Біблія на працягу аднаго года
Красавік 22


Другі Закон 25:1-19
1. Калі будзе цяжбіна паміж людзьмі, дык няхай прывядуць іх у суд і рассудзяць іх, чыя праўда, таго хай апраўдаюць, а вінаватага засудзяць;
2. і калі вінаваты варты будзе, каб яго білі, дык судзьдзя няхай загадае пакласьці яго і біць пры сабе, гледзячы на віну ягоную, на разьлік;
3. сорак удараў можна даць яму, а ня больш, каб ад многіх удараў брат твой ня быў зьнявечаны перад вачыма тваімі.
4. Ня кілзай мызу валу, калі ён малоціць.
5. Калі браты жывуць разам і адзін зь іх памрэ, ня маючы сына, дык жонка памерлага не павінна выходзіць на бок за чалавека чужога, а дзевер яе павінен увайсьці да яе і ўзяць яе сабе за жонку і жыць зь ёю,—
6. і першынец, якога яна народзіць, застанецца зь імем брата ягонага памерлага, каб імя ягонае ня згладзілася ў Ізраіле.
7. Калі ж ён не захоча ўзяць браціху сваю, дык браціха нявестка ягоная пойдзе да брамы да старэйшынаў і скажа: "дзевер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраіле, ня хоча жаніцца са мною";
8. тады старэйшыны горада ягонага павінны паклікаць яго і ўгаворваць яго, і калі ён стане і скажа: "не хачу браць яе",
9. браціха ягоная хай пойдзе да яго на вачах у старэйшынаў, і здыме бот ягоны з нагі яго, і плюне яму ў твар, і скажа: "так робяць чалавеку, які не будуе дома брату свайму";
10. і дадуць яму імя ў Ізраіле: дом разутага.
11. Калі б'юцца паміж сабою мужчыны, і жонка аднаго падыдзе, каб адабраць мужа свайго з рук таго, хто яго б'е, і, працягнуўшы руку сваю, схопіць яго за сарамату,
12. дык адсячы руку ёй: хай ня літуе вока тваё.
13. У мяху тваім не павінны быць дваякія гіры, вялікія і меншыя;
14. У доме тваім не павінна быць дваякая эфа, большая і меншая;
15. гіра ў цябе павінна быць дакладная і правільная, і эфа ў цябе павінна быць дакладная і правільная, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе;
16. бо агідны перад Госпадам, Богам тваім, кожны, хто ўчыняе крыўду.
17. Памятай, як зрабіў з табою Амалік у дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта:
18. як ён сустрэў цябе па дарозе і пабіў за табою ўсіх аслабелых, калі ты зьнямогся і стаміўся, і не пабаяўся ён Бога;
19. дык вось, калі Гасподзь, Бог твой, супакоіць цябе ад усіх ворагаў тваіх з усіх бакоў, на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, каб авалодаць ёю, сатры з памяці Амаліка з-пад неба; не забудзься.

