Біблія на працягу аднаго года
Чэрвень 19


1 Цароў 11:1-43
1. І пакахаў цар Саламон многіх чужаземных жанчын, апрача дачкі фараонавай, Маавіцянак, Аманіцянак, Ідумэянак, Сіданянак, Хэтэянак,
2. з тых народаў, пра якіх Гасподзь сказаў сынам Ізраілевым: не ўваходзьце да іх, і яны хай не ўваходзяць да вас, каб яны ня схілілі сэрца вашага да сваіх багоў. Да іх прыляпіўся Саламон каханьнем.
3. І было ў яго сямсот жонак і трыста наложніц; і разбэсьцілі жонкі сэрца ягонае.
4. У час старасьці Саламона жонкі яго схілілі сэрца ягонае да іншых багоў, і сэрца ягонае ня было цалкам адданае Госпаду Богу свайму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.
5. І пачаў Саламон служыць Астарце, божышчу Сідонскаму, і Мілхому, мярзоце Аманіцкай.
6. І рабіў Саламон благое перад вачыма Госпада і не належна ішоў за Госпадам, як Давід, бацька ягоны.
7. Тады пабудаваў Саламон капішча Хамосу, мярзоце Маавіцкай, на гары, якая перад Ерусалімам, і Малоху, мярзоце Аманіцкай.
8. Так зрабіў ён усім сваім чужаземным жонкам, якія кадзілі і прыносілі ахвяры сваім багам.
9. І разгневаўся Гасподзь на Саламона за тое, што ён ухіліў сэрца сваё ад Госпада Бога Ізраілевага, Які два разы зьяўляўся яму
10. і наказаў яму, каб ён ня йшоў за іншымі багамі; але ён ня выканаў таго, што наказаў яму Гасподзь.
11. І сказаў Гасподзь Саламону: за тое, што так у цябе робіцца, і ты не захаваў запавету Майго і пастановаў Маіх, якія Я наказаў табе, Я адбяру ў цябе царства і аддам яго рабу твайму;
12. але ў дні твае Я не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго: з рукі сына твайго адбяру яго;
13. і ня ўсё царства адбяру: адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда, раба Майго, і дзеля Ерусаліма, які Я выбраў.
14. І падняў Гасподзь праціўніка на Саламона, Адэра Ідумэяніна, з царскага Ідумэйскага роду.
15. Калі Давід быў у Ідумэі, і ваеначальнік Ёаў прыйшоў дзеля пахаваньня забітых і пабіў увесь мужчынскі пол у Ідумэі,—
16. бо шэсьць месяцаў пражыў там Ёаў і ўсе Ізраільцяне, пакуль ня вынішчылі ўсяго мужчынскага полу ў Ідумэі,—
17. тады гэты Адэр уцёк у Егіпет і зь ім некалькі Ідумэянаў, якія служылі пры бацьку ягоным; Адэр быў тады малым дзіцём.
18. Выправіўшыся з Мадыяма, яны прыйшлі ў Фаран і ўзялі з сабою людзей з Фарана і прыйшлі ў Егіпет да фараона — цара Егіпецкага. Адэр ўвайшоў да фараона, і ён даў яму дом, і назначыў яму ўтрыманьне, і даў яму зямлю.
19. Адэр здабыў у фараона вялікую міласьць, так што ён даў яму за жонку сястру сваёй жонкі, сястру царыцы Тахпэнэсы.
20. І нарадзіла яму сястра Тахпенэсы сына Генувата. Тахпэнэса выхоўвала яго ў доме фараонавым; і жыў Генуват у доме фараонавым разам з сынамі фараонавымі.
21. Калі Адэр дачуўся, што Давід спачыў з бацькамі сваімі і што ваеначальнік Ёаў памёр, дык сказаў фараону: адпусьці мяне, я пайду ў сваю зямлю.
22. І сказаў яму фараон: хіба ты маеш патрэбу ў чым-небудзь у мяне, што хочаш ісьці ў сваю зямлю? Ён адказваў: не, але адпусьці мяне.
23. І падняў Бог супроць Саламона яшчэ праціўніка — Разона, сына Эліяды, які ўцёк ад гаспадара свайго Адраазара, цара Суўскага,
24. і, сабраўшы вакол сябе людзей, зрабіўся начальнікам шайкі, пасьля таго, як Давід разьбіў Адраазара; і пайшлі яны ў Дамаск, і ўсяліліся там, і валадарылі ў Дамаску.
25. І быў ён праціўнікам Ізраіля ва ўсе дні Саламона. Акрамя ліха, учыненага Адэрам, ён заўсёды шкодзіў Ізраілю і зрабіўся царом Сірыі.
