. налівае смакоўніца пупышкі, вінаградныя лозы пахнуць у квецені. Устань, мая любасная, мая гожая, выйдзі!
14. Горлінка ў горнай цясьніне, пад паветкаю скалаў! Пакажы мне свой тварык, дай мне пачуць твой галасок; бо твой голас — салодкі, бо мне тварык твой вабны!
15. Лавеце нам лісянятак і лісак лавеце, што мне вінаграднік марнуюць; а вінаграднікі ж нашыя ў цьвеце!
16. Каханы аддадзены мне, я — яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.
17. Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, пасьпяшайся назад, як сарна, мой ілы, ці як алень малады на вышынях Бэтэр.

Псалмы 103:1-9
1. Псальма Давідава пра стварэньне сьвету. Дабраславі, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой! Ты дзівосна вялікі. Ты ўбраны ў славу і ў веліч,
2. Ты ўбіраешся ў сьвятло, як у шаты, прасьціраеш нябёсы, як заслону,
3. ладзіш над водамі вышынныя харомы Твае, робіш хмары Твае калясьніцаю, крочыш на крылах ветру.
4. Ты творыш анёлаў Тваіх з духаў, слуг Тваіх — з вагню палымянага.
5. Ты паставіў зямлю на цьвёрдых асновах: не пахісьнецца яна векавечна.
6. Безданьню, як вопраткаю, накрыў Ты яе; на горах воды стаяць.
7. Ад пагрозы Тваёй уцякаюць яны, ад голасу грому Твайго пабеглі яны;
8. узыходзяць на горы, сыходзяць у даліны, на месца, якое Ты ім назначыў.
9. Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць, і ня вернуцца зямлю пакрыць.

Прытчы 24:15-16
15. Не намышляй ліха, бязбожнік, су­проць жытлішча праведнага; ня спустош­вай месца спакою ягонага.
16. Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі.

1 Карынфянаў 11:17-34
17. Але, наказваючы гэта, не хвалю вас, бо зьбіраецеся вы не на лепшае, а на горшае.
18. Бо, па-першае, чую, што, калі вы сыходзіцеся царквою, паміж вамі бывае незлагадзь, у што я крыху і веру.
19. Бо мусіць быць і разнадум’е паміж вамі, каб адкрыліся сярод вас дасьведчаныя.
20. Далей, вы зьбіраецеся так, што гэта не азначае есьці вячэру Гасподнюю;
21. бо кожны сьпяшаецца раней за другіх з’есьці сваю ежу, так што адзін бывае галодны, а іншы ўпіваецца.
22. Хіба ў вас няма дамоў на тое, каб есьці і піць? Альбо пагарджаеце царквою Божаю і прыніжаеце бедных? Што сказаць вам? пахваліць вас за гэта? Не пахвалю.
23. Бо я ад Самога Госпада прыняў тое, што і вам перадаў, што Гасподзь Ісус у тую ноч, у якую прададзены быў, узяў хлеб
24. і, падзякаваўшы, разламаў і сказаў: "прымеце, ежце, гэта ёсьць Цела Маё, за вас ламанае; гэта рабеце ў памяць пра Мяне".
25. Гэтак сама і чару пасьля вячэры, і сказаў: "гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві; гэта рабеце, калі толькі будзеце піць, у памяць пра Мяне".
26. Бо кожнага разу, як вы ясьце хлеб гэты і п’яце чару гэтую, сьмерць Гасподнюю абвяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе.
27. А таму, хто будзе есьці хлеб гэты альбо піць чару Гасподнюю нягожа, зьвінаваціцца супроць Цела і Крыві Гасподняй.
28. Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек, і такім чынам хай есьць з хлеба гэтага і п’е з чары гэтай.
29. Бо, хто есьць і п’е нягожа, той есьць і п’е асуду сабе, не разважаючы пра Цела Гасподняе.
30. Ад таго многія з вас нядужыя і хворыя, і шмат хто памірае.
31. Бо, калі б мы судзілі самі сябе, дык бы нас ня судзілі;
32. а калі бываем суджаныя, дык караемся Госпадам, каб ня быць засуджанымі разам са сьветам.
33. А таму, браты мае, зьбіраючыся на вячэру, адзін аднаго чакайце.
34. А як хто галодны, хай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. Астатняе ўладжу, калі прыйду.