Другі Закон 26:1-19
1. Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і авалодаеш ёю і аселішся на ёй,
2. дык вазьмі пачаткі усіх пладоў зямлі, якія ты атрымаеш ад зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, і пакладзі ў кош, і йдзі на тое месца, якое Гасподзь, Бог твой, выбера, каб было там імя Ягонае:
3. і прыйдзі да сьвятара, які будзе тымі днямі, і скажы яму; сёньня вызнаю перад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, даць якую нам Гасподзь запрысягнуўся бацькам нашым.
4. Сьвятар возьме кош з рукі тваёй і паставіць яго перад ахвярнікам Госпада, Бога твайго.
5. А ты адказвай і скажы перад Госпадам, Богам тваім: бацька мой быў вандроўны Арамэянін, і пайшоў у Егіпет і пасяліўся там зь нямногімі людзьмі, і павёўся там ад яго народ вялікі, моцны і шматлікі;
6. але Егіпцяне блага абыходзіліся з намі і ўціскалі нас і накладвалі на нас цяжкую працу;
7. і заенчылі мы да Госпада, Бога бацькоў нашых, і пачуў Гасподзь енк наш і ўбачыў гароту нашу, працу нашу і прыгнёт наш;
8. і вывеў нас Гасподзь зь Егіпта рукою моцнаю і мышцаю ўзьнесенаю, вялікім жахам, азнакамі і цудамі,
9. і прывёў нас на месца гэтае, і даў нам зямлю гэтую, зямлю, у якой цячэ малако і мёд;
10. дык вось, я прынёс пачаткі ад пладоў зямлі, якую Ты, Госпадзе, даў мне. І пастаў гэта перад Госпадам, Богам тваім, і пакланіся перад Госпадам, Богам тваім,
11. і радуйся за ўсе даброты, якія Гасподзь, Бог твой, даў табе і дому твайму, ты і лявіт і прыхадзень, які будзе ў цябе.
12. Калі ты аддзеліш усе дзесяціны пладоў зямлі тваёй на трэці год, год дзесяцін, і аддасі лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, каб яны елі ў селішчах тваіх і наядаліся,
13. тады скажы перад Госпадам, Богам тваім: я ўзяў ад дома сьвятыню і аддаў яе лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, паводле ўсіх загадаў Тваіх, якія Ты наказаў мне: я не пераступіў запаведзяў Тваіх і не забыў;
14. я ня еў ад яе ў смутку маім, і не аддзяляў яе ў нячыстасьці і не даваў зь яе дзеля мёртвага; я слухаўся голасу Госпада, Бога майго, выконваў усё, што Ты наказаў мне;
15. падзівіся са сьвятога селішча Твайго, зь нябёсаў, і дабраславі народ Твой, Ізраіле, і зямлю, якую Ты даў нам — так, як ты прысягаўся бацькам нашым даць зямлю, у якой цячэ малако і мёд.
16. У дзень гэты Гасподзь, Бог твой, наказвае табе выконваць пастановы гэтыя і законы: трымайся іх і выконвай іх ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй.
17. Госпаду сказаў ты цяпер, што Ён будзе тваім Богам, і што ты будзеш хадзіць шляхамі Ягонымі і захоўваць запаведзі Ягоныя і законы Ягоныя і слухацца голасу Ягонага;
18. і Гасподзь абяцаў табе цяпер, што ты будзеш уласным Ягоным народам, як Ён казаў табе, калі ты будзеш захоўваць усе запаведзі Яго,
19. і што Ён паставіць цябе вышэй за ўсе народы, якія Ён стварыў, у гонары, славе і велічнасьці, і што ты будзеш сьвятым народам у Госпада, Бога твайго, як Ён казаў.

Псалмы 38:6-11
6. Вось, Ты далоняю вымераў дні мае, а век мой — як нішто прад Табою. Сапраўды, поўная марнасьць — кожны жывы чалавек.
7. Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід; і марны клопат яго, зьбірае і ня ведае, каму дастанецца гэта.
8. І сёньня чаго мне чакаць, Госпадзе? надзея мая на Цябе.
9. Ад усіх беззаконьняў маіх вызвалілі мяне, не аддавай мяне на паглум неразумным.
10. Я зрабіўся нямы, не растульваю вуснаў маіх, бо Ты ўчыніў гэта.
11. Ухілі ад мяне ўразы Твае; я зьнікаю ад удару пагібельнай рукі Тваёй.

Прытчы 13:4-6
4. Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца.
5. Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе.
6. Праўда ахоўвае беззаганнага ў да­розе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў.

Лука 6:1-26
1. У суботу, першую пасьля другога дня Пасхі, давялося Яму праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя зрывалі калосьсе і елі, расьціраючы рукамі.
2. А некаторыя фарысэі сказалі ім: навошта вы робіце тое, чаго нельга рабіць у суботу?
3. Ісус ім сказаў у адказ: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім?
4. як ён увайшоў у дом Божы, узяў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому, апрача адных сьвятароў, і еў, і даў тым, што былі зь ім?
5. І сказаў ім: Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.
6. А давялося і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў сынагогу і вучыць. Там быў чалавек, у якога правая рука была сухая.
7. А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці не ацаліць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго.
8. Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў чалавеку з сухою рукою: устань і выступі на сярэдзіну. І той устаў і выступіў.
9. Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? выратаваць душу, ці загубіць? Яны маўчалі.
10. І паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму чалавеку: падай руку тваю. Той так і зрабіў: і стала рука ў яго здаровая, як другая.
11. А яны дайшлі да шаленства і раіліся паміж сабою, што б ім зрабіць зь Ісусам.
12. У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу.
13. А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:
14. Сымона, якога назваў Пятрам, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея,
15. Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам,
16. Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам.
17. І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх,
18. якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся.
19. І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх.
20. І Ён, узьвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсьць Царства Божае.
21. Дабрашчасныя галодныя сёньня, бо насыціцеся. Дабрашчасныя, хто плача сёньня, бо засьмеяцеся.
22. Дабрашчасныя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць і зьняславяць імя вашае, як ганебнае, за Сына Чалавечага.
23. Радуйцеся ў той дзень і весялецеся, бо вялікая вам узнагарода на нябёсах. Так рабілі з прарокамі бацькі іхнія.
24. Але гора вам, багатыя! бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэньне.
25. Гора вам, перанасычаныя сёньня! бо спрагнеце з голаду. Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце.
26. Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо так рабілі зь ілжывымі прарокамі бацькі іхнія.