26. І Ераваам, сын Наватаў, Яфрэмлянін з Царэды, — імя маці ягонай удавы — Цэруа,— раб Саламонаў, падняў руку на цара.
27. І вось прычына, чаму ён падняў руку на цара: Саламон будаваў Міло, рамантаваў пашкоджаньні ў горадзе Давіда, бацькі свайго.
28. Ераваам быў чалавек мужны. Саламон, заўважыўшы, што гэты малады чалавек умее рабіць справу, паставіў яго наглядчыкам над аброчнымі з дома Язэпавага.
29. У той час здарылася Еравааму выйсьці зь Ерусаліма; і сустрэў яго на дарозе прарок Ахія Сіламлянін, і на ім была новая вопратка. У полі іх было толькі двое.
30. І ўзяў Ахія новую вопратку, якая была на ім, разадраў яе на дванаццаць частак,
31. і сказаў Еравааму: вазьмі сабе дзесяць частак, бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: вось, Я адбіраю царства з рукі Саламонавай і даю табе дзесяць каленаў,
32. а адно калена застанецца за ім дзеля раба Майго Давіда і дзеля горада Ерусаліма, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых.
33. Гэта за тое, што яны пакінулі Мяне і пачалі пакланяцца Астарце, божышчу Сідонскаму, і Хамосу, богу Маавіцкаму, і Мілхому, богу Аманіцкаму, і не пайшлі шляхамі Маімі, каб рабіць добрае прад вачамі Маімі і захоўваць пастановы Мае, падобна Давіду, бацьку ягонаму.
34. Я не бяру ўсяго царства з рукі яго, але Я пакідаю яго ўладаром на ўсе дні жыцьця ягонага дзеля Давіда, раба Майго, якога Я выбраў, які трымаўся наказаў Маіх і пастановаў Маіх;
35. а вазьму царства з рукі сына ягонага і дам табе зь яго дзесяць каленаў;
36. а сыну ягонаму дам адно калена, каб заставалася сьвяцільня Давіда, раба Майго, ва ўсе дні перад абліччам Маім, у горадзе Ерусаліме, які Я выбраў Сабе дзеля імя Майго.
37. Цябе Я выбіраю, і ты будзеш валадарыць над усім, чаго запрагне душа твая, і будзеш царом над Ізраілем;
38. і калі будзеш захоўваць усё, што Я наказваю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі і рабіць спадобнае перад вачыма Маімі, захоўваючы пастановы Мае і запаведзі Мае, як рабіў раб Мой Давід, дык Я буду з табою і зладжу табе дом моцны, як Я зладзіў Давіду, і аддам табе Ізраіля;
39. і ўпакору Я род Давідаў за гэта, але не на ўсе дні.
40. А Саламон хацеў сьмерці Ераваама; але Ераваам устаў і ўцёк у Егіпет да Сусакіма, цара Егіпецкага, і жыў у Егіпце да сьмерці Саламонавай.
41. Астатнія падзеі Саламонавыя і ўсё, што ён рабіў, і мудрасьць ягоная апісаны ў кнізе дзеяў Саламонавых.
42. Часу цараваньня Саламонавага ў Ерусаліме над усім Ізраілем было сорак гадоў.
43. І спачыў Саламон з бацькамі сваімі і пахаваны быў у горадзе Давіда, бацькі свайго, і зацараваў замест яго сын ягоны Раваам.

1 Цароў 12:1-33
1. І пайшоў Раваам у Сіхем, бо ў Сіхем прыйшлі ўсе Ізраільцяне, каб узьвесьці яго ў цара.
2. І дачуўся пра тое Ераваам, сын Наватаў, калі быў яшчэ ў Егіпце, куды ўцёк ад цара Саламона, і вярнуўся Ераваам зь Егіпта;
3. і паслалі па яго і паклікалі яго. Тады Ераваам і ўвесь збор Ізраільцянаў прыйшлі і казалі Равааму і сказалі:
4. бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нам жорсткую працу бацькі твайго і цяжкае ярмо, якое ён наклаў на нас, і тады мы будзем служыць табе.
5. І сказаў ён ім: ідзеце і праз тры дні зноў прыйдзеце да мяне. І пайшоў народ.
6. Цар Раваам раіўся са старцамі, якія стаялі перад Саламонам, бацькам ягоным, пры жыцьці яго, і казаў: як параіце вы мне адказваць гэтаму народу?
7. Яны казалі яму і сказалі: калі ты на гэты дзень будзеш слугою народу гэтаму і саслужыш яму, і дагодзіш ім, і будзеш гаварыць зь ім ласкава, дык яны будуць тваімі рабамі на ўсе дні.
