Біблія на працягу аднаго года
Кастрычнік 22


Ісайя 53:1-12
1. Госпадзе ! хто паверыў чутаму ад нас, і каму адкрылася сіла Гасподняя?
2. Бо ён узышоў перад Ім, як атожылак і як росьцік з сухой зямлі; няма ў Ім ні выгляду, ні велічы; і мы бачылі Яго, і ня было ў Ім выгляду, які вабіў бы нас да Яго.
3. Ён быў пагарджаны і прыніжаны перад людзьмі, Муж скрухі і дасьведчаны ў хваробах, і мы адварочвалі ад Яго твар свой; Ён быў пагарджаны, і мы ані ў што ня ставілі Яго.
4. Але Ён узяў на Сябе нашыя немачы і забраў нашыя хваробы; а мы думалі, што Ён быў паранены, пакараны і зьнішчаны Богам.
5. Але Ён паранены быў за грахі нашыя і пакутаваў за беззаконьні нашыя; кара міру нашага была на Ім, і ранамі Яго мы ацаліліся.
6. Усе мы блукалі, як авечкі, зьвярнулі кожны на сваю дарогу, — і Гасподзь усклаў на Яго грахі ўсіх нас.
7. Ён катаваны быў, але цярпеў з добрай волі і не размыкаў вуснаў Сваіх; як авечку, вялі Яго на закол, і як ягня перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх.
8. Зь вязьніцы і суду Ён быў узяты; але род Ягоны хто высьветліць? бо Ён адарваны ад зямлі жывых; за злачынствы народу Майго перацерпеў сьмерць.
9. Яму выраклі магілу са зладзеямі, але Ён пахаваны ў багатага, бо ня ўчыніў грэху, і ня было маны ў вуснах Ягоных.
10. Але Госпаду заўгодна было ўтрапіць Яго цярпеньнямі, і Ён аддаў Яго на пакуты; калі ж душа Яго прынясе ахвяру ўмілажаленьня, Ён убачыць нашчадства даўгавечнае, і воля Гасподняя пасьпяхова будзе зьдзяйсьняцца рукою Ягонай.
11. На подзьвіг душы Сваёй Ён будзе глядзець з прыемнасьцю; праз спазнаньне Яго Ён, Праведнік, Раб Мой, апраўдае многіх і грахі іх на Сабе панясе.
12. Пасьля гэтага Я дам Яму долю паміж вялікімі, і з моцнымі будзе дзяліць здабычу, за тое, што аддаў душу Сваю на сьмерць, і да зладзеяў залічаны быў, тады як Ён панёс на Сабе грахі многіх і за злачынцаў зрабіўся хадайнікам.

Ісайя 54:1-17
1. Разьвесяліся, няплодная, неўрадлівая; усклікні і голасам скажы ты, якая ня мучылася родамі; бо ў пакінутай намнога болей дзяцей, чым у замужняе, кажа Гасподзь.
2. Расхіні месца намёту твайго, пашыры покрывы жытлішчаў тваіх; не саромейся, адпусьці даўжэй шнуры твае і ўцьвердзі калкі твае;
3. бо ты пашырышся направа і налева, і нашчадкі твае завалодаюць народамі і заселяць спустошаныя гарады.
4. Ня бойся, бо ня будзеш пасаромленая; не бянтэжся, бо ня будзеш у паганьбеньні: ты забудзеш ганьбу маладосьці тваёй і ня будзеш болей згадваць пра няслаўе ўдоўства твайго.
5. Бо твой Творца ёсьць муж твой; Гасподзь Саваоф — імя Яго, і Адкупнік твой — Сьвяты Ізраілеў: Богам усёй зямлі назавецца Ён.
6. Бо як жонку, пакінутую і скрушлівую духам, заклікае цябе Гасподзь, і як жонку маладосьці, якая была адкінутая, кажа Бог твой.
7. На кароткі час Я пакінуў цябе, але зь вялікаю літасьцю прыму цябе.
8. У гарачцы гневу Я схаваў ад цябе аблічча Маё на час, але вечнаю літасьцю памілую цябе, кажа Адкупнік твой Гасподзь.
9. Бо гэта Мне, як воды Ноя: як Я пакляўся, што воды Ноя ня прыйдуць больш на зямлю, як пакляўся ня гневацца на цябе і не дакараць цябе.
10. Горы скрануцца і пагоркі пахіснуцца, а літасьць Мая не адступіць ад цябе, і запавет міру Майго не пахісьнецца, кажа Гасподзь, Які спагадае табе.
11. Бедная, кіданая бураю, няўцешная! Вось, Я пакладу камяні твае на рубін і зраблю аснову тваю з сапфіраў;
12. і зраблю вокны твае з рубінаў і браму тваю — з жамчужын, і ўсю агароджу тваю — з каштоўных камянёў.
13. І ўсе сыны твае будуць навучаны Госпадам, і вялікі спакой будзе ў сыноў тваіх.
14. Ты ўмацуешся праўдаю; будзеш далёкая ад уціску, бо табе баяцца няма чаго, і ад жудасьці, бо ён не наблізіцца да цябе.
15. Вось, будуць узбройвацца супроць цябе, але не ад Мяне; хто б ні ўзброіўся супроць цябе, — загіне.
16. Вось, Я стварыў каваля, які разьдзімае жар у агні і робіць прыладу для сваёй працы, — і Я ствараю згубцу на вынішчэньне.
17. Ніякая зброя, зробленая на цябе, ня дасьць посьпеху; і кожны язык, які будзе спаборнічаць з табою на судзе, ты зьвінаваціш. Гэта спадчына рабоў Госпада, апраўданьне іх ад Мяне, кажа Гасподзь.