8. Але ён пагардзіў парадай старцаў, што яны раілі яму, і раіўся з маладымі людзьмі, якія вырасьлі разам зь ім і якія стаялі перад ім,
9. і сказаў ім: што вы параіце мне адказваць народу гэтаму, які гаварыў мне і сказаў: паслабі ярмо, якое наклаў на нас бацька твой?
10. І казалі яму маладыя людзі, якія вырасьлі разам зь ім, і сказалі: так скажы народу гэтаму, які гаварыў табе і сказаў: "бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нас"; так скажы ім: мой мезенец таўсьцейшы за сцёгны бацькі майго;
11. дык вось, калі бацька мой абцяжарваў вас цяжкім ярмом, дык я павялічу ярмо ваша; бацька мой караў вас бічамі, а я буду караць вас скарпіёнамі.
12. Ераваам і ўвесь народ прыйшлі да Раваама на трэці дзень, як загадаў цар, сказаўшы: прыйдзеце да мяне на трэці дзень.
13. І адказаў цар народу сурова і пагардзіў парадай старцаў, што яны раілі яму;
14. і гаварыў ён паводле парады маладых людзей і сказаў: бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я павялічу ярмо ваша; бацька мой караў вас бічамі, а я буду караць вас скарпіёнамі.
15. І не паслухаўся цар народу, бо так наканавана было Госпадам, каб спраўдзілася слова Ягонае, якое прамовіў Гасподзь праз Ахію Сіламяніна Еравааму, сыну Наватаваму.
16. І ўбачылі Ізраільцяне, што цар не паслухаўся іх. І адказаў народ цару і сказаў: якая нам доля ў Давідзе? няма нам долі ў сыне Есэевым; па намётах сваіх, Ізраіле! цяпер ведай свой дом, Давідзе! І разышоўся Ізраіль па намётах сваіх.
17. Толькі над сынамі Ізраілевымі, якія жылі ў гарадах Юдавых, валадарыў Раваам.
18. І паслаў цар Раваам Аданірама, начальніка над падаткамі; але ўсе Ізраільцяне закідалі яго камянямі, і ён памёр; а цар Раваам пасьпешна ўзышоў на калясьніцу, каб зьбегчы ў Ерусалім.
19. І адкалоўся Ізраіль ад дома Давідавага да гэтага дня.
20. Калі пачулі ўсе Ізраільцяне, што Ераваам вярнуўся, дык паслалі і паклікалі яго на збор і паставілі царом яго над усімі Ізраільцянамі. За домам Давідавым не засталося нікога, апрача калена Юдавага і Веньямінавага.
21. Раваам, прыбыўшы ў Ерусалім, сабраў з усяго дома Юдавага і з калена Веньямінавага сто восемдзесят тысяч адборных воінаў, каб ваяваць з домам Ізраілевым дзеля таго, каб вярнуць царства Равааму, сыну Саламонаваму.
22. І было слова Божае Самэю, чалавеку Божаму, і сказана:
23. скажы Равааму, сыну Саламонаваму, цару Юдэйскаму, і ўсяму дому Юдаваму і Веньямінаваму і астатняму народу:
24. так кажа Гасподзь: не хадзеце і не пачынайце вайны з братамі вашымі, сынамі Ізраілевымі; вярнецеся кожны ў дом свой, бо ад Мяне гэта было. І паслухаліся яны слова Гасподняга і пайшлі назад па слове Гасподнім.
25. І забудаваў Ераваам Сіхем на гары Яфрэмавай і пасяліўся ў ім; адтуль пайшоў і пабудаваў Пенуіл.
26. І казаў Ераваам у сэрцы сваім: царства можа зноў перайсьці да дома Давідавага;
27. калі народ гэты будзе хадзіць у Ерусалім дзеля ахвяраваньня ў доме Гасподнім, дык сэрца народу гэтага павернецца да гаспадара свайго, да Раваама, цара Юдэйскага, і заб'юць яны мяне і вернуцца да Раваама, цара Юдэйскага.
28. І параіўшыся цар зрабіў двух залатых цялят і сказаў: ня трэба вам хадзіць у Ерусалім; вось багі твае, Ізраіль, якія вывелі цябе зь зямлі Егіпецкай.
29. І паставіў аднаго ў Вэтылі, а другога ў Дане.
30. І павяло гэта да грэху, бо народ пачаў хадзіць да аднаго зь іх, нават у Дан.
31. І пабудаваў ён капішча на вышыні і паставіў з народу сьвятароў, якія ня былі з сыноў Лявііных.