Псалмы 112:1-4
1. Алілуя. Хвалеце, рабы Гасподнія, хвалеце імя Гасподняе.
2. Хай будзе імя Гасподняе дабраславёна ад сёньня і навечна,
3. ад усходу сонца да захаду хай будзе праслаўлена імя Гасподняе;
4. Высокі над усімі народамі Гасподзь; над нябёсамі слава Ягоная.

Прытчы 26:17-19
17. Хапае сабаку за вушы той, хто, праходзячы міма, лезе ў чужую спрэчку.
18. Як той, хто прыкідваецца вар’ятам, кідае агонь, стрэлы і сьмерць,
19. так — чалавек, які падступна шкодзіць сябру свайму і потым кажа: "я толькі пажартаваў".

Эфесянаў 3:1-21
1. Вось дзеля гэтага я, Павал, стаўся вязьнем Ісуса Хрыста за вас, язычнікаў.
2. Бо вы, пэўна, чулі пра служэньне мілаты Божай, дадзенай мне для вас,
3. таму што мне праз адкрыцьцё абвешчана таямніца, — пра што я і вышэй коратка пісаў, -
4. дык вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменьне таямніцы Хрыстовай,
5. якая ня была абвешчана ранейшым пакаленьням сыноў чалавечых, як сёньня адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа (Сьвятога),
6. каб і язычнікі былі супольнымі спадчыньнікамі, што складаюць адно цела, і саўдзельнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце Ісусе праз зьвеставаньне,
7. слугою якога зрабіўся я пасьля дараваньня мілаты Божай, дадзенай мне дзеяньнем сілы Ягонай.
8. Мне, самаму найменшаму з усіх сьвятых, дадзена мілата гэтая — зьвеставаць язычнікам недасьледнае багацьце Хрыстовае
9. і адкрыць усім, што ёсьць зьдзяйсьненьне таямніцы, схаванай ад вечнасьці ў Богу, Які стварыў усё Ісусам Хрыстом,
10. каб цяпер была вядомая праз Царкву начальству і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасьць Божая,
11. паводле спрадвечнага вызначэньня, якое Ён учыніў у Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым,
12. у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ празь веру ў Яго.
13. А таму прашу (вас) не маркоціцца духам ад маіх дзеля вас журботаў, бо яны — ваша слава.
14. Дзеля гэтага схіляю калені мае прад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15. ад Якога мае найменьне ўсякая айчыннасьць на нябёсах і на зямлі,
16. хай дасьць вам, па багацьці славы Сваёй, моцна ўцьвердзіцца Духам Ягоным ва ўнутраным чалавеку,
17. каб Хрыстос вераю ўсяліўся ў сэрцы вашыя,
18. каб вы, укарэненыя і ўцьверджаныя ў любові, маглі спасьцігнуць з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, і глыбіня і вышыня,
19. і ўразумець вышэйшую за ўразуменьне любоў Хрыстовую, каб вам напоўніцца ўсёю поўніцаю Божаю.
20. А Таму, Хто сілаю, якая дзее ў нас, можа зрабіць непараўнана болей за ўсё, чаго мы просім, альбо пра што думаем,
21. Таму слава ў Царкве ў Хрысьце ва ўсе роды, ад веку да веку. Амін.