32. І ўстанавіў Ераваам сьвята ў восьмы месяц, у пятнаццаты дзень месяца, падобнае на тое сьвята, якое было ў Юдэі, і прыносіў ахвяры на ахвярніку; тое самае ён зрабіў у Вэтылі, каб прыносіць ахвяру цялятам, якіх зрабіў. І паставіў у Вэтылі сьвятароў вышыняў, якія зладзіў,
33. і прынёс ахвяры на ахвярніку, які ён зрабіў у Вэтылі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, месяца, які ён адвольна назначыў; і ўстанавіў сьвята сынам Ізраілевым, і падышоў да ахвярніка, каб учыніць дымленьне.

Псалмы 68:5-15
5. Тых, што ненавідзяць мяне бязь віны, болей, чым валос на маёй галаве: ворагі мае, што бязьвінна мяне перасьледуюць, набраліся сілы; чаго я не адбіраў, тое мушу аддаць.
6. Божа! Ты ведаеш дурасьць маю, і грахі мае ад Цябе не схаваны.
7. Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе, Божа сілы. Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што шукаюць Цябе, Божа Ізраілеў;
8. бо дзеля Цябе я цярплю зьнявагу, і ганьбаю пакрываюць аблічча маё.
9. Счужынеў я братам маім, чужынцам зрабіўся сынам маці маёй,
10. бо клопат па доме Тваім пажырае мяне, і ліхаслоўе тых, што Цябе ліхасловяць, падае на мяне,
11. і постам выплакаў я душу маю, і гэта робяць зьнявагаю мне.
12. І замест вопраткі я на сябе нацягнуў валасяніцу — і раблюся ім прытчаю;
13. і пра мяне балабоняць, седзячы каля брамы, і сьпяваюць у песьнях тыя, што п'юць віно.
14. А я з малітвай маёю да Цябе, Госпадзе; у час добрай зычлівасьці, Божа, па вялікай даброці Тваёй, пачуй мяне ў праўдзе ратунку Твайго;
15. дастань мяне з багавіньня, каб не загразнуў я: хай я вызвалюся ад ненавісьнікаў маіх і ад глыбокіх водаў;

Прытчы 17:20-22
20. Падступнае сэрца ня знойдзе дабра, і падступны язык упадае ў бяду.
21. Калі нарадзіў хто немысьля — сабе на гора, і бацька немысьля не пара­дуецца.
22. Вясёлае сэрца ацаляе, а пануры дух сушыць косьці.

Йоан 12:1-26
1. За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
2. Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа служыла, а Лазар быў адзін з тых, хто ляжаў зь Ім.
3. А Марыя, узяўшы фунт каштоўнага чысьцюткага нардавага міра, памазала ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яму; і дом напоўніўся пахошчамі міра.
4. Тады адзін вучань Ягоны, Юда Сымонаў Іскарыёт, які хацеў выдаць Яго, сказаў:
5. Чаму б не прадаць гэтае міра за трыста дынараў і не раздаць убогім?
6. А сказаў ён гэта не таму, каб парупець за ўбогіх, а таму, што быў злодзей: ён меў пры сабе скарбонку, і насіў, што туды апускалі.
7. А Ісус сказаў: пакіньце яе; яна зьберагла гэта на дзень пахаваньня Майго;
8. убогіх бо заўсёды маеце з сабою, а Мяне — не заўсёды.
9. Многія Юдэі даведаліся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, а каб пабачыць і Лазара, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
10. А першасьвятары вырашылі забіць і Лазара,
11. бо празь яго многія Юдэі прыходзілі і веравалі ў Ісуса.
12. На другі дзень мноства людзей, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім,
13. узялі пальмавыя галінкі, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!
14. А Ісус, знайшоўшы малое асьляня, сеў на яго, як напісана:
15. "ня бойся, дачка Сыёнавая! вось, Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьляняці".
16. Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага; але, калі праславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што так было пра Яго напісана, і гэта зрабілі Яму.
17. Людзі, якія былі зь ім раней, сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых;
18. таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд.
19. А фарысэі гаварылі паміж сабою: ці ж ня бачыце, што не пасьпяваеце анічога? увесь сьвет ідзе за Ім.
20. Сярод тых, што прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі некаторыя Эліны;
21. яны падышлі да Піліпа, які быў зь Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: спадару! нам хочацца бачыць Ісуса.
22. Піліп ідзе і кажа пра тое Андрэю; і потым Андрэй і Піліп кажуць пра тое Ісусу.
23. А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму:
24. Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плоду.
25. Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў сьвеце гэтым, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
26. Хто Мне служыць, Мне няхай сьледуе, і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўпачцівіць Айцец Мой.